Top.Mail.Ru

Полацкі арган загучыць для гасцей міжнароднага фестывалю «Званы Сафіі»

Першы канцэрт праграмы адбудзецца 26 кастрычніка. Яго падрыхтавала пастаянная арганістка Сафійскага Сабора, заслужаная артыстка Беларусі Ксенія Пагарэлая. Менавіта ёй належала ідэя арганнага фестывалю ў Полацку, дзе з’явіўся шыкоўны інструмент, выраблены адмыслова для гэтай канцэртнай залы адной з найстарэйшых чэшскіх фірм: у ім 3905 труб з розных парод дрэва і асаблівых металічных сплаваў, 48 рэгістраў, 3 ручныя клавіятуры і адмысловая сістэма нажных педаляў. Яго стварылі 40 гадоў таму, з таго часу полацкі арган лічыцца найлепшым у Беларусі, што ацанілі выдатныя айчынныя і замежныя музыканты з больш чым 20 краін. А сёлета ў фестывалі возьмуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Японіі.



Разам з Ксеніяй Пагарэлай у першым канцэрце творы Вольфганга Амадэя Моцарта, Вінчэнца Беліні і Францішка Брыксі выканае спявачка з Расіі Людміла Трацэўская. Але афіцыйнае адкрыццё зладзяць менавіта музыканты Полаччыны 30 кастрычніка: Ксенія Пагарэлая і мясцовы камерны аркестр «Еўропа-цэнтр» падрыхтавалі праграму да 340-годдзя Іагана Себасцьяна Баха і Георга Фрыдрыха Гендэля, найярчэйшых кампазітараў эпохі барока. Розныя грані музыкі барока збіраецца раскрыць расійская арганістка Наталля Міхайлава. Нашы музыканты Вера Латышава і трамбаніст Канстанцін Мазюк дададуць свайго адчування таго часу. А вось расійскі арганіст Аляксей Шмітаў выбраў творы славутых нямецкіх кампазітараў ХІХ стагоддзя. Арганную музыку яшчэ адной краіны — Францыі ХІХ і ХХ стагоддзяў — прадставяць нашы Кацярына Мікалаева і флейтыстка Таццяна Кармазінава. 

Але арган — не толькі еўрапейская гісторыя. Сёлета госцем фестывалю «Званы Сафіі» стане японская арганістка Хірока Інаўэ, яна 2 лістапада прадставіць сольную праграму «Дзве стыхіі аргана». У яе ўвайшлі творы еўрапейскіх кампазітараў, што стваралі на працягу некалькіх стагоддзяў і працуюць цяпер, а таксама японскага аўтара Юі Какінумы. Вядома, што арганная музыка ў час італьянскага Адраджэння, калі жыў Антонія Валентэ, і сучасная, тым больш з далёкіх ад нас астравоў, — гэта сапраўды розныя карціны, створаныя гукам, што і цікава будзе адчуць. 

Сем фестывальных канцэртаў (апошні з якіх адбудзецца 30 лістапада) прадэманструюць, што арган можа гучаць па-рознаму, але гэта заўсёды багаты россып гукаў. У гэтым маглі ўпэўніцца наведвальнікі папярэдніх фестываляў у Полацку. Бо адметнасць іх яшчэ і ў тым, што канцэртная зала знаходзіцца непасрэдна ў старажытным Сафійскім саборы, які мае цудоўную акустыку. Пашчасціць тым, што наведае Полацк у гэтыя дні. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Чытайце таксама: «Родны край...» падарожнічае па Віцебшчыне

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю