Top.Mail.Ru
276

Плывец Саракавік стаў першым беларускім чэмпіёнам III Гульняў краін СНД

Беларускія спартсмены заваявалі восем узнагарод у першы дзень спаборніцтваў па плаванні на III Гульнях краін СНД у Азербайджане, паведамляе БелТА.


У стартавы дзень у басейне ў Гянджы адбыліся фіналы ў дзевяці відах праграмы, у актыве нашай каманды — адно золата, чатыры сярэбраныя і тры бронзавыя медалі. На дыстанцыі 100 м брасам у хлопцаў перамогу атрымаў Усевалад Саракавік, а на 200-метроўцы комплексам другім стаў чэмпіён нядаўняга еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю Максім Малышка. На 50-метроўцы на спіне срэбра ўзяў Мікіта Апанасік, які саступіў расіяніну Дзмітрыю Краўцову ўсяго адну сотую секунды. Тройку замкнуў яшчэ адзін беларус Кірыл Банцэвіч.

На дыстанцыі 800 м вольным стылем у дзяўчат бронзавым прызёрам стала Ксенія Мастовіч, а на 200-метроўцы брасам другое і трэцяе месцы занялі Валерыя Шылку і Бажэна Піваш. У змешанай эстафеце кролем 4×100 м нашы Аляксей Тарасенка, Мікіта Лях, Анастасія Васіленка і Валерыя Шылко паказалі другі вынік услед за расійскай камандай.

Цырымонія адкрыцця III Гульняў краін СНД адбудзецца ў Гянджы ў нядзелю ўвечары. Мультыспартыўны форум працягнецца да 8 кастрычніка. Усяго спаборніцтвы сабралі больш за паўтары тысячы атлетаў да 23 гадоў з 13 краін — Азербайджана, Беларусі, Расіі, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Туркменістана, Турцыі, Кубы, Кувейта, Пакістана і Амана. У склад нашай дэлегацыі ўвайшоў 241 юны спартсмен у 21 дысцыпліне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю