Інтэрнэт-ўплыў, фонды Сораса і Абама.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы разгарэўся найбуйнейшы палітычны скандал. І ў гэтым кактэйлі ёсць усё: і незаконнае фінансаванне перадвыбарнай кампаніі, і хейт-машына ў інтэрнэце, якая атакуе непажаданых кандыдатаў у прэзідэнты, і фонды Сораса, і нават Барак Абама ўласнай персонай.
Гісторыя працягвае абрастаць новымі падрабязнасцямі, але факты знешняга ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары Польшчы ў наяўнасці. І гаворка не пра «руку Крамля», на якую ледзь што прызвычаіліся ківаць польскія эліты. Размова аб умяшанні з боку амерыканскіх дэмакратаў і еўрапейскіх ліберальных эліт — шэрых кардыналаў у польскай палітыцы.
Цяперашні скандал пачаўся з паведамленняў цэнтра аналізу дэзінфармацыі NASK аб спробах умяшання ў выбарчую кампанію ў Польшчы. У прыватнасці, гаварылася аб распаўсюджванні агрэсіўнай палітычнай рэкламы ў інтэрнэце. І, канешне ж, сцвярджалася, што спонсарам інтэрнэт-кампаніі магла стаць Расія.
Далей высветлілася, што хейт-машына ў інтэрнэце была накіравана на канкрэтных асоб — Караля Наўроцкага («Права і справядлівасць») і Славаміра Ментцэна («Канфедэрацыя»), якія з’яўляюцца кандыдатамі ў прэзідэнты Польшчы. У той жа час у матэрыялах адкрыта выказвалася падтрымка кандыдату ў прэзідэнты Рафалу Тшаскоўскаму («Грамадзянская кааліцыя»), які з’яўляецца пратэжэ польскага прэм’ера Дональда Туска.
Высветлілася, што на інтэрнэт-кампанію было патрачана больш за 420 тыс. злотых. Польскія СМІ пішуць, што гэта больш, чым афіцыйныя выдаткі выбарчых штабоў Тшаскоўскага, Наўроцкага і Ментцэна разам узятых. Пры гэтым у выбарчым заканадаўстве Польшчы дакладна пазначана, што агітацыю могуць праводзіць толькі выбарчыя штабы.
Па дадзеных журналістаў выдання Wirtualna Polska, за інтэрнэт-кампаніяй стаяць фонд «Дэмакратыя ў дзеянні» (Akcja Demokracja) і аўстрыйская кампанія Estratos Digital GmbH. І тут пачынаецца самае цікавае.
Прэзідэнт фонду «Дэмакратыя ў дзеянні» Якуб Кацьян цесна звязаны з партыяй Туска «Грамадзянская кааліцыя». Да сакавіка 2025 года ён з’яўляўся памочнікам аднаго з дэпутатаў партыі, а таксама меў асабістыя кантакты з Тшаскоўскім і яго атачэннем.
Па дадзеных польскага выдання Wszystko Co Najwazniejsze, фінансаванне фонду «Дэмакратыя ў дзеянні» ў 2023 годзе значна ўзрасло: з 2,5 млн злотых да больш за 4,3 млн злотых. З папярэдніх фінансавых справаздач бачна, што, напрыклад, у 2016 і 2017 гадах сярод спонсараў арганізацыі значыліся Еўрапейскі кліматычны фонд, нямецкі фонд Schoepflin Stiftung, а таксама нарвежскія фонды.
Што да аўстрыйскай кампаніі Estratos Digital GmbH, то асноўным яе акцыянерам з’яўляецца Higher Ground Labs — фонд, звязаны з Дэмакратычнай партыяй ЗША. Цікава, што менавіта гэтая аўстрыйская кампанія кіруе персанальнымі дадзенымі донараў фонду «Дэмакратыя ў дзеянні».
Па інфармацыі Wszystko Co Najwazniejsze, значная частка фінансавых сродкаў (1,5 млн злотых) у фонд «Дэмакратыя ў дзеянні» паступіла ад прыватных асоб, якіх немагчыма ідэнтыфікаваць, паколькі пераводы былі зроблены з выкарыстаннем платформаў PayPal, PayU або Facebook або спецыяльнага праграмнага забеспячэння для апрацоўкі плацяжоў і збору па Digital GmbH.
Усё гэта стварае ўражанне тыповага ланцужка пасярэднікаў, закліканага абцяжарыць, калі не зрабіць немагчымым, выхад на рэальныя крыніцы фінансавання.
«Фонд «Дэмакратыя ў дзеянні», верагодна, з’яўляецца толькі вяршыняй айсберга, хоць усяго за адзін тыдзень ён выдаткаваў на анлайн-кампанію больш, чым усе выбарчыя камітэты разам узятыя, — піша Wszystko Co Najwazniejsze. — Дзеянні многіх няўрадавых арганізацый як на апошніх парламенцкіх выбарах, так і на цяперашніх прэзідэнцкіх здаюцца занадта добра скаардынаванымі... Больш за тое, гэта не падобна на дзеянні, якія зыходзяць знутры Польшчы, а хутчэй на глабальную ініцыятыву. Тым больш, што мы толькі зараз пачынаем даведвацца, якая частка фінансавання, выдаткаванага на падтрымку такіх арганізацый, паступіла з ЗША (у той час кіраваных дэмакратамі), асабліва з фонду USAID, якая частка — з Еўрапейскага парламента, якая частка — з нарвежскіх фондаў дапамогі, якія размяркоўваюцца ў Польшчы сярод НДА праз «Фонд Баторыя», і якая частка — з прыватных фондаў, напрыклад непасрэдна ад Джорджа Сораса, а дакладней ад яго фондаў «Адкрытае Грамадства».
Дарэчы, розныя гранты, якія накіроўваюцца няўрадавым арганізацыям, як правіла, левага толку, дазваляюць іх актывістам і супрацоўнікам жыць нябедна. Напрыклад, у 2023 годзе арганізацыя «Дэмакратыя ў дзеянні» патраціла амаль 50 працэнтаў свайго бюджэту на расходы на персанал.
І яшчэ адзін цікавы факт. На днях у Польшчы прайшло мерапрыемства для СМІ і бізнэсу Impact 25. Яно было арганізаванае якраз перад прэзідэнцкімі выбарамі, а ягоная мэта, відавочна, складалася ў тым, каб падтрымаць Тшаскоўскага і кіруючую кааліцыю Туска. У спісе выступоўцаў значыўся не хто іншы, як Барак Абама. Былы прэзідэнт ЗША, як многія лічаць, працягвае адыгрываць ключавую ролю ў палітыцы дэмакратаў. Нездарма кадэнцыю Джо Байдэна называлі трэцім прэзідэнцкім тэрмінам Абамы.
Што забыўся Абама на польскім форуме, цалкам відавочна. У цяперашняй Польшчы сфармаваліся два лагеры — урад Туска, які робіць стаўку на дэмакратаў, і апазіцыя, якая шукае падтрымкі ў рэспубліканцаў. Для Туска вельмі важна, каб пераможцам на сёлетніх выбарах стаў Тшаскоўскі. Гэта дазволіць «Грамадзянскай кааліцыі» сканцэнтраваць у сваіх руках і прэм’ерскую, і прэзідэнцкую ўладу. У той жа час і амерыканскім дэмакратам, і еўрапейскаму ліберальнаму істэблішменту трэба, каб палітычнае поле ў Польшчы заставалася аднастайным і цалкам падпарадкаваным іх волі.
Самае цікавае ва ўсёй гэтай гісторыі, што і рэспубліканцы ў ЗША не сядзяць на месцы. Не так даўно Наўроцкі наведаў Вашынгтон, атрымаўшы ад прэзідэнта Дональда Трампа блаславенне на перамогу. А следам стала вядома, што Судовы камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША заклікаў Еўрапейскую камісію расследаваць дзеянні ўрада Туска, у тым ліку цэнзуру ў СМІ, праследаванне апанентаў улады і нават давядзенне да смерці аднаго з прыхільнікаў апазіцыі. Цяперашняя гісторыя з умяшаннем у выбары, за якой тырчаць вушы Дэмакратычнай партыі ЗША і Бруселя, верагодна, таксама ўсплыла нездарма. І нешта падказвае, што гэта яшчэ не канец.
Тым часам палітыкі з апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) патрабуюць ад Агенцтва ўнутранай бяспекі «пранікнуць у штаб-кватэру фонду „Дэмакратыя ў дзеянні“, забраць матэрыялы і завалодаць лагінамі». Дэпутат ПіС Радаслаў Фогель ужо заявіў, што дзяржструктуры бяздзейнічаюць у справе, якая можа стаць «найбуйнейшым скандалам, звязаным са спробамі ўмяшання ў выбары з 1989 года». Праўда, Фогелю варта нагадаць, што гэтак жа «пісоўцы» спрабавалі замяць візавы скандал напярэдадні парламенцкіх выбараў у 2023 годзе, калі апазіцыя абвінаваціла кіруючую ў той час партыю «Права і справядлівасць» у продажы віз мігрантам.
Але, як у той справе, так і ў гэтай, замаўчаць скандал не ўдасца. Бо гаворка ўжо ідзе не толькі аб супрацьстаянні апазіцыі і ўладзе. На карту пастаўлены інтарэсы куды буйнейшых гульцоў. Дзе ва ўсім гэтым бардаку інтарэсы польскага народа, можна і не пытацца.
Віта ХАНАТАЕВА, БелТА