Top.Mail.Ru
252

Польшча хоча адкрыць два пункты пропуску на граніцы з Беларуссю 17 лістапада

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы хоча, каб два закрытыя цяпер аўтамабільныя пункты пропуску на граніцы з Беларуссю («Баброўнікі» — «Бераставіца» і «Кузніца Беластоцкая» — «Брузгі») зноў адкрыліся 17 лістапада. Адпаведны законапраект быў апублікаваны на сайце Цэнтра дзяржаўнага заканадаўства Польшчы, паведаміла БелТА.


«Плануемыя мерапрыемствы накіраваны на аднаўленне патоку людзей і тавараў, што з’яўляецца адказам на чаканні грамадства, у прыватнасці вялікай групы прадпрымальнікаў і перавозчыкаў», — гаворыцца ў абгрунтаванні праекта.


Згодна з праектам, пагранічны пераход «Баброўнікі» — «Бераставіца» плануецца адкрыць для пасажырскіх перавозак, уключаючы аўтобусы. Акрамя таго, ён будзе працаваць, але з некаторымі абмежаваннямі, для грузавых перавозак. Тут дазволена будзе прапускаць транспарт, зарэгістраваны ў дзяржавах — членах Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю — удзельніцах Пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай зоне і Швейцарыі.

Другі пагранічны пераход «Кузніца Беластоцкая» — «Брузгі» будзе адкрыты для пасажырскага транспарту, за выключэннем руху аўтобусаў.

У цяперашні час для руху аўтамабіляў адкрыты пагранічны пераход «Цярэспаль» — «Брэст», а для грузавых аўтамабіляў — «Кукурыкі» — «Казловічы». Таксама працуе некалькі чыгуначных грузавых пераходаў. 

Раней, 28 кастрычніка, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск аб'явіў пра гатоўнасць у лістападзе зноў адкрыць два пагранічныя пераходы з Беларуссю. Ён казаў, што адкрыццё пераходаў у Баброўніках і Кузніцы адбудзецца «ў пробным рэжыме» пасля кансультацый з Вільнюсам. Літоўскі прэм’ер Інга Ругіненэ 30 кастрычніка заявіла, што адкрыццё гэтых пагранічных пераходаў адкладаецца. Паводле яе, такая дамоўленасць была дасягнутая пасля яе перагавораў з Тускам. Прадстаўнік урада Польшчы Адам Шлапка пазней паведаміў, што пагранічныя пераходы ўсё ж плануецца адкрыць «прыкладна ў сярэдзіне лістапада». Прадстаўнікі бізнесу Польшчы не раз падкрэслівалі, што адкрыццё пагранічных пераходаў з Беларуссю ў Падляскім ваяводстве вельмі важнае для эканомікі ўсходняй Польшчы.

У Падляскім ваяводстве, як пісалі польскія СМІ, цяпер праводзяцца інтэнсіўныя падрыхтоўчыя работы, накіраваныя на больш хуткае адкрыццё пунктаў пропуску на гарніцы з Беларуссю ў Баброўніках і Кузніцы. Каардынацыю гэтых работ ажыццяўляе Падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі.

Як вядома, пагранічны пераход «Кузніца» быў закрыты ў лістападзе 2021 года, а пункт пропуску «Баброўнікі» — у лютым 2023 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю