Top.Mail.Ru

Поўны цыкл гомельскага домабудавання ацанілі парламентарыі

У складзе парламенцкай групы ў абласны цэнтр прыбылі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — прадстаўнікі Гомельскай вобласці на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігарам Сергяенкам. Спікер і дэпутаты наведалі ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат».


— Мы жывём у выбарчых акругах, жывём жыццём калектываў і тых выбаршчыкаў, якія аказалі высокі давер — быць выбраннікамі народа ў Палаце прадстаўнікоў. Для наведвання выбралі Гомельскі домабудаўнічы камбінат, паколькі наша калега, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анжаліна Сырамятнікава, раней працавала тут намеснікам дырэктара. Мы практыкуем такія паездкі-сустрэчы менавіта з тымі калектывамі, у якіх раней працавалі дэпутаты, — звярнуў увагу падчас наведвання прадпрыемства Ігар Сергяенка.

Аб сённяшніх вытворчых дасягненнях на прадпрыемстве дэлегацыі парламенцкай групы расказаў генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Аляксандр Ганчароў. Флагман будаўнічай галіны краіны быў створаны ў 1966 годзе. Як падкрэсліў кіраўнік таварыства, сёння галоўны кірунак вытворча-гаспадарчай дзейнасці камбіната — будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў буйнапанэльнага домабудавання. Прадпрыемства ўзводзіць аб’екты не толькі ў Гомелі, але і па ўсёй краіне, а таксама ў Расійскай Федэрацыі. 

У пачатку знаёмства з будаўнічым флагманам Гомельшчыны Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка сустрэўся з працоўным калектывам камбіната. Ён звярнуў увагу на ацэнку кіраўніка дзяржавы, паводле якой дэпутацкі корпус — гэта барометр грамадскіх настрояў, і голас народных выбраннікаў заўжды ўлічваецца пры арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў значных для жыцця краіны.


Спікер засяродзіў увагу на ўсебаковым абмеркаванні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады, якое праходзіць па ўсёй краіне. 

— Мы падыходзім да першага года наступнай пяцігодкі. І, вядома ж, будучыня нашай краіны сёння залежыць ад таго, як будзе распрацавана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігоддзе і, адпаведна, прагноз, які ўжо зацверджаны ў краіне, эканамічнага развіцця на наступны год, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Сёння мы разам з урадам працуем над зацвярджэннем, разглядам бюджэту, змяненнямі ў Падатковы кодэкс — дакументаў, якія паслужаць асновай для планавання ўсёй гаспадарчай, эканамічнай дзейнасці ў наступным годзе і ў наступным пяцігоддзі.

Па словах спікера, з тых матэрыялаў, якія сёння вывучаюць парламентарыі, бачна тое, што бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць: а гэта і ахова здароўя, адукацыя, пенсіённае забеспячэнне. Уласна Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, як звярнуў увагу Ігар Сергяенка, захавае пераемнасці папярэдняй пяцігодкі і будзе накіравана на далейшае павышэнне ўзроўню жыцця беларускага народа.


— Адным з важных кірункаў праграмы з’яўляецца развіццё рэгіёнаў, рэгіянальнай палітыкі. Гэта і ўдасканаленне інфраструктуры, і будаўніцтва, рамонт дарог — тое, што апошнія два гады актыўна праводзяцца фактычна ва ўсіх абласцях нашай краіны, — засяродзіў увагу спікер. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў адказаў на хвалюючыя пытанні працаўнікоў Гомельскага домабудаўнічага камбіната. Узнялі тэмы маладзёжнай палітыкі, работы з маладымі кадрамі на працоўных месцах, пенсіённага ўзросту. Ігар Сергяенка на ўсе пытанні працаўнікоў даў падрабязныя адказы. 

Дэпутаты азнаёміліся з вытворчай базай прадпрыемства. Наведалі фармовачны ўчастак па выпуску жалезабетонных вырабаў: унутраных і вонкавых сценавых панэляў, пліт перакрыцця. Спікер Палаты прадстаўнікоў і дэпутаты змаглі на свае вочы ўбачыць створаны на прадпрыемстве поўны вытворчы цыкл — ад стварэння асноўных вырабаў для ўзвядзення гатовага дома. Паглядзелі, як ідзе работа на рэканструяванай вытворчасці, якая дазваляе прадпрыемству значна зніжаць працоўныя выдаткі, павялічыць прадукцыйнасць і выпуск гатовай прадукцыі.


Акрамя таго, дэпутаты ацанілі ўнікальны для краіны аб’ект вытворчасці Гомельскага домабудаўнічага камбіната — першы і пакуль адзіны ў Беларусі 24-павярховы жылы дом, пабудаваны ў панэльным выкананні. 

— Будуюць — годна! — адзначыў поспех гомельскіх домабудаўнікоў ва ўкараненні сучасных тэхналогій у айчынным будаўніцтве Ігар Сергяенка. — Прадпрыемства самадастатковае. Больш за трыццаць тысяч вырабаў, неабходных для вытворчасці блокаў і будаўніцтва — ад нуля да здачы аб’екта, — выпускаюць самастойна. Літаральна нядаўна здалі першы гомельскі хмарачос. Адзін з момантаў, які мяне асабліва ўразіў, — як залівалі падмурак: 25 гадзін бесперапынна заліваўся бетон, каб ён быў найбольш магутны і моцны, — прама на даху, на ўзроўні 25-га паверха, — уражаннямі ад знакавай новабудоўлі падзяліўся з журналістамі Ігар Сергяенка. 

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама далучыліся да ўрачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 82-й гадавіны вызвалення горада Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адкрыцця помніка выдатнаму палкаводцу, Маршалу Савецкага Саюза Канстанціну Ракасоўскаму. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара

Чытайце таксама: Чалавек-легенда, ваенны геній. Помнік Канстанціну Ракасоўскаму адкрылі ў Гомелі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю