Top.Mail.Ru

Пра што раскажа «Алеся» ў лютым?

У свежым нумары часопіса «Алеся» чытачоў традыцыйна чакае шмат карыснага і цікавага. Мы пазнаёмім вас з яркімі гераінямі, раскажам, якія мерапрыемствы рыхтуюцца ў Год беларускай жанчыны, даведаемся аб парадах спецыялістаў па тэмах этыкету, выхавання дзяцей, падкажам рэцэпты стылю, прыгажосці і гармоніі з другой палавінкай.


Важна цаніць кожны дзень

Пра гэта нагадвае госця нумара спявачка, тэлевядучая Вольга Рыжыкава. Яна вядомая і паспяховая, але засяроджаная не толькі на прафесійнай рэалізаванасці, і сумяшчае яе з роляй жонкі і маці. З інтэрв’ю артысткі вы даведаецеся як аб яе ўменнях правільна расстаўляць прыярытэты, сумяшчаць публічнасць і сямейнае жыццё, так і аб тым, што важней за папулярнасць для сапраўднай жанчыны. «Удзячная абставінам і людзям за кожны перыяд у жыцці. І нічога не стала б змяняць», — адзначае гераіня. І гэта не адзінае, да чаго варта прыслухацца ў размове з ёй.

У сузор'і талентаў

Зазірнём у закуліссе праекта тэлеканала АНТ «Зорны шлях» і рубрыкі «Тік Толк». «Думаю, сакрэт папулярнасці „Зорнага шляху“ якраз у непрадказальнасці, — дзеліцца рэжысёр праекта Ілья Баранаў. — Мы не пішам сцэнарыі для прадзюсараў. Усё, што яны агучваюць, як ацэньваюць і што адчуваюць, ідзе ад душы». Абодва праекты пацвярджаюць адзін пасыл, што працавіты, здольны і таленавіты чалавек заўсёды адшукае шляхі для ўласнай творчай і прафесійнай рэалізацыі. 

Жаночая сіла не мае межаў

Прыкладам гэтага з’яўляецца як дзейнасць Беларускага саюза жанчын па ўсёй краіне, так і праекты асобных рэгіянальных падраздзяленняў. У прыватнасці пра гэта размаўляем са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі БСЖ Марынай Навіцкай. «У сілу сваёй прыроды, жаночай інтуіцыі менавіта прыгожая палова здольная захаваць у грамадстве мір і гармонію», — пераканана суразмоўца. А як канкрэтна ў Віцебскім рэгіёне дапамагаюць у гэтым тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы, чытайце на старонках «Алесі».

Як звязаць Пікасо

Пра гэта даведаецеся ў рубрыцы «Адна на мільён», калі пазнаёміцеся з мінчанкай Надзеяй Раўтовіч і яе шматгадовым захапленнем. Магчыма, для кагосьці з нашых чытачоў гэта жанчына стане прыкладам і дадасць натхнення, каб нарэшце адкрыць свету свае новыя таленты і грані. 

Персанальны алгарытм здароўя

Дакладна ён папоўніцца новымі данымі пасля прачытання інтэрв’ю з гераіняй рубрыкі «Жанчына года», якой на гэты раз стала доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ АМР імя М. М. Аляксандрава Ніна Ахмед. Высветлім, як перамагчы рак малочнай залозы, што вядома сучаснай навуцы пра гэта захворванне і аб чым важна ведаць кожнай жанчыне. 

Каханне па правілах

У рубрыцы «Здаровы лад жыцця» разам са спецыялістамі паспрабавалі высветліць, як арганізаваць рамантычную вячэру, зрабіўшы яе ва ўсіх сэнсах максімальна карыснай. А ў рубрыцы «Вечнае пытанне» даследуем, якія перавагі мае заключэнне шлюбнага дагавора. Падкажам таксама, як распазнаць у мужчыну сваю «другую палавінку» і як выратоўваць адносіны, калі яны далі трэшчыну.

Адметны крой — найлепшая інвестыцыя...

У вашым гардэробе ёю змогуць стаць «джынсы-падковы». Пра тое, як упісаць такую мадэль у свой базавы гардэроб, тлумачым у рубрыцы «Стыль». А ў рубрыцы «Дрэс-код» чытачы знойдуць аповед пра гарачыя трэнды, якія на нашых вачах мяняюць моду. Натхніцца альбо проста азнаёміцца — выбіраць толькі вам. 

Заставайцеся з «Алесяй»! З намі цікава і карысна! 

Алена ВАСІЛЬЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю