Як адзначыў начальнік упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар Груца, на працягу апошніх гадоў ведамства актыўна займаецца прасоўваннем айчыннага рапсавага алею, выкарыстоўваючы розныя інструменты, уключаючы сацыяльную рэкламу, удзел у выставачных мерапрыемствах і супрацоўніцтва з интэрнэт-блогерамі.
Агульнымі намаганнямі
Сёлета быў ініцыяваны маштабны агульнанацыянальны праект «Калегі па Амезе», які быў падтрыманы на ўзроўні ўрада і аб’яднаў намаганні вытворцаў алею, гандлёвых сетак, работнікаў сферы аховы здароўя і журналістаў, паведаміў прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама». Праект стартаваў 17 сакавіка і ўключае ў сябе правядзенне дэгустацый і прэзентацый у гандлёвых аб’ектах, дзе прадстаўнікі кампаній распавядаюць аб карысці і перавагах рапсавага алею. Важным элементам стала пашыраная выкладка прадукту на паліцах крам, якая суправаджалася рэкламнымі матэрыяламі. У выніку ўдалося дасягнуць трохразовага росту яго адгрузак у гандлёвыя сеткі з пачатку года, а падчас акцыі — у чатыры разы. Значна знізіўся імпарт бутыляванага расліннага алею.
Унікальны прадукт
Аб карысці рапсавага алею на працягу апошніх гадоў мы чуем пастаянна — пра гэта нагадваюць урачы, дыетолагі, навукоўцы. У «Белдзяржхарчпраме» адзначаюць дынаміку росту попыту ў беларускіх пакупнікоў. І ўсё ж ён усё яшчэ недастаткова ацэнены насельніцтвам, лічаць спецыялісты. Праект «Калегі па Амезе» быў закліканы данесці да кожнага спажыўца інфармацыю, што рапсавы алей — важны кампанент здаровага харчавання, а таксама якасны, смачны прадукт.
Каштоўнасць раслінных алеяў вызначаецца ўтрыманнем у іх поліненасычаных тлустых кіслот амега-3,6,9. У гэтых адносінах рапсавы выгадна адрозніваецца ад такіх відаў, як соевы або сланечнікавы. «Па збалансаванасці амега 3 і 6 тлустых кіслот ён не саступае аліўкаваму алею, а па некаторых паказчыках нават пераўзыходзіць яго», — падкрэсліў эксперт. Прадукт з’яўляецца таксама крыніцай вітаміна Е.
Як вядома, поліненасычаныя тлустыя кіслоты аказваюць станоўчы ўплыў на абмен рэчываў і зніжаюць халестэрын у крыві, вітамін Е — антыаксідант, які змагаецца са старэннем. Асаблівае значэнне ўвядзенне ў рацыён рапсавага алею мае для пажылых людзей, а таксама для цяжарных жанчын і кормячых мам, лічаць спецыялісты.
Рэзервы ёсць
Бутыляваны рапсавы алей сёння ў рэспубліцы выпускаюць 4 прадпрыемствы: ААТ «Мінскі маргарынавы завод», ААТ «Бабруйскі завод раслінных алеяў», ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат», ТАА «Аграпрадукт», адзначыў Ігар Груца. Іх магутнасці дазваляюць забяспечыць пастаўкі на ўнутраны рынак у аб’ёме да 20 тысяч тон.
Ёмістасць рынку бутыляваных раслінных алеяў Беларусі ў 2021–2024 гадах складала 57-58 тысяч тон. Але ў аб’ектах гандлю іх продажы размеркаваны наступным чынам: 60–70 % — сланечнікавы алей, 15–20 % — аліўкавы (а таксама кунжутны, ільняны, кукурузны і іншы) і толькі 10–15 % — рапсавы алей беларускай вытворчасці. Між тым, апошні, што атрымліваецца па сучасных тэхналогіях, — найкаштоўнейшы для здароўя прадукт, падкрэсліў спецыяліст. Ён адзначыў, што задача ўжо ў бліжэйшай перспектыве давесці долю продажаў айчыннага рапсавага алею да 25–30 %.
У структуры валавога збору і перапрацоўкі алейных культур нашай краіны рапсу сёння належыць каля 97 %. Да 2000 года Беларусь цалкам залежала ад імпарту насення алейных культур і расліннага алею, якія пастаўляліся ў асноўным з Расіі і Украіны. Сітуацыя змянілася дзякуючы шэрагу прынятых дзяржаўных праграм па развіцці алейнатлушчавай галіны. З улікам прыродна-кліматычных умоў менавіта рапс — асноўная крыніца атрымання раслінных алеяў, у апошнія гады створаны новыя сарты рапсу ўласнай селекцыі. Зараз рапсавы алей Беларусь пастаўляе больш чым у дзесяць краін.
Завершыцца праект «Калегі па Амезе» 20 красавіка, аднак Ігар Груца падкрэсліў, што на гэтым прасоўванне рапсавага алею сярод беларускіх спажыўцоў не спыніцца. Алейна-тлушчавай галіне пастаўлена задача ўжо сёлета прадаць больш за 10 тысяч тон натуральнага рапсавага прадукту айчыннай вытворчасці. Рэзервы для нарошчвання аб’ёмаў выпуску ў краіне ёсць, галоўнае — сфарміраваць стабільна высокі попыт.