У першай рэпетыцыі ўдзельнічалі больш за 52 тысячы чалавек, 100 балаў набралі 115 выпускнікоў. У 2026 годзе, паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, РЦЭ праходзілі 57 170 будучых выпускнікоў, 100 балаў на РЦЭ атрымалі 238 школьнікаў — і гэта рэкордная лічба за ўвесь час правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену. За парушэнні правілаў сёлета быў выдалены адзін экзаменуемы з Гомельскай вобласці, які пранёс у аўдыторыю смарт-гадзіннік.
У 2025-м парушальнікаў было пяцёра.
Усе гэтыя факты сведчаць, што сістэма цэнтралізаванай праверкі ўзроўню ведаў цалкам сябе апраўдвае. Яна не мяняецца, толькі з кожным годам трохі карэкціруецца і ўдасканальваецца, каб быць яшчэ больш зручнай для дзяцей, а для ўсіх астатніх — больш зразумелай і празрыстай.
Відавочны і прагрэс ва ўзроўні ведаў старшакласнікаў. Задавальняе той факт, што да гэтага выпрабавання яны сталі падыходзіць не як да прамежкавага, а як да асноўнага — больш сур’ёзна і адказна.
Аднак яшчэ застаюцца пытанні, пра якія дзецям трэба нагадваць калі не ўвесь час, то рэгулярна. Намеснік дырэктара РІКВ Валянціна ЛАПАНІК засяродзіла ўвагу на рэчах у ЦЭ/ЦТ быццам бы не галоўных. Але нават дробныя недакладнасці або памылкі ў іх могуць негатыўна паўплываць на вынік экзамену або тэсціравання. Яна лічыць, што пазбегнуць такіх памылак дапамагае рэпетыцыйныя экзамен і тэсціраванне.
— Гэта сапраўды добрая магчымасць не толькі пазнаёміцца з заданнямі, праверыць сябе на веды і гэтак далей, але і атрымаць важныя тэхнічныя навыкі, — кажа яна. — Па запаўненні тых жа бланкаў. Сітуацыя даволі частая, калі нашы ўдзельнікі ЦЭ і ЦТ не спраўляюцца, напрыклад, з запаўненнем рэгістрацыйнай часткі, не да канца разумеюць, як адмяняць няправільна пастаўленыя пазнакі ў частцы А, як замяняць няправільна дадзеныя адказы ў частцы Б і гэтак далей.
Валянціна Міхайлаўна таксама заклікала вельмі сур’ёзна паставіцца да рэгістрацыі на ЦЭ і ЦТ:
— Гэта адносіцца перш за ўсё да абітурыентаў, якія рэгіструюцца на праходжанне ЦТ. Школьнікі на экзамен рэгіструюцца цэнтралізавана, абітурыенты на тэсціраванне — самастойна. Тут, вядома, трэба вельмі ўважліва сачыць за інфармацыяй — калі і дзе праходзіць рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне, каб не спазніцца і ў выніку не страціць рэгістрацыю.
Намеснік дырэктара РІКВ нагадала, што ў 2026 годзе рэгістрацыя на ЦТ будзе праходзіць з 9 да 22 красавіка. У гэты перыяд абітурыенты могуць падаць заяву анлайн праз сайт РІКВ ці асабіста прынесці іх у пункты тэсціравання. Рэгістрацыя на рэзервовыя дні запланавана з 8 да 11 чэрвеня 2026 года.
Як і летась, будзе функцыянаваць сістэма электроннай чаргі для падачы дакументаў у ВНУ. Для браніравання даты і часу наведвання прыёмнай камісіі неабходна выбраць установу вышэйшай адукацыі, факультэт і спецыяльнасць, затым канкрэтныя дату і час, раздрукаваць або захаваць талон з усімі вышэйпералічанымі данымі.
Што ў прыярытэце?
Рэпетыцыйны экзамен выявіў, якія школьныя прадметы найбольш папулярныя ў цяперашніх выпускнікоў
Спецыялісты РІКВ апрацавалі больш за 57 тысяч экзаменацыйных работ па 14 вучэбных прадметах і апублікавалі наступныя вынікі:
Больш за ўсё 100-бальных вынікаў па замежнай мове — 104 чалавекі, па матэматыцы — 51 і па рускай мове — 28.
Большасць адзінаццацікласнікаў для праходжання РЦЭ выбралі рускую мову. Па гэтай дысцыпліне экзаменаваліся 17,9 тысячы зарэгістраваных. Затым ідуць матэматыка — 12,9 тысячы і біялогія — 6,9 тысячы.
Сярэдні вынік па вучэбных прадметах склаў 55–60 балаў.
Англійская мова — 62,3 бала, біялогія — 58,8, фізіка — 57,4, хімія — 57,3, матэматыка — 56,3 бала.
Папулярнасць матэматыкі і біялогіі ў цяперашніх выпускнікоў у Міністэрстве адукацыі ўспрынялі з радасцю. Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ адзначыў, што спецыялісты натуральна-навуковага і фізіка-матэматычнага профіляў сёння найбольш запатрабаваныя ў Беларусі.
Што датычыцца парушэнняў, то на РЦЭ-2026 па гэтай прычыне не было ануляваных вынікаў. У аўдыторыі праз хваробу не з’явіўся 1 081 чалавек. У 114 школьнікаў у гэты час праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, 42 знаходзіліся на аздараўленні. На жаль, не змаглі завяршыць работу з-за стану здароўя чацвёра старшакласнікаў.
Алена ВІНАГРАДАВА