У новым выпуску часопіса вас чакае шмат цікавай і карыснай інфармацыі
Алена Даміева: «Заставайцеся на яркім баку жыцця!»
— Інфармацыйны выбар зараз велізарны, але перш за ўсё кожны з нас цікавіцца, што адбываецца там, дзе ён жыве. А першы рэгіён — гэта і ёсць наш агульны дом, — упэўнена кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Брэст», адна з самых вядомых жанчын «першага рэгіёна» Алена Даміева.
Шмат гадоў адпрацаваўшы «ў кадры», яна і сёння працягвае ствараць уласныя праекты. Аб «рэцэпце» цікавага тэлепраекта і «сакрэтным інгрэдыенце» бацькоўскага поспеху ў выхаванні дзяцей і паразмаўлялі з Аленай Даміевай.
Строга па прызначэнні
Сучасным людзям складана абысціся без лекаў. І ўсё ж вельмі важна прымяняць іх толькі ў выпадку неабходнасці.
Нерацыянальнае ўжыванне якіх прэпаратаў выклікае сёння трывогу ў спецыялістаў? Да каго трэба звяртацца, калі прыём лекаў не прыносіць выніку? Ці эфектыўныя джэнерыкі? Ці заўсёды старыя прэпараты трэба замяняць новымі? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваем з галоўным пазаштатным клінічным фармаколагам камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, урачом-клінічным фармаколагам ГДКБ № 3 Ірынай Тарасюк.
«На ўроках павінна быць месца дыскусіі»
У гэтым упэўнены выкладчык геаграфіі сталічнай гімназіі № 39 Філіп Шыдлоўскі. Ён — прадстаўнік вялікай педагагічнай дынастыі, агульны прафесійны стаж якой налічвае звыш 500 гадоў. Сваім поглядам на сучасную школу, мужчын у ёй, вучняў і бацькоў Філіп Шыдлоўскі падзяліўся з чытачамі часопіса.
Эфект дабрыні
Працу такіх людзей, як Алена Смольская можна не заўважаць у штодзённым кругавароце і мітусні. Але для многіх нашых суайчыннікаў яны — як сонца ў халодныя, непагодлівыя дні.
Расказваем пра будні і святы з жыцця жанчыны года-2024 у намінацыі «Сэрца аддаю людзям», сацработніка аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН Савецкага раёна Мінска Алены Смольскай, якая вось ужо чвэрць стагоддзя штодня мае справу з пажылымі людзьмі.
Непрыступная вяршыня
У сучасным грамадстве назіраецца цікавы феномен: мноства жанчын, якія валодаюць несумнеўнымі добрымі якасцямі — інтэлектам, прывабнасцю, прафесійнай рэалізацыяй і фінансавай незалежнасцю — сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пошуку пастаяннага партнёра. Разбіраемся, чаму разумныя, прыгожыя, рэалізаваныя жанчыны часта застаюцца адны?
Аксамітны блэйзер — фаварыт зімовага сезона
Мода любіць вяртаць забытыя рэчы, але з «папраўкай на час»: старыя сілуэты атрымліваюць сучасную падачу і новыя дэталі, якія робяць іх актуальнымі сёння. Адзін з яркіх прыкладаў — аксамітны жакет, улюбёнец 1970-х, які зноў з’яўляецца на подыумах і ў вулічных вобразах, але ўжо ў свежай версіі.
З чым яго лепш спалучаць, чытайце ў студзеньскім нумары «Алесі».
Гераіня паўсядзённасці
У гэтым халодным сезоне аксесуары займаюць цэнтральнае месца, перастаўшы быць проста дадаткам вобраза. Сумкі гэтага года — функцыянальныя аб’екты мастацтва, якія арганічна ўпісваюцца ў рытм дынамічнага жыцця. У аснове калекцый — вядомыя, правераныя часам формы, але на подыумах таксама бушуе настальгія па 2000-х, дапоўненая ўльтрасучаснымі дэталямі. Мы сабралі агляд самых жаданых мадэляў, якія будуць вызначаць моду ў бліжэйшыя месяцы.
Заставайцеся з «Алесяй»! З намі цікава!
Вольга АЛЯКСАНДРАВА