Top.Mail.Ru

Подзвіг Рымы Шаршнёвай — сімвал мужнасці і адвагі

10.06.2025 | 11:05

Імем сямнаццацігадовай партызанкі, якая закрыла сабой амбразуру варожага дзота, названы вуліцы ў Добрушы і ў сяле Тоцкае Арэнбургскай вобласці. Гэта ж імя — Рымы Шаршнёвай — носіць сталічная гімназія № 25 (некалі — школа, дзе вучылася Рыма), дзе цяпер штогод урачыста праводзіцца Дзень памяці Рымы Шаршнёвай.


Нарадзілася яна ў 1925 годзе ў Добрушы, у сям’і лесніка. У 1933-м Шаршнёвы пераехалі ў Мінск. Тут дзяўчына хадзіла ў школу, займалася стралковым спортам, перамагала на раённых спаборніцтвах.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны бацька Рымы пайшоў на фронт, туды ж ірвалася дачка. Пасля многіх захадаў і ліста ў ЦК камсамола яе залічылі ў падмаскоўную школу партызанскіх разведчыкаў, дзе дасведчаныя камандзіры і выкладчыкі вучылі юнакоў і дзяўчат дзейнічаць у глыбокім тыле праціўніка: здабываць разведданыя, валодаць зброяй, працаваць на радыёстанцыі, ставіць і здымаць міны, падрываць масты... Рыма аказалася здольнай вучаніцай.

Пасля завяршэння падрыхтоўкі ў школе быў сфарміраваны атрад з шасцідзесяці байцоў, дзе побач з хлопцамі стаялі Рыма Шаршнёва, Алена Аляб’ева, Маргарыта Кірава, Ганна Макарава і іншыя дзяўчаты. У жніўні 1942-га гэты атрад перайшоў лінію фронту і накіраваўся ў Беларусь. Падчас рэйду, які доўжыўся 50 дзён, мсціўцы нападалі на невялікія нямецкія гарнізоны, вялі агітацыю сярод насельніцтва, стваралі падпольныя групы і арганізацыі, у тыле ворага разгортвалі масавы партызанскі рух.

Рыма выконвала абавязкі сувязной, распаўсюджвала ўлёткі, праводзіла сходы, заклікала вяскоўцаў да супраціўлення захопнікам, брала ўдзел у баявых аперацыях. Па ўспамінах былой партызанкі Ганны Куляшовай, «Рыма была невысокага росту ў шапцы-аблавушцы, заўсёды з аўтаматам. Яна выходзіла на самыя небяспечныя, самыя цяжкія баявыя аперацыі».

Адной з іх — 24 лістапада 1942 года — стала аперацыя па разгроме варожага гарнізона каля вёскі Ламавічы Палескай вобласці. Даведаўшыся пра яе, Рыма,
нягледзячы на стому (вярнулася з баявога задання), далучылася да партызан.

Раніцай яны падняліся ў атаку... Па іх ударылі кулямёты з варожых дзотаў. Адзін, другі ўціхамірылі гранатамі... Трэці — з кругавым абстрэлам — быў размешчаны на скрыжаванні вуліц і працягваў стопарыць прасоўванне партызан: іх атака магла захліпнуцца...

Усё адбылося вельмі хутка: партызаны ўбачылі, як з-за дома выбегла Рыма, кінулася наперад і целам закрыла амбразуру дзота. Пасля чаго народныя мсціўцы за лічаныя хвіліны знішчылі варожы гарнізон.

За гэты подзвіг партызанка была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, на жаль, пасмяротна.

Пасля вайны прах Р. І. Шаршнёвай перапахаваны ў г. Любані. У вёсцы Ламавічы на тым месцы, дзе яна здзейсніла свой подзвіг, устаноўлены помнік адважнай партызанцы. У фондах дзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца дакументы Рымы: яе камсамольскі білет, атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы, ліст да цёткі...

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю