Іван Мележ з Іванам Шамякіным нарадзіліся ў адзін год (у 1921-м), абодва прайшлі праз ваенныя выпрабаванні, сталі народнымі пісьменнікамі Беларусі і лаўрэатамі шмат якіх літаратурных прэмій. Пісалі пра людзей, якіх ведалі і бачылі, але вельмі па-рознаму. У чым рознасць, прапануюць задумацца імпрэзы і выстаўкі, прысвечаныя класікам. Звяртае на сябе ўвагу зварот да рэальных сведчанняў жыцця і працы, што прадстаўляюць на выстаўках «Крыніца натхнення — жыццё народа» Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і «Летапісцы народнага лёсу» Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Нацыянальным архівам. Шмат дакументаў дэманструецца ўпершыню і дае магчымасць падумаць, чаму для Беларусі Мележ — вечны.
Умовы
Калі ўзяць да ўвагі, што паспеў стварыць Іван Мележ, зразумела, чаму яго фонд у архіве вельмі багаты. І гэта пры тым, што пісьменнік сышоў з жыцця ў 55 гадоў, не скончыўшы свой галоўны твор — эпапею «Палеская хроніка». Але ці ведаеце вы, што аўтар вялікіх раманаў пісаў вершы? І нават перакладаў Гётэ? А можаце ўявіць, што атрымаўшы гатовую кніжку, ён быў гатовы папраўляць тэкст, бязлітасна крэмзаючы сам сябе?.. Дакументы сведчаць пра высокую пісьменніцкую адказнасць. Таму цікава ўявіць, што было б далей у яго эпасе, калі б аўтар дажыў да ХХІ стагоддзя. Зрэшты, далейшую логіку жыцця герояў кожны чытач можа вывесці, сыходзячы з ментальнага коду беларусаў, які закладзены ў раманы.
А гістарычныя падзеі, якія апісаны, — фон, праз які раскрываецца асаблівасць успрымання свету насельнікамі балоцістых мясцін. Яны прадстаўлялі не толькі Палескі рэгіён.
Іван Мележ у сваіх творах не проста апісаў жыццё Палесся, ён стварыў фундаментальны эпас, адлюстраваўшы нацыянальны архетып. А балота — сімвал цяжкасцяў, складанай працы і жыцця. Людзі Мележа жывуць у згодзе з прыродай, разумеючы яе рытмы. Навакольнае асяроддзе фарміруе адмысловы характар герояў: асцярожнасць, разважлівасць. Яны не схільныя да рэзкіх змен, аддаючы перавагу грунтоўнасці ва ўсім. Але ж «балотная» стойкасць дапамагае ім пераадолець гістарычныя катаклізмы.
Палессе — гэта таксама герой твора і актыўны ўдзельнік падзей, які фарміруе характар. Менталітэт палешукоў, паводле раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», няскончанага «Завеі, снежань», звязаны з іх няпростымі ўмовамі жыцця і прыродным асяроддзем.
Зямлі, прыдатнай для апрацоўкі, мала, і яна падаецца асновай быцця, выключнай і незаменнай каштоўнасцю. Імкненне «мець свой надзел» — гэта не столькі пра прагнасць да багацця, колькі пра здольнасць выжыць. Ёсць зямля, можам яе апрацоўваць — будзем жыць. І хіба цяпер у нас не так?..
Гэта жыццёвая мудрасць беларусаў, выпрацаваная пакаленнямі папярэднікаў, — ці не таму ў нашай культуры жыве вялікая пашана да продкаў, якія вякамі прыстасоўваліся да мясцовых умоў, і выпрацаваных пакаленнямі традыцый.
А што, калі ўмовы мяняюцца? Менавіта гэты злом адлюстраваў Мележ. У пачатку ХХ стагоддзя былі адны сацыяльныя змены, напрыканцы — ужо другія (і без Мележа). ХХІ стагоддзе прынесла новыя, але ўсё гэта — выпрабаванні для менталітэту, толькі на розных этапах.
Характары
У якім рэчышчы і як беларусы здольныя падпарадкоўвацца абставінам (альбо супраціўляцца ім), добра паказаў аўтар «Палескай хронікі». Прычым з разуменнем, як гэта можа адбывацца ў залежнасці ад асабістага характару і сямейнага ладу, што вельмі ўплывае на жыццё насельнікаў вёскі Курані, і іх характар — даволі стрыманы.
Вось Васіль Дзятлік гатовы працаваць ад відна да цямна і ўспрымае цяжкую фізічную працу як неад’емную частку існавання. Але хто не ведае, што ў глыбіні душы нашых Васілёў Дзятлікаў хаваюцца глыбокія пачуцці, прыкрываючы каханне маскай будзённасці, а часам яны «грызуць» чалавека знутры, але ён у гэтым баіцца прызнацца нават сабе.
Затое калі на нешта канчаткова вырашыцца, то ўсё — спыняць бессэнсоўна. Можна паспрабаваць зламаць, але гэта значыць толькі адцягнуць час для асабістага пераўтварэння, як гэта адбылося з Ганнай Чарнушкай.
Нездарма ў Мележа самым рашучым характарам надзелена пяшчотная жанчына. Яна, як сама Беларусь, сімвал яе ўнутранай сілы: шмат што перажыла, прайшла праз завеі і нягоды, але захавала годнасць і здольнасць да адраджэння.
Такіх людзей не зламаеш, разумеў Мележ, які асноўныя творы напісаў пасля вайны, дзе беларускі менталітэт праявіў сябе ў дзеянні. Франтавік, які перажыў цяжкае раненне, аўтар рамана «Мінскі напрамак» пра аперацыю «Баграціён», ён фактычна патлумачыў у вобразнай форме, чаму беларусы так упарта гатовы адстойваць сваё. Ён быў сярод тых асоб і пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак незалежнай Беларусі. На жаль, не ўбачыў яе, таму што сышоў з жыцця ў 1976 годзе. Але свой творчы ген перадаў нашчадкам: адна з дачок знайшла сябе ў выяўленчым мастацтве, унук стаў паспяховым мастаком.
Таму спадчына пісьменніка — гэта не толькі кнігі, але і людзі, якія працягваюць творчую справу. Калі ў 1983-м удава Мележа перадала яго дакументы ў Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР, яны сталі асновай фонду № 277 (туды ўвайшло 608 адзінак за 1938 — 1978 гады). Гэта значыць, што даследчыкам ёсць з чым працаваць, каб больш выразна тлумачыць, чаму гэтыя творы савецкага перыяду можна лічыць энцыклапедыяй беларускага жыцця і люстэркам нашай душы.
Ларыса ЦІМОШЫК