Top.Mail.Ru

Планы і трэнды жыллёвага будаўніцтва на найбліжэйшую пяцігодку

Арэнднае, сацыяльнае, па дзяржзаказе


Да 2030 года плануецца дасягнуць забяспечанасці насельніцтва жыллём у памеры 33 кв. м на чалавека (цяпер гэты паказчык складае 30,4 кв. м). У выніку рэалізацыі адпаведнай дзяржаўнай праграмы будзе ўведзена ў эксплуатацыю 5 мільёнаў кв. м арэнднага жылля, 1,25 мільёна кв. м — па дзяржаўным заказе, 2 мільёны кв. м электрадамоў. Будаўніцтва аднакватэрных індывідуальных жылых дамоў складзе не менш за 40 % ад агульнага ўводу. Расказваем, як у найбліжэйшыя пяць гадоў плануецца забяспечыць беларусаў даступным і камфортным жыллём.

Дынаміка станоўчая

Найлепшы паказчык па будаўніцтве жылля за апошнія 10 гадоў дасягнуты летась. Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна ВАСІЛЮЧАК, па выніках 2025 года забяспечаны ўвод агульнай плошчы жылля ў 4 млн 573 тыс. кв. м, што склала 101,6 % ад гадавога задання. Такім чынам, яно перавыканана на 73 тысячы квадратных метраў. За 2025 год агульны ўвод у эксплуатацыю жылых дамоў у параўнанні з 2024-м павялічаны больш як на 183 тысячы квадратных метраў.

— Гэта сведчыць аб станоўчай дынаміцы развіцця жыллёвага будаўніцтва і пацвярджае запатрабаванасць такога жылля. Устаноўленыя на 2025 год заданні выкананы абсалютна ўсімі рэгіёнамі. Таксама адзначу, што ў Дырэктыве Прэзідэнта № 8 вызначана гарантаваць штогадовае будаўніцтва індывідуальнага жылля ў памеры не менш за 40 % ад агульнага аб’ёму. Летась гэтае заданне перавыканана больш чым на 9 % і склала 49,4 %. 2025-ы быў завяршальным у рэалізацыі дзяржаўнай праграмы будаўніцтва жылля 2021–2025 гады. І з улікам максімальна дасягнутага аб’ёму летась па выніках пяцігодкі заданне па агульным уводзе перавыканана на 369 тысяч кв. м, — прывяла лічбы Таццяна Васілючак.

Іншыя паказчыкі мінулага года таксама выкананы з перавышэннем. У прыватнасці, гадавы параметр будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай склаў 810,9 тысячы кв. м (109,5 % ад гадавога задання). Для шматдзетных сем’яў пабудавана 6664 кватэры, што склала 134 %. Паказальным па выніках мінулага года з’яўляецца ўвод жылых дамоў з выкарыстаннем электрычнай энергіі: пабудавана амаль 555 тысяч кв. м (172 % ад задання).

Асаблівая ўвага ў мінулай пяцігодцы ўдзялялася будаўніцтву арэнднага жылля. Летась уведзена ў эксплуатацыю 445 тысяч кв. м. такіх кватэр, а заданне выканана на 100,7 %.

— Аб’ём уводу арэнднага жылля павялічыўся ўтрая ў параўнанні з першым годам пяцігодкі. У 2021-м было прынята ў эксплуатацыю 134 тысячы кв. м. Па выніках пяцігодкі мэтавы на сёння паказчык будаўніцтва арэнднага жылля, устаноўлены дзяржаўнай праграмай у памеры не менш за 540 тысяч кв. м, перавыкананы больш як удвая, — падкрэсліла Таццяна Васілючак. Усяго за пяць апошніх гадоў уведзена каля 1,34 мільёна кв. м арэнднага жылля.

Стварыць магчымасці

Новая дзяржаўная праграма будаўніцтва жылля на 2026–2030 гг. накіравана на стварэнне магчымасцяў, якія дазволяць беларусам палепшыць жыллёвыя ўмовы, зыходзячы з іх фінансавых рэсурсаў і ў адпаведнасці з індывідуальнымі запытамі. Найперш развіццё жыллёвага будаўніцтва будзе арыентавацца на ўзвядзенне арэнднага жылля для запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў.

— Асноўны трэнд дзяржаўнай праграмы — арэнднае жыллё, якое дазваляе шукаць не працу каля дома, а дом каля працы. Гэта станоўча адбіваецца на дабрабыце грамадзян і ў цэлым на эканамічным развіцці нашай краіны, — адзначае Таццяна Васілючак.

Дзяржаўная праграма прадугледжвае, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў будзе ўведзена 5 мільёнаў кв. м агульнай плошчы арэнднага жылля. Прычым прадугледжваецца паэтапнае павелічэнне яго будаўніцтва. Так, калі сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 650 тысяч кв. м, то ўжо ў 2030-м — 1,25 мільёна кв. м.

Таксама працягнецца ўзвядзенне жылля з прадстаўленнем дзяржаўнай падтрымкі. Аднак, згодна з дзейным з 2025 года заканадаўствам, яно трансфармуецца ў будаўніцтва жылля па дзяржаўным заказе. За пяцігодку плануецца забяспечыць увод у эксплуатацыю каля 1,25 мільёна кв. м.

Таксама працягнецца будаўніцтва сацыяльнага жылля для грамадзян з уразлівых катэгорый — шматдзетных сем’яў, дзецей-сірот і інш. А доля будаўніцтва індывідуальнага жылля захаваецца на ўзроўні не менш як 40 % ад агульнага ўводу. Акрамя таго, мяркуецца працягваць забяспечваць суадносіны сярэдняга кошту будаўніцтва аднаго кв. м агульнай плошчы жылля з налічанай сярэднямесячнай заработнай платай у кране.

Штогадовы разліковы аб’ём уводу жылля — каля 4 мільёнаў кв. м агульнай плошчы.

— Паказчык ужо не з’яўляецца дырэктыўным. Ён будзе вар’іравацца ў залежнасці ад рыначнай кан’юнктуры, уключаючы попыт і іншыя фактары, — звярнула ўвагу Таццяна Васілючак.

Стратэгія рэнавацыі

Сярод задач дзяржаўнай праграмы — і рэнавацыя жыллёвага фонду. Як адзначыла суразмоўца, гэта новы для нашай краіны кірунак. Нарматыўная база для яго рэгулявання пакуль распрацоўваецца. Вызначаецца стратэгія па зносе або аднаўленні жылфонду, які патрабуе сучасных рашэнняў і падыходаў. Падключаны вядучыя навукова-даследчыя і праектныя прадпрыемствы Мінбудархітэктуры. Падыходы абмяркоўваюцца з рэгіёнамі.

— Рэнавацыя ва ўсіх на слыху. Гэта адзін з асноўных новых трэндаў. У стадыі распрацоўкі і ўказ па рэнавацыі, і пастанова ў яго развіццё. Вырашаецца шэраг пытанняў і з перасяленнем, і з кампенсацыяй грамадзянам, якія будуць адсяляцца, — пракаментавала Таццяна Васілючак, дадаўшы, што пасля дзяржаўная праграма будзе дапоўнена паказчыкамі з улікам гэтых нарматыўна-прававых актаў.

У цэлым дзяржпраграма прадугледжвае рэалізацыю некалькіх падпраграм: «Будаўніцтва жылых дамоў, у тым ліку арэнднага жылля», «Рэнавацыя», «Развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктуры жылой забудовы».

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю