Спікер праінфармаваў супрацоўнікаў прадпрыемства аб заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, рабоце парламентарыяў у выбарчых акругах. Дырэктар «Белаўтадара», у сваю чаргу, расказаў аб асноўных дасягненнях холдынга, падкрэсліўшы, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай работы і рэалізацыі пастаўленых задач.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў удзячнасць калектывам холдынга за работу па будаўніцтве рэспубліканскіх дарог, іх бяспечнай эксплуатацыі і фарміраванне сучаснага аблічча Беларусі, бо, па яго словах, у тым ліку і ад стану дарог складваецца ўражанне аб краіне. «Душа радуецца, калі едзеш па нашай Беларусі», — падзяліўся спікер.
«Самае галоўнае, што нашы брэнды развіваюцца»
Кажучы аб заканатворчасці, Ігар Сергяенка распавёў, што на бягучы момант падчас другой сесіі, якая пачала работу 17 верасня 2024 года, дэпутатамі разгледжаны 34 законапраекты. «Распрацоўка, карэкціроўка законаў у Беларусі ідзе ад жыцця, — акцэнтаваў ён увагу. — Любы законапраект папярэдне праходзіць абмеркаванне на шматлікіх пляцоўках: пасяджэннях камісій, у калектывах».
Кажучы аб профільным для дарожнікаў Законе — «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці», спікер звярнуў увагу на тое, што ён быў прыняты яшчэ ў снежні 1994 года, на світанні прэзідэнцкай рэспублікі, што, па яго словах, сведчыць аб важнасці гэтай сферы дзейнасці. «У 2025 годзе завяршаецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы „Дарогі Беларусі“, трэба настройвацца на чарговы этап вялікай рэспубліканскай праграмы», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Асаблівую ўвагу Ігар Сергяенка акцэнтаваў на дасягненнях краіны за 30 гадоў. «Сёння практычна 80 % трактароў, якія вырабляюцца ў краінах СНД, — гэта беларускія, — канкрэтызаваў ён. — Самае галоўнае, што нашы брэнды развіваюцца. Хто б мог падумаць яшчэ дзясяткі гадоў таму, што мы ўвойдзем у пяцёрку краін-экспарцёраў малочнай прадукцыі і ў топ-15 экспарцёраў мясной прадукцыі. Больш як у 100 краін свету пастаўляецца беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя».
Па словах спікера, эканамічныя поспехі даюць магчымасць дзяржаве развіваць сацыяльную сферу, палепшыць узровень жыцця. У прыватнасці, аб росце дабрабыту грамадзян сведчыць тое, што колькасць аўтамабіляў, якімі валодаюць жыхары Беларусі, узрасла з 500 тысяч (на 1991 год) да 3,5 мільёна. «І дарожная інфраструктура дзякуючы вашым намаганням і прафесіяналізму гэту нагрузку дастойна вытрымлівае», — удакладніў ён. Ігар Сергяенка дадаў, што стан дарог, як і ўвядзенне бязвізавага рэжыму, садзейнічае таму, што Беларусь знаходзіцца ў лідарах па ўзроўні гасціннасці.
«Наша задача — працаваць на апярэджанне»
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася і найважнейшая электаральная падзея, якая гэтымі днямі праходзіць у краіне. «Вынікі першага дня паказваюць, што дастаткова актыўна ў першы ж дзень нашы людзі пайшлі на выбарчыя ўчасткі, — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Гэта сведчыць аб сталасці нашага грамадства. Але нельга забываць, што мы жывём сёння ва ўмовах інфармацыйнай вайны. Наша задача, прычым не толькі журналістаў, — данесці людзям праўдзівую інфармацыю, працаваць на апярэджанне». Асабліва важна ў гэтых умовах, на думку спікера, абараняць гістарычную праўду, захоўваць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
У гутарцы з журналістамі Ігар Сергяенка рэзюмаваў, што на сустрэчы з супрацоўнікамі холдынга размова ішла не толькі аб поспехах дарожнага будаўніцтва, заканадаўчай базе, якая рэгламентуе работу будаўнікоў-дарожнікаў. «Таксама мы казалі аб тым, якіх поспехаў дасягнула Беларусь за 30 гадоў і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, энергетыцы, — канкрэтызаваў ён. — Усё гэта разам садзейнічае і павышэнню якасці жыцця нашых людзей, развіццю аховы здароўя, адукацыі. Мерапрыемства цікаве з пункту гледжання знаёмства з калектывамі, тых праблем, з якімі яны жывуць. У тым ліку сёння паступілі прапановы, якія неабходна будзе вывучыць».
Як заўважыў кіраўнік прадпрыемства Юрый Масюк, адну і тую ж інфармацыю сёння можна трактаваць па-рознаму. «Калі ж у людзей ёсць магчымасць непасрэдна мець зносіны з прадстаўнікамі ўлады такога ўзроўню, як Ігар Пятровіч, гэта дае іншы эфект, — лічыць ён. — Можна пачуць шмат інфармацыі, якая даступная не ва ўсіх крыніцах. І людзям важна, што з імі праводзяцца такія сустрэчы».
Фота БелТА