Top.Mail.Ru

Перспектывы ўзаемадзеяння з Чукоцкай аўтаномнай акругай абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

«Інтарэс у нас вялікі да гэтага краю»



Рабочы тыдзень Прэзідэнта пачаўся з канкрэтных крокаў па ўмацаванні рэгіянальнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Гэтым разам Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з дэлегацыяй унікальнага арктычнага рэгіёна — Чукоцкай аўтаномнай акругі. Сярод тэм, якія закраналіся на найвышэйшым узроўні, — нарошчванне тавараабароту і сумесныя пункты росту. 

«Мы пастараемся канкурыраваць з адпаведнай расійскай прадукцыяй, каб вас зацікавіць»

«Вельмі прыемна з вамі сустрэцца. З чалавекам, які жыве на краі нашай Айчыны, — звяртаючыся да губернатара Чукоцкай аўтаномнай акругі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я вас з задавальненнем вітаю ў Мінску. Гэта па-мойму ваш першы візіт у Мінск?»

«У якасці губернатара — так», — адказаў Уладзіслаў Кузняцоў.

«У якасці губернатара, вядома. А так не пабываць у Мінску нават неяк і непрыстойна для расійскага чалавека», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.



Прэзідэнт указаў на зацікаўленасць беларускага боку ў супрацоўніцтве з Чукоцкай аўтаномнай акругай. «Інтарэс у нас вялікі да гэтага краю, — удакладніў ён. — Нязведаны край, і для нас таксама. Таму мы разлічваем, што вы будзеце нашым чалавекам на Чукотцы, калі трэба будзе нешта параіць, чым там займацца».

Гаворачы аб узаемным інтарэсе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: усё, што ёсць у Чукоцкай аўтаномнай акрузе, таго няма ў нас. На Чукотцы, у сваю чаргу, вельмі маюць патрэбу ў тым, што можа прапанаваць Беларусь.

«Не магу сказаць, што таго няма ў Расіі, што ёсць у нас, — удакладніў беларускі лідар. — Вядома, у Расіі шмат чаго ёсць. Але мы пастараемся канкурыраваць з адпаведнай расійскай прадукцыяй, каб вас зацікавіць».

«Так быць не павінна»

Прадстаўнікоў беларускага боку, адказных за супрацоўніцтва з Чукоцкай аўтаномнай акругай, Аляксандр Лукашэнка арыентуе пабываць там, паглядзець гэты край. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта важна для таго, каб працаваць у рэгіёне не проста навобмацак, а дакладна разумець, чым канкрэтна там можна займацца беларусам. 

  • Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яго вельмі цікавіць гэты край. «І мы з Прэзідэнтам Расіі вельмі шмат пра Чукотку гаварылі ў свой час, ды і цяпер, — удакладніў ён. — Для мяне гэта нават дзіўны край. Край вельмі цікавы. І асабіста для мяне, і для беларусаў у тым ліку».

Пры гэтым беларускі лідар указаў на пэўныя эканамічныя недапрацоўкі. «Тое, што ў нас няма тавараабароту практычна, — гэта бяда, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Так быць не павінна. Таму ва ўрадзе трэба сёння дамовіцца, як будзем супрацоўнічаць далей. Мы вядома разумеем, што на Чукотцы вялізная колькасць людзей жыць не можа, але там нашы людзі. Там нашы людзі, якія хочуць нармальна жыць. Найбагацейшы край. Таму трэба развівацца, трэба займацца гэтым краем». 

Кіраўнік дзяржавы пажадаў дэлегацыі з Чукоткі ўсяго самага найлепшага. «Дай бог, каб у вас там, на самым краі нашай Айчыны, усё склалася, — удакладніў ён. — Для нас гэта вельмі важна».


У сваю чаргу, губернатар Чукоцкай аўтаномнай акругі Уладзіслаў Кузняцоў выказаў удзячнасць за магчымасць пабываць у Беларусі з рабочым візітам. Асобныя словы падзякі прагучалі ў адрас беларускага ўрада, які арганізуе работу добра і дакладна.

Па словах губернатара, падчас візіту на Чукотку ўрадавай дэлегацыі з Беларусі ў жніўні мінулага года былі вызначаны асноўныя перспектывы супрацоўніцтва. Дамоўленасці былі пацверджаны падчас візіту ў адказ у Беларусь прадстаўнікоў Чукоцкай аўтаномнай акругі, які адбыўся ў снежні. 

«Мы прапрацавалі план работ, дарожную карту», — праінфармаваў Уладзіслаў Кузняцоў. Ён удакладніў, што падчас візіту ва ўрадзе будзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое ўжо ўтрымлівае канкрэтныя пункты далейшых дзеянняў, што датычацца супрацоўніцтва Беларусі і Чукоцкай аўтаномнай акругі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Даслоўна

«У нас добрая доўгатэрміновая перспектыва развіцця»

У размове з журналістамі губернатар Чукоцкай аўтаномнай акругі Расійскай Федэрацыі Уладзіслаў КУЗНЯЦОЎ агучыў найбольш перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва рэгіёна з Беларуссю. 


«Чукотка — рэгіён, які ў многім займаецца здабычай карысных выкапняў, — канкрэтызаваў сферу ўзаемнага інтарэсу губернатар. — У суровых умовах адбываецца гэта работа. І, вядома, нам патрэбна тая тэхніка, якая вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь. Яна сябе вельмі добра зарэкамендавала, у тым ліку ў гэтых складаных арктычных умовах. Гэта і тэхніка МАЗа, БЕЛАЗа. Таксама мы зацікаўлены ў тэхніцы Мінскага трактарнага завода. У нас добрая доўгатэрміновая перспектыва развіцця».

  • Адзін з перспектыўных кірункаў узаемадзеяння, па словах Уладзіслава Кузняцова, звязаны з развіццём культурных сувязяў. «Найперш гэта турызм, — падкрэсліў ён. — Нам вельмі хочацца паказаць наш край. Мы знаходзімся далёка, але, можа быць, гэта акурат і цікава, бо ў нас ёсць тое, чаго няма тут. Гэта бязмежныя снежныя прасторы, гэта неверагодная па сваёй прыгажосці і разнастайнасці фаўна. На востраве Урангеля знаходзіцца самае вялікае пагалоўе белых мядзведзяў. Уздоўж запаведніка „Берынгія“ плаваюць кіты. Можна зрабіць сэлфі з кітом — гарантаваная гісторыя, калі даедзеце».

Ужо сёлета беларусам будуць прапанаваны пробныя туры на Чукотку. Плануецца прадугледзець спецыяльную тарыфную зніжку. 

Яшчэ адным аспектам узаемнага інтарэсу з’яўляюцца культурныя абмены. «Нам дакладна ёсць што адзін аднаму прадэманстраваць з пункту гледжання нашых культур, — лічыць губернатар Чукоцкай аўтаномнай акругі. — Гэта кухня і этніка. Думаю, будзе цікава». 

Акрамя таго, губернатар расказаў, што ў наступным годзе на Чукотцы плануецца адкрыць краму, дзе будуць прадстаўлены беларускія тавары. У сваю чаргу, неўзабаве пачнуцца пробныя пастаўкі ў Беларусь тавараў з экалагічна чыстых прадуктаў, вырабленых у гэтым арктычным рэгіёне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю