Ці магчыма падлічыць колькі слоў у беларускай мове? Ужо не адно пакаленне даследчыкаў вывучае пісьмовыя крыніцы, працуе ў архівах, стварае слоўнікі, ездзіць з экспедыцыямі, каб паспець запісаць жывую гаворку, і нават сёння мова працягвае «прырастаць» новымі словамі. З сабранымі скарбамі мы можам пазнаёміцца дзякуючы разнастайным слоўнікам. Але нас яшчэ чакае столькі адкрыццяў! Усё сабранае раней трэба яшчэ вывучыць і асэнсаваць, прычым не толькі даследчыкам мовы.
Адным з інструментаў, які дапаможа весці «моўныя пошукі», павінна стаць электронная база «Зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак», над якой сёння працуюць вучоныя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. «Гэта будзе фундаментальны рэсурс, які дазволіць беларусам убачыць, якія яны неверагодна багатыя, — заўважае загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова. — Гэта абагуліць моватворчы працэс, які адбываўся, па сутнасці, два стагоддзі. Тут і матэрыялы слоўнікаў Шпілеўскага і Нікіфароўскага. Сюды ўвойдуць слоўнікі, якія выйшлі ў наш час, нават аматарскія. Працуем з гістарычнымі крыніцамі. Упэўнена, яшчэ шмат цікавага знойдзем, калі будзем расчытваць дыялектныя тэксты. Колькасць зафіксаваных слоў вырасце».
У новы рэсурс увойдуць і матэрыялы выдання «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» — гэта ўнікальны скарб, з якога можна не толькі даведацца аб адметных назвах, якія прыдумваў народ, але і ўбачыць, дзе і якія словы ўжываліся. Напрыклад, для непагадзі, сырасці ў беларускіх народных гаворках існуе каля 60 назваў.
Атлас уключае 5 тамоў, у ім пададзена 1791 карта. Над гэтым навуковым даследаваннем вучоныя працавалі некалькі дзясяткаў гадоў. Дыялектолагам, якія збіралі матэрыялы паводле спецыяльнай інструкцыі, трэба было запісваць адказы на 1700 абавязковых пытанняў, і гэта ў кожным рэгіёне Беларусі! Толькі за 1971-1975 гады ў экспедыцыях яны апыталі 1111 чалавек. За сабранымі словамі — жыццё народа, яго гісторыя, светапогляд. А чаму б нам не паспрабаваць пры дапамозе такога моўнага скарбу больш даведацца пра тое, якія ж мы, беларусы?
Усё адна?
Памятаеце, як у мастацкім фільме «Белае сонца пустыні» Гюльчатай пералічвала: «Адна жонка — любіць, адна — адзенне шые, адна — ежу варыць, адна — дзяцей корміць... і ўсё адна? Цяжка!» А цяпер уявіце беларускую жанчыну, якая яшчэ была і папрадуха, і ткалля, і бялізну паспявала перыць (біць пранікам) і жлукціць (адбельваць попелам), і свойскіх жывёл даглядала, і ў агародзе поркалася, а калі ішла на поле, малых дзяцей магла з сабой на плячах валачы (вучонымі запісаны словы, якімі называлася калыска для немаўляткі, якую бралі з сабой падчас жніва). Ну і як такую жанчыну не насіць на руках?!
Калі пагартаць «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» або папрацаваць з дыялектнымі слоўнікамі, хрэстаматыямі, можна заўважыць, якім было стаўленне да жанчыны, як цанілася яе працавітасць. А калі яна яшчэ і пяяла, яе славілі, усюды запрашалі. Былі пашана і захапленне.
Можна ўбачыць, якая гэта была клапатлівая, часам самаахвярная маці. Напрыклад, з сабраных мовазнаўцамі ў экспедыцыях гісторый, дзе людзі згадвалі вайну, можна даведацца, якія нягоды вытрымала жанчына, як сваім целам прыкрывала малых, разрывала на сабе кашулю, каб спыніць кроў чужому дзіцяці. «Па матэрыялах даследаванняў, раней слова «маці» не дужа было пашырана, — заўважае Вераніка Курцова. — Для паўднёва-ўсходніх гаворак характэрна «мацер», абсалютна натуральнай на вялікай частцы Беларусі была форма звароту «матка». І гэтых слоў не трэба саромецца».
У экспедыцыях, калі вучоныя збіралі словы, чулі і пра тое, якім быў традыцыйны сямейны ўклад — жылі вялікімі сем'ямі. Нявестка са свякрухай умелі саступаць адна адной. А калі маладая жанчына чаго не умела, вучылася і станавілася майстрыхай.
Дзякуючы слоўнікам можна атрымаць каласальную колькасць інфармацыі пра жанчыну, нават яе знешнасць. Можна пабачыць, напрыклад, як называліся часткі цела ці асаблівыя «прыкметы». Колькі тут узнікала параўнанняў! Так, зрэнку ў розных кутках Беларусі маглі называць «чалавечак», «лялечка», «зернетка». Вяснушкі звалі яшчэ і «рабаціннем», «шэркамі», «вяснянкамі», «ластаўкамі», «ластавіннем», «бацянькамі». Пра маршчыны маглі сказаць — «зморшчыкі», «моршчы», «зарупкі», «цыпкі», «складкі», «карабы». Ружовыя месцы на шчацэ — гэта і «ягавіцы», і «ягадніцы», і «ягадкі».
Ніколі ў нас не было знявагі да жанчын. Праўда, можна заўважыць, што беларусы, як што добрае, слоў шкадуюць, а калі нешта выклікае негатыўныя эмоцыі — гатовыя па-рознаму распісаць. Напрыклад, даставалася балбатлівым жанчынам, што любілі хадзіць па вёсцы і часам адрываць суседак ад шматлікіх спраў. Такую асобу так і называлі — «пахатніца», «пасялуха», «пахатуха», «валацуга», «бадзяка». Па мове можна ўбачыць, што асуджаліся пазашлюбныя стасункі, і хоць такія выпадкі былі даволі рэдкімі, у народнай гаворцы захаваліся сведчанні. Пазашлюбнае дзіця маглі называць «байструком», «бэнсем», «бахурам», «крапіўнікам», «барканам», «знайдзёнам».
Моўныя загадкі
Электронная база «Зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак» дазволіць рабіць цікавыя адкрыцці. Часам нават па аднаму слову можна ўбачыць, як жылі людзі, чым займаліся. Тое ж слова «баба» можа азначаць не толькі бабулю, сталага чалавека, жанчыну ўвогуле. Яно мае каля 19 амонімаў. А тут і назвы страў, і ціскі, і прэс, і прыстасаванне для вывазу бярвення, і калода ці бочка, якую выкарыстоўвалі падчас падводнай лоўлі рыбы.
Сабраныя моўныя скарбы дапамогуць зразумець характар чалавека. Толькі ў «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» на карце «Памяркоўны» зафіксаваны 33 словы. Тая ж адкрытасць народа ці любоў пагаварыць фарміраваліся дзякуючы асаблівым прыродным умовам. Толькі для назваў топкага балота, багны ў беларускіх народных гаворках ужываецца больш за чатыры тысячы слоў. Гэтак жа і з назвамі нядобрай, няўрадлівай зямлі, якая пустая, камяністая: «пусцеча», «няўдоба», «сіпуга», «сівуха»,»жаўкрынец». Пра тое, як сяляне адваёўвалі сабе кавалак глебы ў прыроды, нагадваюць назвы «ляда», «расцяроб», «выдзерак». Ну і як беларус мог выжыць сярод балот і лясоў на такой «нехлебадайнай» зямлі? Яму патрэбна была талака. І ці будзеш тут зацятым? Неабходна гаварыць, дамаўляцца, узаемадзейнічаць. Як працавалі разам, так і адпачывалі. Збіралася ўся радня, звалі суседзяў. У «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак « можна ўбачыць, як беларусы называлі паход у госці: «бяседа», «былі на чэсці», «будзе патрэба» — апошні выраз выкарыстоўвалі, калі збіраліся на вяселле, хрэсьбіны, хаўтуры.
Рамёствы і промыслы беларусаў, іх побыт, эканамічныя стасункі, у тым ліку з іншымі народамі, — усё гэта таксама адлюстравана ў мове. А колькі тут кулінарных назваў! Чаму б з выкарыстаннем мясцовага слова для пэўнай стравы не раскручваць рэгіянальныя гастранамічныя фішкі? Акрамя знаёмых нам назваў «верашчака» і «мачанка», яшчэ былі «маканка», «пражэніна», «кулеш», «падкалотка», «поліўка», «патраўка». А тую ж бабку ў розных вёсках маглі зваць «дранкай», «дзяронкай», «таркованкай», «дранай кашай» і нават «мядзведзем».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