Top.Mail.Ru

Покліч івацэвіцкіх кнігавак

«...Жыццё недарма // Нам далося на сцежках цярністых // І што лепшае долі на свеце няма, // Як сэрцам адкрытым і чыстым // Блакітныя шчырыя далі абняць...» — пісаў сын Івацэвіцкай зямлі Піліп Пестрак, які прагнуў свабоды, справядлівасці і волі выказаць праўду. Сёння яго творчыя набыткі, выяўленыя ў безлічы твораў, натхняюць сённяшняе пакаленне, абавязкова даючы глебу для разважанняў: а што я магу сказаць пра жыццё, пра свой час? Усвядоміць моц роднага слова, неўміручасць народных традыцый і вагу творчай скарбонкі дапамагае штогадовае свята пісьменства, якое ўзбагаціла Івацэвічы, адзін з найбуйнейшых і гістарычна значных рэгіёнаў Брэсцкай вобласці з больш чым 500-гадовай гісторыяй. Тут знаходзіцца геадэзічны пункт «Дуга Струвэ», канал Агінскага, красуе Косаўскі палац Пуслоўскіх ХІХ ст. А хто не памятае лыжны брэнд «Целяханы»? Суквецце дасягненняў і славутасцяў засведчыла свята.



— Сёння мы натхняемся ўрачыстай атмасферай, якой папярэднічала вялікая работа шматлікіх структур і прадстаўнікоў розных прафесій: ад будаўнікоў да работнікаў культуры і ў цэлым усяго насельніцтва, — адзначыла старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук. — Мы ўсвядомім набыткі крыху пазней: свята закончыцца, а ўсё, што напрацавана, застанецца. Калі людзі будуць ісці раніцай на работу і бачыць цудоўнае абноўленае гарадское аблічча, прыгожыя дамы, прыдамавыя тэрыторыі, добраўпарадкаваныя дарогі, сучасныя прыпыначныя пункты, гэта натхніць і зматывуе на падтрыманне парадку. Бо, як вядома, чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Прыгожая атмасфера, якую стварылі жыхары, будзе садзейнічаць далейшаму ўдасканаленню.

Свята пісьменства дэманструе традыцыю культурнай перазагрузкі праз кнігу, якая ў час развіцця тэхналогій зазнала новае да сябе стаўленне.

— Нягледзячы на лічбавізацыю ХХІ стагоддзя, апошнім часам людзі сталі звяртаць больш увагі на такія вечныя каштоўнасці, як кніга, — лічыць Ірына Краўчук. — Дарэчы, у нас вельмі добрая бібліятэка імя Піліпа Пестрака. Хто там пабывае, зможа пераканацца, наколькі прастора схіляе для чытання. Падчас лічбавізацыі гэта надзвычай актуальна. Менавіта на гэта і скіраваны Дзень пісьменства, у цэнтры якога — кніга і слова.

Чаму цікавасць да кнігі вяртаецца, нягледзячы на неабсяжныя магчымасці інтэрнэту, які ў сябе ўвабраў мільярды кніг? А шукаеш пэўную, сярод паліц, папяровую? Бо чалавек сумуе па кнізе, бо мае неабходнасць у камунікацыі, пераканана Ірына Віктараўна: «Мэта свята пісьменства — запрасіць да жывых зносін, гледзячы адно аднаму ў вочы, вучачыся адно ў аднаго. Калі глядзіш у вочы і можаш усміхнуцца, адбываецца эмацыянальны абмен, які робіць нас больш шчаслівымі. На самай справе чалавек жыве эмоцыямі».

ів1.jpg

Зарадзіцца імі выпала, бадай, як мінімум на год, да наступнага свята, бо, уявіце, на працягу двух дзён — каля 70 мерапрыемстваў, якія дораць адкрыцці, уражанні, знаходкі і, вядома, сустрэчы! Ветэран педагагічнай працы Сцяпан Куніцкі, у мінулым настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дабромысленскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, з гонарам адзначае:

— Я жыву на гэтай зямлі, непаўторнай і самабытнай, з багатай гісторыяй, амаль 50 гадоў. Прашчуры пакінулі тут многа запаведных мясцін, помнікаў культуры, архітэктуры. Праца нашых людзей, асабліва ў сферах культуры, адукацыі, сельскай гаспадаркі, заслугоўвае таго, каб Івацэвіцкі раён быў удастоены правядзення такога вялікага свята. Для мяне асабіста гэта гонар. Рады, што выдалася магчымасць паўдзельнічаць, выступіць на канферэнцыі, паказаць дасягненні свае і Дабромысленскага краю.

Сцяпан Куніцкі родам з Ляхавіцкага раёна. Пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута прыехаў працаваць на Івацэвіцкую зямлю і з 1977 года не пакідае гэты край. Івацэвіччына стала для яго другой радзімай, а яе ўраджэнцы — узорам: «Як можна не ўспомніць на ўроках у школе такіх вялікіх сыноў Івацэвіцкай зямлі, як Піліп Пестрак, Яраслаў Пархута, Віктар Рэчыц, Сцяпан Крываль! — усклікае Сцяпан Пятровіч. — Яны зрабілі шмат для таго, каб праславіць Івацэвіцкі край прыгожым словам пісьменства. Самае вялікае дасягненне ў жыцці чалавека і самая вялікая кніга — мова, сэрца народа. Калі да нас у школу ў восьмы клас прыйшоў мой дарагі, незабыўны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікалай Паўлавіч Юруць, ён запаліў душу любоўю і павагай да роднага слова, якое жыве з матчынай калыскі. А мама мая прайшла цяжкі шлях лагераў, была вывезена ў Германію. І, калі вярнулася, важыла толькі 29 кг. Ды выгадавала нас, чацвярых дзяцей, шчырымі, сумленнымі.

ів2.jpg

Чалавек сталы, вопытны, як ніхто, ведае цану сапраўдным каштоўнасцям: «Я заўсёды быў прыхільнікам друкаванага слова, — заўважае Сцяпан Куніцкі. — Слова чалавека ніколі не згасне, а інтэрнэт — у любы час. Слова — крыніца натхнення для кожнага. Хто любіць сваю зямлю, Бацькаўшчыну, павінен быць удзячны сённяшняму кіраўніцтву дзяржавы, прэзідэнту за тое, што жывём на шчаслівай зямлі».

Слова настаўніка, які прысвяціў высокай асветніцкай працы ўсё жыццё, дарагога варта: «Наш плён такі: калі нават адзін ваш вучань стаў настаўнікам беларускай мовы, як гаварыла нам прафесар Малажай Галіна Мікалаеўна ў Брэсцкім педінстытуце, значыць, вы сваю жыццёвую дарогу выбралі правільна».

Гэтай думкі трымаецца і Марыя Міхайлаўна Кузьмічова з аграгарадка Хомск Драгічынскага раёна, таксама настаўніца, а да таго ж майстар саломапляцення, чым займаецца ўжо 35 гадоў, а на свяце пісьменства дэманструе свае чароўныя вырабы: 

— Я працую ў Бездзежскай сярэдняй школе, займаюся з дзецьмі, яны з задавальненнем прыходзяць, плятуць, збіраюць калекцыю: па капелюшы, па кошыку... Ёсць у нас музей «Бездзежскі фартушок». Сёння дзень асаблівы: на свяце можна паказаць усё наша, беларускае. 

ів3.jpg

Саломка запатрабавана, нягледзячы на электронны век, упэўнена Марыя Міхайлаўна: «Саломка — жывы матэрыял, пастаянны, а электроннае — штосьці часовае. Так і кніга: не пакідае чалавека. Сёння настаўнік ставіць адзнакі ў электронны журнал, але, лічу, папера больш надзейная». Цікавасць дзяцей да саломкі звязана з тым, чым займаюцца бацькі: калі мама рукадзельніца, дзіця непазбежна прыйдзе да рукадзелля. Так, лічыць, і з чытаннем. 

Маштаб увагі да кнігі і пісьменства, народных промыслаў і мастацтва можна ацаніць па тым факце, што ўвесь цэнтр горада — вуліца Леніна — быў аддадзены ва ўладу гэтых каштоўнасцей. Сувязь былых часоў і цяперашніх прадэманстравалі шматлікія ўнікаты, прадстаўленыя ў экспазіцыйных шэрагах «Горада майстроў». Сярод іх — тэлеграфны апарат, які служыў для перадачы тэлеграм. Выкарыстоўваўся з сяр. 1980-х да 2000-х, стаяў на вузлах электрасувязі, на пошце. Вось на тэлеграмных бланках апарат выстукоўвае літары.

— Мы паказалі, як раней дзейнічала тэлеграфная сетка, — расказвае супрацоўнік Белтэлекама Галіна Сцефановіч. — Тэлеграфістка набірала тэкст тэлеграмы, прытым без права на памылку. Клавішу націснуў — сцерці немагчыма. Дакладнасць. У Брэсцкім філіяле музея Белтэлекама ёсць два працоўныя апараты. Набіраецца тэкст тэлеграмы, і адначасова бяжыць стужка з сімваламі-кодамі.

Быў у выкарыстанні літаральна 30 гадоў назад, а сёння ўжо выглядае як рарытэт — так імкліва развіваюцца тэхналогіі, такі імклівы прагрэс! Што ён можа нам сёння сказаць, наваспечаны рарытэт? 

— Каб разумець цяперашняе і будучыню, трэба ведаць, адкуль усё пачыналася. Каб было, з чым параўнаць: як мы крочым у індустрыяльны век, наколькі карысны прагрэс, — разважае Галіна Сцефановіч.

Цяпер шмат тэхнічна ідэальнага, што прапаноўвае прагрэс. Хутка не тэлеграмамі абменьвацца будзем, а думкі адно аднаго чытаць? Аднак глядзіш на паперу тэлеграмы — і цяпло ў душы. Колькім адрасатам гэта папера прынесла радасных вестак, што яе прыціскалі да сэрца! «А сёння мы атрымліваем лічбавыя паведамленні: прачыталі — выдалілі, — адзначае суразмоўца. — А надрукаваная на апараце паперчына — прадукт вечнасці. Прытым прадубляваная на стужцы з тэлеграфным міжнародным кодам. У лічбе такога цяпер няма». Адкрыццё!

Больш чым 150 пісьменнікаў з розных абласцей нашай краіны прынялі ўдзел у ХХХІ Дні беларускага пісьменства. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак бачыў шмат свят пісьменства ў розных беларускіх гарадах:

— Кожнае свята адметнае па-свойму, бо ў кожнага горада, раённага цэнтра, раёна свая аўра, — лічыць Алесь Мікалаевіч. — Часам можна пачуць, што Беларусь — невялікая краіна, але на самай справе гэта не так. У розных гарадах розная мова: калі прыязджаеш у Іванава, там так гавораць, у Івацэвічах — па-іншаму, як і ў маіх Ляхавічах. Свае словы, дыялекты. І гэта ў межах адной вобласці! Цікава пахадзіць па зямлі, дзе нарадзіліся такія знакамітыя пісьменнікі, як Піліп Пестрак. Малая роадзіма вельмі ўплывае на фарміраванне і пісьменнікаў, і мастакоў, і кампазітараў. Тут захоўваецца дух народа, што мацуе жывыя традыцыі, што перадае запавет продкаў і мудрасць былых часоў. А гісторыя Беларусі гераічная, багатая.

ів5.jpg

Свята — магчымасць напоўніць свой свет часцінкамі мудрасці ад мясцовых творцаў, івацэвіцкімі фарбамі слова. Алесю Бадаку даводзіцца шмат чытаць, у тым ліку класічных твораў, і бачыць гэтыя фарбы: «Калі чытаеш творы П. Пестрака, заўважаеш адметнасці аўтэнтычнага слова. Я хачу, пахадзіўшы па Івацэвіцкай зямлі, пачуць ужывую гэтую гаворку. Мне ўвогуле цікава назіраць за людзьмі, слухаць, размаўляць. Бо ў аддаленых ад Мінска гарадах, вёсках яны надзвычай цікавыя, кожны чалавек непаўторны. У сталіцы мы гэта заўважаем на хаду з-за паскоранага рытму жыцця. А калі прыязджаеш сюды, адчуваеш, што час крыху запавольваецца. І ты паспяваеш больш убачыць, зразумець, запомніць».

Хочацца верыць, што ў рэгіянальнай размеранасці і няспешнасці чалавек абаронены ад дэзынфармацыі, ад агрэсіўных, правакацыйных паведамленняў. Сустрэча з жывой кнігай здольна выпрацаваць імунітэт на гэтыя выклікі сучаснасці. «Перакананы, што папяровая кніга была, ёсць будзе. Сёння мы гаворым пра інтэрнэт, заўтра — пра электронныя фарматы кнігі, а пасля з’явіцца яшчэ нешта іншае, — разважае Алесь Бадак. — Нават калі мы паміж сабой будзем размаўляць на ўзроўні думак, кожны, хто любіць кнігу, будзе браць яе ў рукі і перачытваць».

Падчас свята кніга паўстала ў разнастайных абліччах. Літаральна ў рукі можна было ўзяць кнігу не толькі папяровую, але і з бісквіту, мастыкі, можна было і прыхінуцца да яе, выкананай як арт-аб’ект у поўны рост... Кніга, бясспрэчна, была ўладаркай.

Івацэвічы наведала велізарная колькасць гасцей і пісьменнікаў. Сустрэцца сам-насам з творцам — гэта магчымасць зверыць свой духоўны гадзіннік, прасачыць лінію жыцця тых, хто надзвычай тонка ўспрымае рэчаіснасць, каго называюць інжынерамі чалавечых душ. Творчая сустрэча з народным беларускім пісьменнікам, ганаровым старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Чаргінцом з удзелам народных артыстаў Беларусі Эдуарда Ханка і Марыі Захарэвіч — прыклад таго, як, гледзячы ў люстэрка душы творцаў, лепш спазнаеш сябе. Спікерам выступіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, які сфакусіраваўся на этапах жыццёвага шляху пісьменніка і яго шматграннай творчасці. Раман «Аперацыя «Кроў», напісаны адносна нядаўна, выклікаў цікавасць і ў медыя, і ў літаратурных крытыкаў, ужо выпушчаны некалькі разоў асобнымі кнігамі.

Адным з вялікіх выпрабаванняў у лёсе Мікалая Чаргінца стаў Афганістан, дзе ён быў двойчы, акцэнтаваў Алесь Карлюкевіч. І трапіў туды ў перыяд сваёй творчай сталасці, калі меў вопыт і расказаў пра беларускіх праваахоўнікаў, беларускую міліцыю. Невыпадкова ўжо сталага пісьменніка Чаргінца ў Афганістан праваджалі народныя пісьменнікі Беларусі Васіль Быкаў, Іван Шамякін... З Мікалаем Іванавічам сябравалі Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў... Рэгулярна ліставаліся. Трапіўшы ў Афганістан, Мікалай Чаргінец расказаў пра выпрабаванні чалавека, жыццёвы экзамен для асобы, пра адносіны да вайны, што сёння асабліва актуальна. 

«Раман „Сыны“, які апавядае пра лёс беларусаў воінаў-інтэрнацыяналістаў, яшчэ неаднойчы будзе перавыдавацца, — перакананы Алесь Карлюкевіч. — Улічваючы, што ён ужо выйшаў і на рускай, і на беларускай мове ў перакладзе крытыка, літаратуразнаўцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча». Па гэтым рамане, прызнаўся Чаргінец, яму прыйшло тысячы пісем.

— Роля пісьменніка сёння — у выхаванні падрастаючага пакалення, у абароне ідэалаў Радзімы, у вырашэнні пытанняў павышэння эфектыўнасці нашай эканомікі і гарантыі яе абароны на міжнароднай арэне, — сказаў Мікалай Чаргінец.

Даўняя творчая і чалавечая дружба звязвае з Мікалаем Іванавічам Марыю Захарэвіч, яна ўдзельнічала амаль ва ўсіх прэзентацыях яго новых кніг і праз дзесяцігоддзі рада прыняць удзел у такіх значных імпрэзах, як, у прыватнасці, сённяшнім свяце пісьменства ў Івацэвічах. «Лічу, што творчае жыццё без нашай літаратуры, без паэзіі вельмі збедненае, — сказала Марыя Георгіеўна. — Нашай літаратурай можна ганарыцца, і трэба праслаўляць нашых пісьменнікаў». 

— Высокая місія літаратуры палягае ў тым, каб адлюстраваць лёс народа, паказаць яго стваральную працу, здабыткі, трагічныя моманты, — перакананы Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства, доктар гістарычных навук, прафесар. — Наша літаратура на працягу апошняга часу, пачынаючы з XIX стагоддзя, у большай ці меншай ступені з гэтай задачай спраўлялася. Пра пасляваеннае адраджэнне — раманы Івана Шамякіна, пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны — творы Быкава і Чыгрынава і іншых аўтараў. І сучасныя пісьменнікі паказваюць чалавека ў розных абставінах, а паэты перадаюць пачуццёвы свет нашых людзей... Этнас пачынаецца там, дзе пачынаецца адметнае беларускае слова.

Падарункам для Івацэвіцкай бібліятэкі стала кніга Івана Саверчанкі «Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока» з аўтографам аўтара і пажаданнем спрыяць паглыбленню і развіццю ведаў па гісторыі і культуры краіны.

— Наша дзяржава сёння на поўную моц падтрымлівае і кнігадрукаванне, і мастацкае слова, — адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч, пісьменнік, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. — Галоўнае — каб былі таленты, якія жадаюць пісаць дзеля Радзімы і чытача. Сёння патрэбны творы пра наша жыццё, пра тое, якое яно ёсць і якое хацелі б падараваць дзецям, паказаўшы магістральны шлях. Папярэднія пакаленні накіроўвалі нас, і цяпер галоўнае гэтую эстафету, прапушчаную праз сэрца, перадаць. Тады наша дзяржава будзе развівацца і эканамічна, і духоўна.

Свята з’яўляецца сімвалам народнага адзінства. Разнастайныя лакацыі свята нагадваюць пра нашы вытокі, падштурхоўваюць задумацца, хто мы ёсць, шанаваць продкаў, любіць край, ты больш такі абноўлены і расквечаны.

— Горад зазнаў павелічэнне цікавасці сярод турыстаў, шмат сёння гасцей, думаю, будуць прыязджаць і ў далейшым, бо дзякуючы чыгуначнай станцыі лёгка прыехаць з Мінска на цягніку, агледзець горад, потым перамясціцца ў замак у Косаве: камунікацыі спрыяюць, — дзеліцца мясцовы жыхар Антон Янчылін, які з братам назіралі ў скверы Перамогі за ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй, прысвечанай партызанскаму руху на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна, а потым тут жа далучыліся да паэтычнай імпрэзы. Шануюць кнігу «Нягледзячы на тое, што мы прывыклі ўжо да лічбавага носьбіта інфармацыі, не губляе пазіцый аналагавы — жывая кніга. Гэта ўбачылі на свяце», — уключаецца брат Павел Янчылін, які, як аказваецца, выкладае ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Кніга адваёўвае пазіцыі ў інтэрнэту, лічыць ён: «Уся справа ў адчуваннях: калі, напрыклад, гартаеш газету, ты яе адчуваеш, а менавіта працу людзей, а ў інтэрнэце прагартаў і забыў, інфармацыя знікла, а да папяровага носьбіта хочацца вярнуцца. Літары аднолькавыя і ў лічбавым выглядзе, і ў папяровым, але ў інтэрнэце здаецца, што за работнікаў рэдакцыі ўсё робіць штучны інтэлект. А трохмернае мышленне адкуль з’яўляецца? Канешне, не ад баўлення часу ў тэлефоне, а з кнігі, калі складваецца карцінка ў галаве».

Наколькі трываласць кнігі ў сучасным свеце мацуе Дзень пісьменства, дэманструюць паэты, якія да падзеі загадзя рыхтуюцца: «Я знарок выдала зборнік „Пуцявіна“ за свой кошт, які даў мне Гран-пры. Прычым вокладку для яго малявала сама пры дапамозе штучнага інтэлекту. Мне цікава сёння параўнаць, паслухаць іншых творцаў, зрабіць высновы, каб працаваць далей», — прызнаецца Зінаіда Дудзюк, якая згадала, што была знаёма з Яраславам Пархутам: «Я тады працавала ў бюро прапаганды мастацкай літаратуры арганізатарам, і Яраслаў Пархута і Уладзімір Скарынкін прыязджалі сюды. Мы хадзілі на магілу інсургентаў, глядзелі тады разваліны палаца Пуслоўскіх, наведвалі целяханскую гару. Ёсць у мяне кніга, падпісаная Пархутам». Быў асабіста знаёмы з ім і літаратуразнаўца, перакладчык, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота, які, дарэчы, удзельнічаў ва ўсіх святах пісьменства, 31 раз: «Я ведаў Яраслава Пархуту, гэта быў інтэлігентны чалавек. Як пісьменнік вядомы ў розных жанрах, але ў першую чаргу ў эсэістыцы. Я член Саюза пісьменнікаў з 1984 года, многа разоў быў разам з ім у творчых паездках, імпрэзах. Пестрака пры жыцці заспеў, але знаёмыя мы асабіста не былі. Ён легенда, пра яго столькі гаварылі, і нават у нашым коле маладзейшых. Калі я прыйшоў у саюз, пісьменнікаў усяго было дзвесце чалавек, а цяпер у некалькі разоў больш. Мы тады добра ведалі адзін аднаго». 

