Top.Mail.Ru

Петрышэнка на адкрыцці інтэрната БНТУ: У Беларусі працягнуць развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу ВНУ

У Беларусі працягнуць развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу ВНУ. Пра гэта расказаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця новага студэнцкага інтэрната Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта на 1030 месцаў, перадае БелТА.


Адукацыя ў жыцці кожнага чалавека займае асаблівае месца, таму сфера адукацыі заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі Кіраўніка нашай дзяржавы і ўрада, адзначыў Ігар Петрышэнка. «Менавіта таму Прэзідэнт прыняў рашэнне аб будаўніцтве трох інтэрнатаў і вучэбна-лабараторнага корпуса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Мы гэтую задачу выканалі. Сёння мы адкрываем трэці інтэрнат для беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта», — расказаў ён.

Віцэ-прэм’ер выказаў надзею на тое, што з новым інтэрнатам студэнты атрымаюць новы зарад энергіі і гэта дапаможа ім стаць добрымі спецыялістамі. «На працягу ўсёй нашай суверэннай гісторыі мы стараліся, стараемся і будзем далей развіваць і ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу нашых ВНУ. Адкрываць новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі для таго, каб наша краіна з’яўлялася сапраўды перадавой ва ўсіх сферах», — звярнуў увагу Ігар Петрышэнка.

На яго думку, стварэнне належных умоў для пражывання дазволіць студэнтам якасна асвойваць спецыяльнасці. Ён таксама падзякаваў будаўнікам, якія ўклаліся ў тэрміны і паспяхова ўвялі новы будынак у эксплуатацыю.

Пасля перадачы сімвалічнага ключа ад інтэрната віцэ-прэм’ер разам з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом, рэктарам БНТУ Сяргеем Харытончыкам, рэктарам БДТУ Ігарам Вайтовым наведаў залу для аэробікі, трэнажорную залу, блок для пражывання, медыцынскі пункт, буфет.

Будынак інтэрната мае 221 жылы блок. На першым паверсе — вестыбюль, адміністрацыйныя памяшканні, канферэнц-зала, буфет, пральня, медыцынскія памяшканні, на другім — трэнажорныя і гімнастычныя залы, з трэцяга па 16-ы — жылыя паверхі і пакоі для заняткаў.

Раней у краіне былі ўведзеныя новыя інтэрнаты для студэнтаў БДУФК (2024 год), а таксама БДМУ і БДУІР (2023 год).

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю