У аўторак у сталіцы адкрыўся Беларуска-кітайскі маладзёжны форум, ініцыяваны год таму Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на вялікай сустрэчы з рэктарамі беларускіх і кітайскіх ВНУ.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі дзве вядучыя ВНУ дружалюбных краін — БДУ і Пекінскі ўніверсітэт (ПКУ). Пляцоўку пад адкрыццё форуму прадаставіў Дзіцячы тэхнапарк. Удзельнікамі мерапрыемства сталі каля 200 студэнтаў з больш як 30 беларускіх і 11 кітайскіх ВНУ. Гэта — таленавітыя студэнты, магістранты, аспіранты, маладыя вучоныя, прадстаўнікі органаў студэнцкага самакіравання абедзвюх краін.
Падтрымаць і выслухаць моладзь прыехалі першыя намеснікі міністраў замежных спраў і адукацыі Беларусі Сяргей ЛУКАШЭВІЧ і Аляксандр БАХАНОВІЧ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь ЧЖАН Вэньчуань, рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ, кіраўнікі іншых беларускіх і кітайскіх ВНУ.
Трохдзённая праграма форуму стартавала ўрачыстай цырымоніяй ускладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой». Пасля ўрачыстага адкрыцця форуму з пасяджэння тэматычнага круглага стала «Вопыт універсітэтаў Беларусі і Кітая ў рабоце з таленавітай моладдзю і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў» пачалася яго праца з удзелам кіраўніцтва запрошаных ВНУ. Эксперты абмеркавалі механізмы ранняга выяўлення адораных студэнтаў, спосабы іх уцягвання ў адукацыйную, навуковую і грамадскую дзейнасць, а таксама патэнцыял міжнароднага супрацоўніцтва па падтрымцы сацыяльнага і грамадзянскага лідэрства юнага пакалення.
- Наступная падзея — выстава інавацыйных распрацовак маладых даследчыкаў дзвюх краін. Былі прэзентаваныя навуковыя працы па самых розных сферах — ад медыцыны да космасу. Кожнае даследаванне было дапоўнена ілюстрацыйным постэрамі. Акрамя таго, удзельнікі наведалі фарсайт-сесію па прыярытэтных пытаннях супрацоўніцтва маладых вучоных Беларусі і КНР. Дыскусія закранула перспектывы пашырэння навуковага ўзаемадзеяння, ролі навуковых супольнасцяў і асацыяцый маладых навукоўцаў у наладжванні кантактаў паміж дружалюбнымі краінамі, а таксама спосабаў павышэння кампетэнцый навучэнцаў у галіне міжнародных сувязяў, кіравання праектамі і камерцыялізацыі інавацый. У завяршэнне абмеркавання ўдзельнікі распрацавалі ўнікальныя формы сумеснай даследчай дзейнасці моладзі Беларусі і Кітая і прапановы па іх рэалізацыі.
Не менш значнай часткай праграмы стаў эўрыстычны занятак рэктара БДУ Андрэя Караля для студэнтаў ПДУ і ПКУ. Кіраўнік Белдзяржуніверсітэта арыентаваў студэнтаў на стваральную працу ў рамках міжнацыянальных каманд, вынікам якой стала распрацоўка навучэнцамі канцэпцый супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у розных галінах. Са слоў рэктара, такі фармат узаемадзеяння дапамог кітайскім студэнтам лепш зразумець менталітэт беларускіх аднагодкаў, а дзецям з Беларусі — паглядзець у глыб кітайскай культуры і зразумець ход думак аднагодкаў з іншай краіны.
Алена Вінаградава.
Фота Віктара Іванчыкава.