Як БЕЛАЗ развівае вытворчасць беспілотных самазвалаў, расказаў журналістам генеральны дырэктар БЕЛАЗа Сяргей Лесін на палях форуму «Тэхналагічны суверэнітэт: ІТ-рэсурс для прамысловасці» ў Парку высокіх тэхналогій, паведаміла БелТА.
«Беларускі аўтамабільны завод уваходзіць у лік сусветных лідараў па вытворчасці кар’ернай тэхнікі. Мы, вядома ж, сочым за тэндэнцыямі на рынку, працуем над тым, каб павысіць эфектыўнасць эксплуатацыі нашай тэхнікі і прыбытак нашых спажыўцоў. Рашэнні, якія мы сёння прапануем, — аўтаномныя бязлюдныя самазвалы — сапраўды прыносяць нашым спажыўцам эфект. Працуем мы над гэтай тэмай даволі даўно, вырашалі гэту задачу самастойна. Выпусцілі некалькі пакаленняў такіх кар’ерных самазвалаў. Адзін з пілотных праектаў пачалі рэалізоўваць у 2019 годзе ў Расіі — на адным з вугальных разрэзаў у Хакасіі. Цяпер мы ідзём да завяршэння рэалізацыі праекта па стварэнні поўнасцю нацыянальнага прадукту — як у частцы кар’ернага самазвала, так і ў частцы праграмнага прадукту», — заявіў Сяргей Лесін.
Паводле яго слоў, для таго, каб скараціць расходы і тэрміны рэалізацыі гэтага праекта, БЕЛАЗ выбраў у партнёры кампанію — рэзідэнта ПВТ з неабходнымі кампетэнцыямі. «Мы задаволены атрыманым вынікам. Літаральна заўтра ў нас адбудзецца сустрэча з адным з якарных кліентаў, з якім мы будзем абмяркоўваць параметры першага праекта ўжо з нацыянальным прадуктам як у частцы жалеза, так і ў частцы праграмнага забеспячэння. Вельмі важна, што мы, не ўносячы істотных змяненняў у серыйна выпускаемую прадукцыю, дзякуючы прымяненню праграмных прадуктаў надаём нашаму прадукту новыя ўласцівасці, якія даюць магчымасць павышаць прадукцыйнасць машын, зніжаць расходы. Гэта прыносіць нашым кліентам прыбытак і павышае нашу канкурэнтаздольнасць на рынку», — адзначыў гендырэктар завода.
Ён таксама спыніўся на некаторых тэхналагічных асаблівасцях беспілотных самазвалаў. «5G выкарыстоўваецца для камунікацыі, а штучны інтэлект — для планавання выканання задач аўтаномнымі машынамі, а таксама для рэагавання на зменлівыя ўмовы ўнутры кар’ера», — дадаў Сяргей Лесін.