Мастацкае паэтычнае слова дадавала свае пазлы ў мазаіку свята пісьменства.

— Горад Івацэвічы атрымаў велічэзны падарунак ад вечнасці, ад Сусвету, бо паэзія — сігнал вечнасці, але яго трэба пачуць, Толькі паэты гэта могуць зрабіць, бо яны ад Бога народжаны такімі, у іх скуры няма, — упэўнена старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. — Наша дэлегацыя з Віцебска пераадолела дзеля Дня пісьменства 500 км, а з Полацка — усе 700! Агулам мы праехалі 1400 км, таму што любім вершы і нам прыемна дарыць іх людзям.

Паэтычны сувенір ад Дзмітрыя Радзівончыка — акраверш, які чытаецца і па гарызанталі, і па вертыкалі. Першыя літары кожнага радка складаюць слова ІВАЦЭВІЧАМ.

Вершы каля новага помніка спаленым вёскам, стылізаваным у выглядзе коміна ў скверы Перамогі, сталі данінай памяці тым, хто прынёс нам доўгачаканае вызваленне ад фашысцкай акупацыі.

— Я пачала пісаць пра вайну вельмі позна, магчыма, таму, што мой тата, ветэран ВАВ, дайшоў да Берліна, да рэйхстага, не любіў расказваць пра вайну, — прызнаецца Людміла Кебіч, старшыня Гродзенскага аддзялення СПБ. — Але чым чалавек становіцца сталейшым, тым яго больш кранае гэтая тэма і не адпускае. 

Гэта засведчыў верш «Я дачка ветэрана», які з’яўляецца першым у творчасці Людмілы Іосіфаўны на тэму вайны. 

Гаспадарылі на паэтычнай пляцоўцы ў скверы Перамогі пісьменнікі Брэсцкага аддзялення СПБ разам з вядучым Анатолем Бензеруком. Калі рыхтаваліся да свята, наноў адкрывалі гісторыю літаратурнай Брэстчыны, імёны, гісторыі, звязаныя з пісьменнікамі, як яны прыйшлі ў літаратуру, адзначыла старшыня Брэсцкага аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч: «І гэта акрыляе, бо, калі чытаеш, які лёс у Піліпа Пестрака, Міколы Засіма, Валянціна Таўлая, Міколы Грынчыка, прасякаешся іх прыкладам — жыць дастойна і быць вернымі сваёй Радзіме, творчаму выбару».

Такі дэвіз і ў калег паэтаў па творчым цэху — музыкантаў, якія таксама прасляўляюць роднае слова, але ўжо ў песні. Народны ансамбль народнай песні «Іванічы» Івацэвіцкага ГДК існуе больш як 30 гадоў. Арганізаваў яго Вячаслаў Кулініч, якога з намі ўжо, на жаль, няма. Разам з Аляксандрам Голубам, цяперашнім кіраўніком ансамбля, яны былі двума найвыдатнейшымі баяністамі, якія гуртавалі вакол сябе іншых. Сярод першых удзельнікаў калектыву, хто стаяў каля яго вытокаў, — і салістка Галіна Дзянісік, якая спавае ўсё жыццё і дагэтуль адданая сваёй справе: «Свята пісьменства цудоўнае. Артысты прыехалі здалёк дзеля аднаго-двух нумароў, — кажа Галіна Мікалаеўна. — Такія святы патрэбны, асабліва нам, беларусам, адкрытым, чуллівым, шчырым людзям. Сярод безлічы мерапрыемстваў кожны знаходзіць менавіта для сябе».

Мінаючы даўжэзны рад павільёнаў экспазіцый, шматлікія забаўляльныя пляцоўкі свята, наталіўшыся ўрачыстым гоманам, хочацца прысесці ва ўтульным месцы, разгарнуць кнігу Яраслава Пархуты і чытаць: «Мы прымасціліся на прызбе і слухаем тое вялікае абуджэнне. Над самай хатай, у небе, ажно заходзяцца ад радасці кнігаўкі:

— Жы-ыць!

— Жы-ыць!..»

Наталля СВЯТЛОВА,

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю