Экспарт медыцынскіх паслуг у Беларусі апошнія 5 гадоў дэманструе ўстойлівую дынаміку. За гэты час ён вырас у 1,5 раза, дасягнуўшы сёлета 50 мільёнаў долараў ЗША. Чакаецца, што колькасць замежных грамадзян, якія пралячыліся ў беларускіх клініках, вырасце сёлета да 163 тысяч чалавек. Сярэдні чэк на аднаго пацыента павялічыцца на 20 % — з 260 долараў у эквіваленце ў 2020 годзе да 310 долараў у 2025-м.
Такі прырост адбыўся за кошт павелічэння аб’ёмаў экспарту медыцынскіх паслуг па найбольш запатрабаваных кірунках галіны аховы здароўя — анкалогіі, транспланталогіі, траўматалогіі, неўралогіі і нейрахірургіі, кардыялогіі, акушэрстве і гінекалогіі, афтальмалогіі, стаматалогіі, а таксама рэабілітацыйнай медыцыне. Усё часцей замежныя пацыенты цікавяцца малаінвазіўнымі ўмяшаннямі, метадамі ранняй дыягностыкі і індывідуальнымі рэабілітацыйнымі праграмамі.
Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія БАРАДУН, толькі летась больш за 160 тысяч замежных пацыентаў са 159 краін атрымалі медыцынскую дапамогу ў беларускіх установах аховы здароўя. Адзначаецца рост аб’ёмаў экспарту медыцынскіх паслуг у краіны памежжа. Гэта сведчыць аб высокім даверы да нацыянальнай сістэмы аховы здароўя з боку замежных грамадзян. Вядучыя клінікі, такія як рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, клінічныя і гарадскія бальніцы, актыўна ўдзельнічаюць у аказанні паслуг замежнікам.
Значная колькасць пацыентаў прыязджае ў Беларусь з краін СНД — Расіі, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, а таксама з Германіі, Ізраіля, Польшчы, Латвіі, Літвы, Кітая і іншых дзяржаў. Узрост пацыентаў — у асноўным ад 35 да 65 гадоў, часта яны маюць хранічныя ці складаныя захворванні, якія патрабуюць высокатэхналагічнага ўмяшання або працяглага аднаўленчага курса.
Беларуская сістэма аховы здароўя мае шэраг канкурэнтных пераваг, якія даюць магчымасць паспяхова развіваць экспарт медыцынскіх паслуг. Па-першае, гэта высокі ўзровень кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў, многія з якіх прайшлі навучанне і стажыроўкі ў вядучых замежных клініках. Па-другое, краіна мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку абсталяванне для правядзення складаных аперацый, даследаванняў і дыягностыкі. Па-трэцяе, кошт медыцынскіх паслуг у Беларусі ў разы ніжэйшы ў параўнанні з аналагічнымі прапановамі ў краінах Еўрасаюза пры захаванні высокага ўзроўню якасці. Акрамя таго, важнай перавагай з’яўляецца адсутнасць моўнага бар’ера для рускамоўных пацыентаў і наяўнасць бязвізавага ўезду або спрошчанага візавага рэжыму для шэрагу краін.
Спалучэнне навуковых распрацовак, адукацыйнай дзейнасці і фармацэўтычнай прамысловасці, укаранёных у медыцынскую практыку, сталі рухавікамі ўязнога медыцынскага турызму. Ва ўмовах глабалізацыі і росту мабільнасці насельніцтва экспарт медыцынскіх паслуг становіцца важным кірункам развіцця нацыянальных сістэм аховы здароўя. Беларусь, валодаючы развітой медыцынскай інфраструктурай і высокакваліфікаванымі кадрамі, актыўна фарміруе ўстойлівы рынак медыцынскага турызму, прапануючы замежным пацыентам доступ да якаснай і высокатэхналагічнай дапамогі.
Экспарт медыцынскіх паслуг садзейнічае ўмацаванню іміджу краіны, стварэнню дадатковых крыніц фінансавання сістэмы аховы здароўя і развіццю рэгіёнаў.
У перспектыве Беларусь плануе штогод павялічваць аб’ём экспарту медыцынскіх паслуг на 5–10 %. Сярод ключавых кірункаў — развіццё тэлемедыцыны, навучанне замежнікаў у медыцынскіх ВНУ краіны, пашырэнне супрацоўніцтва з замежнымі страхавымі кампаніямі і дабрачыннымі фондамі, павышэнне пазнавальнасці брэнда беларускай медыцыны. Стратэгія развіцця экспарту медыцынскіх паслуг на 2025–2035 гады прадугледжвае мадэрнізацыю медустаноў, падрыхтоўку персаналу, маркетынгавае прасоўванне паслуг за мяжой, удзел у міжнародных выстаўках, паляпшэнне сэрвісу ў бальніцах.
Алена КРАВЕЦ