Top.Mail.Ru

Першы скразны грузавы цягнік «Славянскі караван» адправіўся з Оршы ва Узбекістан

Сёння на станцыі Орша-Усходняя прайшла ўрачыстая цырымонія адпраўкі першага скразнога грузавога цягніка «Славянскі караван», які пройдзе па маршруце Беларусь — Расія — Казахстан — Узбекістан, паведаміла БелТА.


У саставе ёсць вагоны з прадукцыяй дрэваапрацоўкі, харчовымі грузамі (напрыклад, цукрам, бульбяным крухмалам), а таксама камбікармамі. Такі састаў будзе курсіраваць на пачатковым этапе двойчы на месяц. Для кансалідацыі вагонаў выбрана станцыя Орша-Усходняя, бо сюды прыходзяць грузы з усіх рэгіёнаў Беларусі.


У далейшым плануецца пашырыць наменклатуру грузаў і ўключыць у састаў вагоны з кантэйнерамі, дастаўленымі аўтатранспартам, што дазволіць скарыстацца ўсімі перавагамі мультымадальнай перавозкі. «Грузы ўжо праходзілі па маршруце Беларусь — Узбекістан. Але мы з узбекскімі калегамі прадумалі зусім іншы, больш якасны сэрвіс. Састаў без расфарміравання і дадатковых прыпынкаў пройдзе па тэрыторыі Расіі, Казахстана і прыбудзе ва Узбекістан. Гэта дазволіць скараціць тэрмін дастаўкі практычна ўдвая, а таксама надзейна захаваць груз. Гэты састаў будзе рухацца як па раскладзе пасажырскага цягніка, гэта значыць мы будзем ведаць, калі ён адпраўляецца і калі прыбудзе ў канцавы пункт. У састаў цягніка могуць быць уключаныя адзінкавыя кантэйнэры — на 20 тон. Невялікія прадпрыемствы Беларусі змогуць не назапашваць груз на цэлы вагон умяшчальнасцю 60 тон, а адпраўляць невялікімі партыямі. Плюс у нас ёсць такая паслуга, як зборны кантэйнер для грузаў ад некалькіх адпраўнікоў», — растлумачыў журналістам начальнік БЧ Валерый Вярэніч.

Ужо сфарміраваны другі састаў такога цягніка.

Праект «Славянскі караван» рэалізуецца ў развіццё прынятых на высокім узроўні рашэнняў па нарошчванні паставак запатрабаванай на ўзбекскім рынку беларускай прадукцыі машынабудавання, дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік падкрэсліў, што гэта праект з двухбаковай выгадай. «У пастаўках нашых і ўзбекскіх тавараў вялікае значэнне маюць кошт і тэрміны дастаўкі грузаў. На прыкладзе гэтага саставу магу адзначыць, што дастаўка 20-тоннага кантэйнера абыходзіцца як мінімум у паўтара раза танней, чым аўтамабільным транспартам. Калі раней пастаўка асобнага вагона магла займаць да двух месяцаў, то гэты састаў прыбудзе ва Узбекістан на працягу 5–7 сутак. Гаворка ідзе не толькі пра пастаўку нашых грузаў, дакладна такі ж састаў будзе адпраўляцца з таварамі з Узбекістана. Гэта пачынаючы з тавараў лёгкай прамысловасці і заканчваючы харчовымі, у тым ліку садавіной, якая не расце ў Беларусі. У гэтага супрацоўніцтва двухбаковая цікавасць. Удвая прыемна, што такім лагістычным хабам стала Віцебская вобласць», — адзначыў ён.

Аляксандр Рагожнік дадаў, што ў сярэдзіне жніўня наведае Узбекістан, дзе плануецца падпісанне дарожнай карты супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Андыжанскай вобласці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю