Top.Mail.Ru

Пра што гаварылі жыхары Ліды з Маратам Маркавым?

Рэспубліканскі інфармацыйна-асветніцкі праект «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы», падчас якога лідары меркаванняў, медыйныя асобы і эксперты сустракаюцца з людзьмі па ўсёй краіне, абмяркоўваючы самыя надзённыя і вострыя тэмы, працягваецца. Гэтым разам спікеры завіталі на Гродзеншчыну і Віцебшчыну.


Каля 440 удзельнікаў сабраў «Пульс краіны»  ў Лідзе — гараджане прыйшлі паразмаўляць з міністрам культуры Маратам Маркавым. 

Адкрытая размова лідчан, прадстаўнікоў розных пакаленняў і сфер, з Маратам Маркавым доўжылася каля дзвюх гадзін. Фармат сустрэчы — максімальна адкрыты дыялог. 

Пытанні лідчан датычыліся і інфармацыйных тэхналогій, і музычных праектаў, і беларускага кіно, паведамляе БелТА. Цікавіліся ў міністра і тым, якім чынам ён выбірае герояў для сваёй тэлевізійнай праграмы, якія яго любімыя інфармацыйныя рэсурсы. 

Жыхарка Ліды Настасся задала пытанне, як Міністэрства культуры плануе выкарыстаць для папулярызацыі гістарычнай памяці, мастацтва інфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект. «І ці не перажываеце вы, што гэтыя тэхналогіі з часам пачнуць выцясняць жывых людзей?» — спытала яна. Міністр перакананы, што чалавек будзе запатрабаваны заўсёды, асабліва прафесійна падрыхтаваны. «Так, некаторыя віды работ ужо сёння можна выконваць выключна з дапамогай штучнага інтэлекту, — сказаў Марат Маркаў. — Тэхналогія дапамагае, але ўсё роўна трэба пераправяраць тое, што ШІ робіць. Мозг чалавека ён не заменіць сёння ніяк». Аднак у будучыні шэраг прафесій ШІ заменіць. 

Лідчанка Ганна пацікавілася развіццём інфраструктуры, а таксама планамі па далейшай рэстаўрацыі Гальшанскага і Крэўскага замкаў. Як адзначыў Марат Маркаў, гэта пытанне складанае. У Беларусі больш за 5,6 тыс. гісторыка-культурных каштоўнасцяў. «Названыя каштоўнасці адносяцца да нулявой катэгорыі, гэта значыць самай высокай, якую нам трэба не проста аднаўляць, а сапраўды выкарыстоўваць. Цяпер вельмі модным стала паняцце крэатыўнай індустрыі, калі культура павінна не спажываць, а зарабляць. Гэта цяпер рэальнасць, і многія ў гэтым кірунку прыкладаюць намаганні. Але зразумела, што аднаўленне замкаў — гэта сапраўды вельмі затратная рэч», — сказаў Марат Маркаў, дадаўшы, што ў гэтым працэсе маса нюансаў, бо нельга пры рэканструкцыі любога гістарычнага аб’екта адыходзіць ад тэхналогій, якія маюць на ўвазе выкарыстанне тых жа матэрыялаў, што і непасрэдна пры будаўніцтве. 

«Нельга сказаць, што замкі, якія вы пазначылі, як і некаторыя іншыя, якія знаходзяцца ў стадыі рэстаўрацыі ўжо гадамі, што там работа не вядзецца і не фінансуецца. Гэтыя замкі, як і Навагрудскі, прыкладна за апошнія 10 гадоў атрымалі фінансаванне менавіта на аднаўленне каля $6-10 млн у пераліку, — сказаў эксперт. — Па-першае, гэта працяглы прамежак часу, а, па-другое, ёсць такое паняцце „пускавыя чэргі“. Гэта значыць працэс аднаўлення любога аб’екта, асабліва гісторыка-культурнага, мае на ўвазе этапнасць». Марат Маркаў адзначыў, што падрыхтуе для Ганны больш прадметны адказ праз дзень, і прапанаваў патэлефанаваць яму. 

«Якія крокі Міністэрства культуры робіць для таго, каб наша роднае беларускае кіно стала папулярным?» — спытала лідчанка Таццяна. «Праблема існуе, гэта праўда, — сказаў Марат Маркаў. — Раней выпускалася ад 15 да 20 карцін „Беларусьфільма“ ў год, уключаючы мультфільмы. Цяпер робіцца прыкладна столькі ж. Праблема толькі ў тым, што тады пра іх ведала ўся краіна, бо яны сапраўды якасныя былі, прафесійна зробленыя». Ён адзначыў, што сёння важным пытаннем з’яўляецца прасоўванне кінакарцін: «Кінапракатчыкі абавязаны даведацца пра фільм яшчэ на стадыі сцэнарыя». Таксама, па словах Марата Маркава, важна прыцягваць да працэсу стварэння і прадзюсіравання беларускага кіно прыватныя інвестыцыі, як і ў іншых краінах. 

Магчымасцю блакіравання шэрагу сацыяльных сетак, YouTube у Беларусі пацікавіўся работнік лакаматыўнага дэпо Антон Філатаў. «Ёсць паняцце экстрэмісцкіх каналаў, і ў нас у краіне каля 30 тысяч заблакаваных інтэрнэт-рэсурсаў. Прычым пераважная большасць з іх — гэта рэсурсы, якія прапагандуюць гвалт, продаж наркотыкаў, рознага роду вычварэнствы і гэтак далей. Гэта не палітычныя рэсурсы, палітычных там з гулькін нос. Я займаўся гэтай праблемай два гады, — сказаў Марат Маркаў. — Калі нейкая з сацсетак пачне паводзіць сябе выключна як экстрэмісцкі канал, увальваючы велізарную колькасць спецыяльна створаных відэа, навінавых матэрыялаў і гэтак далей для таго, каб расхістаць сітуацыю ў краіне, прыйдзецца прымаць рашэнне хутка і досыць жорстка. Зразумела, што гэта рашэнне будзе прымаць не Міністэрства культуры. Але мая пазіцыя ў тым, што не трэба падстаўляць шчаку другую, калі цябе ўдарылі па першай». Паводле яго слоў, сёння крытычнай пагрозы ад сацыяльных сетак і YouTube няма, асабліва з улікам таго, што дзяржава даволі актыўна выкарыстоўвае іх як інструмент. 

Па завяршэнні мерапрыемства Марат Маркаў адзначыў: яго парадавала, што ўсе агучаныя пытанні былі дастаткова жыццёвымі. «Гэта былі пытанні не столькі пра палітыку, колькі пра сацыяльныя сеткі, культуру, кінематограф», — сказаў ён. Міністр культуры дадаў, што будзе магчымасць яшчэ і асабістай сувязі з асобнымі людзьмі, якія задалі зусім канкрэтныя пытанні. 

Былі таксама пытанні пасля сустрэчы. «Гэта былі пытанні больш асабістага характару, і, натуральна, там, дзе ёсць магчымасць міністэрству дапамагчы, мы будзем дапамагаць, таму што яны ўсе знаходзяцца ў рамках закона. Калі людзі дзякуюць за сустрэчу і калі сапраўды дастаткова жывыя зносіны, калі бачыш вочы людзей, на мой погляд, разумееш, што нездарма сюды прыехаў», — дапоўніў Марат Маркаў, падкрэсліўшы, што такія сустрэчы ў рэгіёнах працягнуцца. 

Адкрытая сустрэча ў рамках праекта «Пульс краіны» прайшла і ў Полацку. З аўдыторыяй размаўляў намеснік начальніка факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце — начальнік вучэбна-метадычнага аддзела факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі палкоўнік Андрэй БАГАДЗЕЛЬ. 

«Калі нейкая інфармацыя выклікае ў вас бурныя эмоцыі — абавязкова яе пераправярайце. Інфармацыйная вайна, у рэаліях якой мы жывём, накіравана на тое, каб настроіць грамадзян адзін супраць аднаго», — прыводзіць словы спікера «Полацкі веснік». 

Палачан цікавіла таксама дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі, ваенна-палітычная абстаноўка ў Еўропе і свеце. Тэмы абмеркавалі ў фармаце жывога дыялогу. «Сёння важна захоўваць цвярозы розум», — заклікаў Андрэй Багадзель удзельнікаў сустрэчы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю