22 верасня ў Слаўгарадскім раёне стартуе пошукавая экспедыцыя «Сожскі рубеж-2026». Яна праводзіцца сумеснымі намаганнямі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» і 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Магілёўскага абласнога і Слаўгарадскага раённага выканкамаў, а таксама абласнога Цэнтра творчасці. У экспедыцыі задзейнічанае каля 50 чалавек вопытных пошукавікаў і пачаткоўцаў з ліку настаўнікаў, школьнікаў і працуючай моладзі.
— Асноўныя работы пройдуць 22-25 верасня ў раёне вёсак Папоўка, Свенск на месцах баёў 1941 года падраздзяленняў 25-га механізаванага корпуса Чырвонай арміі і 17-й і 34-й пяхотных дывізій вермахта, — паведаміў кіраўнік клуба «Віккру», гісторык, ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Пераважная большасць байцоў і камандзіраў 219-й механізаванай і 50-й танкавай дывізій 25-га мехкорпуса, якія загінулі ў тых ліпеньскіх баях, дагэтуль застаюцца ў спісах прапаўшымі без вестак. Невядомыя героі ляжаць на былым полі бою ў акопах і варонках на глыбіні прыкладна паўметра-метр. Шанцы на ўстанаўленне імёнаў воінаў ацэньваюцца намі як высокія.
Раскопкі пройдуць таксама каля вёсак Ходарава, Аляксандраўка-1-я, Пацяраеўка і Улукі.
Нэлі ЗІГУЛЯ