Top.Mail.Ru

Пра што раскажа часопіс «Алеся» ў красавіку?

«Выконваць задачы нароўні з мужчынамі»


Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава — адна з тых, хто прывык знаходзіцца пад пільнай увагай СМІ і грамадства і ў любы час выглядаць прэзентабельна. З адной з самых эфектных жанчын беларускай палітыкі «Алеся» вядзе гутарку на «жаночыя тэмы»: пра тое, ці лёгка прадстаўніцы прыгожага полу ў «мужчынскім свеце» людзей у пагонах, пра выхаванне дзяцей, падзел хатніх абавязкаў і пра іншае. 

— У любой сферы жанчына можа быць прафесіяналам, і ёй не трэба гэта даказваць. Гэта можна ўбачыць. Нават калі побач служаць у асноўным мужчыны. Большую частку жыцця я служыла ў органах унутраных спраў, і для мяне было прынцыпова выконваць задачы нароўні з мужчынамі, — падзялілася галоўны ідэолаг сталіцы. 

Дарэчы, сярод найважнейшых жаночых якасцей Вольга Чамаданава называе самадысцыпліну. 

Жаночыя абліччы подзвігу

«Алеся» працягвае праект «Перамога ў нашых сэрцах» і расказвае пра жанчын, чые подзвігі назаўсёды засталіся ў памяці нашчадкаў. Снайперы, танкісты, разведчыцы, радысткі, лётчыцы, санінструктары і медыцынскія сёстры — па розных ацэнках, у Чырвоную Армію было прызвана каля 1 мільёна прадстаўніц прыгожага полу. За мужнасць і гераізм у Вялікай Айчыннай вайне 95 жанчын былі ўдастоены звання Герой Савецкага Саюза, дзве трэці — пасмяротна. 

У красавіцкім нумары вы прачытаеце, якія гераічныя ўчынкі здзейснілі ўдзельніца абароны Усходняга форта Брэсцкай крэпасці медсястра 95-га медыка-санітарнага батальёна Раіса Абакумава, санітарка 849-га стралковага палка 303-й стралковай дывізіі легендарная Зінаіда Тусналобава, штурман самалёта знакамітага 46-га гвардзейскага Таманскага начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка Галіна Дакутовіч. 

«Быць мамай — крута!» 

Больш года пад эгідай Беларускага саюза жанчын, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі Беларусі працягваецца акцыя з такой назвай. Чаму сучасныя дзяўчаты часам баяцца нараджаць? Ці хочуць яны замуж? І чаму ініцыятары гэтага праекта вырашылі пайсці і ў «мужчынскія» ВНУ? Адказы на гэтыя пытанні — у гутарцы «Алесі» з намеснікам дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, намеснікам старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын» Інай Салдаценка

— Калі жанчына кажа: «Я абрала кар’еру, а не дзяцей», то, на маю думку, яна апраўдвае ўласную слабасць. Шмат паспяховых жанчын выдатна сумяшчаюць прафесію і мацярынства, — адзначае Іна Салдаценка. І прыводзіць прыклады жанчын-прафесіяналаў, якія зведалі шчасце быць маці. 

«Міс Мінск — 2025»: яркія моманты фіналу

З красавіцкага нумара часопіса вы даведаецеся, чым сёлета парадаваў фінал конкурсу прыгажосці «Міс Мінск — 2025». І, вядома, пазнаёміцеся з уладальніцай тытулу «Міс Мінск». Васямнаццацігадовая Кацярына Трыкоза вучыцца ў БДУКМ на рэжысёра, у вольны час займаецца плаваннем, гімнастыкай, адзінаборствамі і танцамі, развіваецца ў сферы акцёрскага мастацтва. 

— У будучым хачу прыняць удзел у кастынгу конкурсу «Міс Беларусь», — падзялілася планамі «Міс Мінск — 2025». 

Акрамя галоўнага тытулу, Кацярына атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Міс глядацкіх сімпатый».

Перавагі паўночнага шоўку

На думку этнографаў, менавіта культура вырошчвання лёну шмат у чым сфарміравала беларускую ментальнасць: упартасць і адказнасць, уменне «трымаць удар» і дабівацца мэты. Стварэнне тканіны з лёну — найскладанейшы тэхналагічны працэс, у дасканаласці асвоены на Аршанскім льнокамбінаце. Пра перавагі адзення з беларускага лёну, які высока ацэньваюць у еўрапейскіх краінах, расказвае намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Сяргей Сідзін:

— Ільняная тканіна паветрапранікальная і гіграскапічная, мае антысептычныя ўласцівасці і ўзначальвае спіс найбольш спрыяльных для здароўя чалавека матэрыялаў.

Якую «нефарматную» калекцыю льнянога адзення стварылі ў Оршы? Пра гэта — у матэрыяле часопіса.

Усе фарбы вясны 

У другім вясновым месяцы прырода абуджаецца, і асабліва хочацца выглядаць прывабнай. 

Сумесны праект «Алесі» і Нацыянальнай школы прыгажосці з нумара ў нумар будзе расказваць пра найбольш трэндавыя прыёмы макіяжу, якія можна паўтарыць у хатніх умовах. У красавіцкім нумары — стварэнне актуальнага макіяжу вясновага сезона — 2025 з «пакрокавай інструкцыяй» ад візажыста Нацыянальнай школы прыгажосці Дзіяны Дамарад. Вы таксама даведаецеся, як даглядаць скуру твару ў вясновы перыяд.

Сучаснай жанчыне не абысціся без спартзалы. Тых, хто да пляжнага сезона жадае пазбавіцца ад лішняй вагі без стомных дыет і перагрузак, зацікавяць парады фітнес-трэнера.

Што такое сучасная жаноцкасць? Якія тканіны, сілуэты і колеры дапамогуць стаць захапляльнай? Якія мадэлі сумак у трэндзе? Пра гэтыя і іншыя модныя тэндэнцыі вы таксама прачытаеце на старонках красавіцкага нумара. 

А з рубрыкі «Мужчынскі погляд» даведаецеся аб трэндах жаночай моды, якія з пункту гледжання моцнага полу з’яўляюцца спрэчнымі, а некаторыя зусім не падабаюцца мужчынам.

Псіхалогія, кулінарыя і не толькі 

Псіхолагі ў красавіцкім нумары раскажуць, як не стаць ахвярай эмацыйнага выгарання, як сямейнай пары прайсці праз усе выпрабаванні шлюбу і пазбегнуць разводу. 

У рубрыцы «На кухні» — рэцэпт велікоднага куліча ад кіраўніка Гільдыі повараў Беларусі Аляксандра Чыкілеўскага.

А тыя, хто любіць ствараць прыгажосць на сваім дачным участку, даведаюцца, як правільна пасадзіць ружы і даглядаць іх. 

І гэта яшчэ не ўсе цікавосткі красавіцкага нумара!

Заставайцеся з «Алесяй»!

Алена ВАЛЕР’ЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю