Top.Mail.Ru

Пра што раскажа «Алеся» ў жніўні?

Сакрэты жаночага шчасця, сям’я і дзеці, здароўе і мода.


Валянціна Міхасенка: «Ключ да шчасця ёсць у кожнага» 

Валянціна Міхасенка ўваходзіць у лік найбольш паспяховых прадпрымальнікаў сталіцы ў сферы малога бізнесу. Стваральніца аднаго з найстарэйшых на сённяшні дзень агенцтваў нерухомасці ў Беларусі расказала, як выстаяць у жыццёвых бурах і чаму за няўдачы варта дзякаваць лёсу.

Валянціна Міхасенка.jpg

— Ключы ад жаночага шчасця (і матэрыяльнага дастатку, як аднаго з яго складнікаў) знаходзяцца ўнутры жанчыны, у яе душы і ладзе думак. І запаветныя дзверы адчыняюцца не вонкі, а ўнутр. Толькі калі становішся «шчаслівай і багатай» унутры, прыходзіш у гэты стан у сваёй душы, у навакольным свеце цябе знаходзяць і «прынц», і дастатак, — падзялілася сваім рэцэптам шчаслівага жыцця Валянціна Міхасенка.

Гераіні вогненных гадоў 

Гартаючы архіўныя нумары часопіса, адчуваеш подых гісторыі. Бачыш, як мінаюць дзесяцігоддзі, радзеюць шэрагі тых, хто каваў Перамогу. Нашым папярэднікам — журналістам «Работніцы і сялянкі», а пазней «Алесі» — выпала ўнікальная магчымасць: сустракацца, размаўляць з легендарнымі жанчынамі-патрыёткамі, чые імёны ведала ўся краіна. Разам з імі адзначаць юбілеі вызвалення Беларусі ад фашызму. Карпатліва збіраць факты пра тых, хто не вярнуўся з вайны. Разам з «Алесяй» у рамках праекта «Перамога ў нашых сэрцах» згадваем, пра што пісаў жаночы часопіс у гады юбілеяў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Як жыве беларуска-армянская сям’я Дайнека? 

Пра гэта вы прачытаеце ў матэрыяле журналіста «Алесі». Сям’я Аруцюнян прыехала ў Беларусь пасля Спітакскага землятрусу 1988 года, каб знайсці ў нашай краіне новае месца жыхарства. Жыццё наладзілася, пабудавалі дом, вырасцілі дзяцей. А ў 2007 годзе дачка сужэнцаў Аруцюнян Вера выйшла замуж за беларуса Мікалая Дайнеку. Так у Залессі Дзяржынскага раёна з’явілася беларуска-армянская сям’я. Сёння Мікалай і Вера Дайнекі маюць утульны дом з вялікай кухняй, агарод, сад і лічаць: іх дзеці, жывучы ў Беларусі, павінны ведаць мову, гісторыю, культуру і мамінай радзімы. І самі дзеці — Нэлі, Арцём і Абрам задаволеныя, што ў іх столькі сваякоў і сяброў: беларусаў і армян. 

Сям'я Дайнека.JPG

Пра што варта ведаць, усынаўляючы дзіця

Неад’емнае права на бацькоўскую любоў і клопат ёсць у кожнага дзіцяці. А калі склалася так, што маленькі чалавек пазбаўлены бацькоўскай любові? На дапамогу можа прыйсці ўсынаўленне. Аднак гэта вельмі сур’ёзны крок. Як падрыхтавацца да ўсынаўлення, пра што падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы, «Алеся» спытала ў дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Таццяны Бялевіч. 

— Пакуль вы не разберацеся ў сваіх праблемах, пабудаваць паўнавартасную сям’ю, дзе шчаслівыя і бацькі, і дзіця, не атрымаецца, — папярэджвае Таццяна Бялевіч. — Правільны матыў усынаўлення — жаданне дарыць цяпло душы, любоў і клопат, нягледзячы ні на што. І, на шчасце, гэта самы распаўсюджаны матыў людзей, якія звяртаюцца да нас.

Псіхалогія, летняе харчаванне, модныя трэнды

У жнівеньскім нумары чытайце таксама пра тое, ці варта ўлетку пераходзіць на харчаванне садавіной, што такое зайздрасць і як накіраваць яе ў канструктыўнае рэчышча, якім жанчынам дастаюцца сапраўдныя мужчыны і чаго ні ў якім разе нельга рабіць для свайго выбранніка. Часопіс распавядзе пра школьнае адзенне ў новым навучальным годзе, параіць, як сучасна і элегантна выглядаць жанчынам ва ўзросце 50+ і як адпавядаць у адзенні гарачым трэндам гэтай восені. 

Алеся-8_2025-обл.jpg

Заставайцеся з «Алесяй»! З намі цікава!

Алена Валер’ева

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю