Як сфарміраваць у падрастаючага пакалення базавыя духоўна-маральныя арыенціры, выхаваць павагу да дзяржаўнай сімволікі, падтрымаць у моладзі актыўную грамадзянскую пазіцыю — больш за трыста маладых людзей з усёй краіны сабраліся абмеркаваць гэтыя і іншыя пытанні, каб вызначыць, што значыць быць патрыётам сёння.
Шчыт будучыні і суверэнітэту дзяржавы
Гісторыя не раз даказвала: народ, у чыіх сэрцах жыве любоў да Радзімы, здольны пераадолець любыя выпрабаванні. Гэта, звяртаючыся да прысутных, адзначыла і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА: «Сімвалічна, што наш форум праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі — падзеі, якая вызначыла лёс нашай краіны і ўсяго чалавецтва. Перамогі, якая была здабытая велізарнай цаной і засталася для нас маральным арыенцірам, сімвалам нязломнай волі і бязмернай любові да сваёй Айчыны. Вы — спадчыннікі пакалення пераможцаў, праўнукі партызан, салдат, падпольшчыкаў, людзей, для якіх гонар і абавязак былі не простымі словамі, а сэнсам жыцця».
У нашы дні, калі інфармацыйныя і гібрыдныя войны працягваюць расхістваць асновы беларускага грамадства і маніпуляваць свядомасцю моладзі, як ніколі важна прыкладаць усе намаганні для яе патрыятычнага выхавання. Бо, як падкрэсліла Наталля Качанава, праўду немагчыма перапісаць там, дзе прадстаўнікі маладога пакалення шануюць памяць аб подзвігу савецкага салдата і захоўваюць дух пераможцаў: «Ваша цвёрдая грамадзянская пазіцыя, беражлівыя адносіны да гістарычнай спадчыны, да памяці герояў, якія сталі сімвалам нязломнай мужнасці і падарылі нам мірнае жыццё, — гэта надзейны шчыт будучыні нашай краіны і суверэнітэту дзяржавы».
Такога ж меркавання прытрымліваецца і курсант першага курса Інстытута пагранічнай службы, удзельніца праекта «Цягнік памяці» ў 2024 годзе Наталля МІКША. Дзяўчына добраахвотна змяніла звычайнае жыццё на форму, статут і цяжкі, але ганаровы шлях абаронцы Айчыны. Наталля гаварыла ад самой моладзі аб тым, што яна ўжо робіць і гатова рабіць у будучыні на карысць дзяржавы: «Я лічу, што самае галоўнае — шчыра любіць сваю адзіную і непаўторную Радзіму, быць карысным ёй і сваім суграмадзянам. Быць патрыётам — гэта значыць дзейнічаць. І я ўпэўнена, што мой шлях — гэта толькі адзін з тысяч магчымых варыянтаў служэння сваёй краіне».
Заматываваць і зацікавіць моладзь
Ваенна-патрыятычнае выхаванне — гэта неад’емная частка станаўлення грамадзяніна і асобы, для якой у нашай краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы. Як адзначыў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, у беларускіх школах паспяхова працуюць спецыялізаваныя ваенна-патрыятычныя класы. Тое, што з кожным годам іх колькасць толькі павялічваецца, — прамы доказ іх запатрабаванасці і эфектыўнасці. Да таго ж, за кожнай школай замацаваны памятныя мясціны, мемарыялы і іншыя гістарычныя аб’екты. Асаблівую ролю ў агульнай сістэме ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі займаюць і ваенна-патрыятычныя клубы.
Дарэчы, у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў функцыянуе 207 ваенна-патрыятычных клубаў. І сетка, паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая КАРПЯНКОВА, працягваецца развівацца і пашырацца. Асаблівая ўвага надаецца ўзаемадзеянню з унутранымі войскамі, на базе якіх працуюць ужо 23 спецыялізаваныя клубы. Таму і месцам правядзення першага Маладзёжнага ваенна-патрыятычнага форуму выбралі воінскую часць 3214 не проста так. «Мы рыхтуем моцную, прафесійную моладзь, якая любіць сваю Радзіму, ганарыцца ёй. І, што самае галоўнае, разумее, што Радзіму трэба абараняць, — адзначыў Мікалай Карпянкоў. — Для форуму мы пастараліся зрабіць цікавыя лакацыі, каб максімальна матываваць моладзь пайсці служыць у падраздзяленні спецыяльнага прызначэння, стаць афіцэрамі». Паказальныя выступленні і знаёмства з работай спецпадраздзяленняў таксама пакінулі ўдзельнікам форуму па-сапраўднаму незабыўныя ўражанні.
Але важна разумець: задача клубаў не зводзіцца выключна да падрыхтоўкі будучых вайскоўцаў — патрыёты патрэбныя ва ўсіх сферах жыцця дзяржавы і грамадства. Увогуле, сёння мы жывём у імклівы час, калі менавіта ад моладзі залежыць, якім будзе заўтра. «Вашы ідэі, імкненні, энергія і полымя любові да Радзімы здольныя мяняць усё навокал, рабіць лепшым», — адзначыў міністр абароны Віктар ХРЭНІН. Міністр пажадаў, каб Маладзёжны ваенна-патрыятычны форум стаў не толькі пляцоўкай для абмену вопытам, умацавання сяброўскіх адносін і пашырэння кругагляду, але і адпраўным пунктам для самых смелых ідэй і вялікіх здзяйсненняў.
Аміна НАЗАРАВА.
Фота аўтара.