Перспектывы ўдзелу грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый у Годзе добраўпарадкавання абмеркавалі сёння ў Мінску падчас пасяджэння Каардынацыйнага савета пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— Год добраўпарадкавання, які дае старт пяцігодцы якасці, уключае вялікую колькасць мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага, эстэтычна арганізаванага асяроддзя. Урадам зацверджаны рэспубліканскі план, якім вызначаны органы дзяржаўнага кіравання, адказныя за правядзенне Года добраўпарадкавання. Створаны часовы рэспубліканскі штаб. — расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК.
План ахоплівае амаль усе сферы жыццядзейнасці. Аднак падчас яго падрыхтоўкі ад грамадзян і грамадскіх арганізацый паступіла мноства прапаноў.
— Мінпрыроды сумесна са Штабам патрыятычных сіл Беларусі выступіла з ініцыятывай кансалідаваць намаганні грамадскасці і органаў дзяржкіравання і акумуляваць у асобны план ініцыятывы грамадзянскай супольнасці. План атрымаў назву «Дабрабыт народа, зямля, рэсурсы і прырода», — адзначыў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства.
У ходзе дыскусіі былі абмеркаваны планы і механізмы ўзаемадзеяння грамадскіх сіл і дзяржорганаў, агучаны прапановы і заўвагі па сумеснай дзейнасці. Паводле слоў старшыні грамадзянскага аб’яднання і палітычнай партыі «Белая Русь», дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алега РАМАНАВА, разам з Мінпрыроды запланаваны шэраг праектаў і мерапрыемстваў, у тым ліку высадка дрэў, добраўпарадкаванне паркаў і сквераў, навядзенне парадку ў лясных масівах, на азёрах і рэках нашай краіны, догляд памятных месцаў.
— Пахаванне герояў Перамогі, мемарыялы, помнікі ахвярам вайны павінны знаходзіцца ў належным стане і мець эстэтычны выгляд. Такія мерапрыемствы па ўладкаванні памятных месцаў праводзяцца членамі як «Белай Русі» так і іншых грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Думаю, што ў гэтым пункце мы спалучам два значныя вымярэнні 2025-га: добраўпарадкаванне нашай радзімы і юбілей Вялікай Перамогі, — падзяліўся Алег Раманаў і выказаў упэўненасць, што сумеснае канструктыўнае ўзаемадзеянне грамадзянскай супольнасці і дзяржавы і ў гэты раз будзе мець плённы вынік.
Дарэчы, 5 красавіка, пройдзе першая сумесная акцыя грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Плануецца высадзіць 25 тыс. саджанцаў хвоі звычайнай на месцы рэкультывуемага кар’ера ў Смалявіцкім раёне. Гэта дазволіць аднавіць парушаныя пасля канфіскацыі карысных выкапняў землі. Далучыцца да акцыі могуць усе жадаючыя.
Фота Лізаветы ГОЛАД