Нібы нарэшце сабраліся разам
Сям’я Шавялёвых з вёскі Паляцічы Кобрынскага раёна можа быць прыкладам для многіх. Ірына і Сяргей пажаніліся падчас вучобы ва ўніверсітэце. А да 30 гадоў яны ўжо былі шматдзетнымі бацькамі. Цяпер муж і жонка працуюць на адным прадпрыемстве, жывуць у сваім доме, кожны водпуск прысвячаюць падарожжам і знаёмствам з новымі мясцінамі.
Зрэшты, пра ўсё па парадку. Ірына гаворыць, што ніколі не разглядала перспектыву быць хатняй гаспадыняй, хоць пры наяўнасці траіх дзяцей, дома, участка з агародам і садам работы хапіла б. Распарадак дня ў іх напружаны, але ўсё прадумана. У Сяргея работа пачынаецца ў 6.30, у Ірыны —
у 8.00, але ж трэба прыгатаваць сняданак, сабраць і выправіць старэйшых у школу, адвезці малую ў садок і паспець на працу. Устаюць сужэнцы вельмі рана. «У нас дзве машыны, я таксама вадзіцель са стажам. А да работы з вёскі ехаць чвэрць гадзіны, таму не праблема», — гаворыць маці сямейства.
Далей Ірына расказвае, што выраслі яны з мужам амаль у суседніх вёсках, а пазнаёміліся падчас вучобы. Вучыліся ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце на адным факультэце, па адной спецыяльнасці, ён — на трэцім курсе, яна — на першым. Праз два гады, калі Сяргей заканчваў вучобу, згулялі вяселле. Яна працягвала вучыцца на дзённым аддзяленні. Незадоўга да выпуску нарадзілася дачушка Варвара. Маладая маці здавала апошнюю сесію, рыхтавалася да абароны дыплома, з малой дапамагалі маці і бабуля. А ў дзень абароны даведалася, што чакае другое дзіця. І ўжо калі ў сям’і было двое, яны прынялі рашэнне будаваць дом.
Абое па спецыяльнасці інжынеры-меліяратары, атрымалі размеркаванне на Кобрынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Спачатку жылі ў Батчах у бацькоў Ірыны. Яны прапаноўвалі будаваць кватэру ў Кобрыне, абяцалі дапамогу, але маладыя муж і жонка вырашылі ўзводзіць свой дом — абое ж выраслі ў вясковых хатах, на прыродзе, на чыстым паветры. Таму ўзялі ўчастак у Паляцічах і ўвязаліся ў будоўлю. Ірына ўжо выйшла з дэкрэтнага, працавала на адным прадпрыемстве з мужам, ён — прарабам, яна — інжынерам у планавым аддзеле. І недзе бліжэй да завяршэння будаўніцтва дома даведаліся, што зноў чакаюць дзіця. Меншую дачушку з матуляй шчаслівы тата забіраў з радзільнага дома ўжо ў свой дом.
Цікава разважае бацька гэтага сямейства: «Не раз даводзілася чуць, што паўнавартасная сям’я можа быць толькі з трыма дзецьмі. А чаму так і ці так гэта, хто ведаў? Цяпер становіцца зразумела. З трэцім дзіцем прыходзіць новы ўзровень усведамлення мацярынства і бацькоўства. Ва ўсякім разе, у нас выйшла менавіта так. Мы адчуваем сябе сям’ёй у поўным складзе, нібы нарэшце сабраліся разам і зажылі».
— Усё паспяваем. Мы не лянівыя, абое працавітыя, — працягвае жонка. — Муж заўсёды бярэцца за любую падпрацоўку, каб зарабіць капейку для сям’і. Свой агарод таксама дае пэўную эканомію. Летам актыўна робім нарыхтоўкі. Свае бульба, цыбуля, морква. Вара ўжо дапамагае палоць грады. Я лічу, што дзеці з малых гадоў павінны прывучацца да пасільнай працы. Матфей не адыходзіць ад бацькі, калі той завіхаецца каля машыны. Думаю, што асабісты прыклад — найлепшае выхаванне.
— Аднойчы на сваім маленькім сямейным савеце мы прыйшлі да высновы: трэба не толькі імкнуцца паляпшаць дабрабыт, будаваць, здабываць, але і назапашваць эмоцыі, успаміны, — расказваюць сужэнцы. — Трэба больш падарожнічаць, адкрываць новае. Так і робім ужо некалькі гадоў. Адкрываем і сваю краіну, і іншыя. Раней падарожнічалі з двума дзецьмі, а цяпер з трыма. Адзін год, напрыклад, ляталі ў Грузію ўсе разам. Міры было толькі паўтара года, непакоіліся, як яна перанясе пералёт. А яна ў самалёце спала ўвесь час і нічога не заўважыла.
Два гады таму адправіліся на адпачынак у далёкае падарожжа, былі аж у Краснадарскім краі. Ездзілі машынай. У адзін бок адлегласць склала дзве з паловай тысячы кіламетраў. Адны наўрад ці адважыліся б на такі пераезд, а так сабраліся чатыры сям’і аднадумцаў-знаёмых, ну і выправіліся ў дарогу. Калі прыехалі і падбілі баланс, то высветлілася, што адпачынак абышоўся ў два з паловай раза танней, чым годам раней з авіяпералётам. Гэта важна, бо пасля адпачынку адразу на парадак дня паўстаюць клопаты аб падрыхтоўцы старэйшых да школы, малой — да садка. А пасля водпуску, як і ў кожнай сям’і, даводзіцца ўключаць рэжым эканоміі.
— І тады вельмі дарэчы выглядае дапамога дзяржавы, — працягвае маці сямейства. — Штогод як шматдзетная сям’я атрымліваем і дзяржаўную, і ад прадпрыемства. Паводле калектыўнага дагавора, «Кобрынскае ПМС» выдзяляе пэўную суму грошай ад прадпрыемства і ад прафсаюзнай арганізацыі на кожнае дзіця. Прычым атрымлівае кожны з нас як член працоўнага калектыву. І гэта вельмі істотны ўнёсак у падрыхтоўку нашых школьнікаў, бо самі ведаеце, сёння дзіцячыя рэчы каштуюць амаль як дарослыя. За дапамогу наша сям’я ўдзячная і дзяржаве, і прадпрыемству. Так што для бацькоў, якія ў роздуме аб колькасці дзяцей, наш прыклад, думаю, можа быць стымулам, — заключыла Ірына Шавялёва.
Фота з архіва герояў