Маляўнічыя абшары Лагойшчыны сталі арэнай яркага спартыўнага свята «Прафсаюзная лыжня — 2026». Месцам правядзення спаборніцтваў, яркіх спартыўных перамог і сапраўднага яднання стала спартыўна-аздараўленчая база «Заечая паляна».
Сярод удзельнікаў — прадстаўнікі ФПБ і ўсіх галіновых прафсаюзаў.
— У першую чаргу наша лыжня — гэта прапагандаванне здаровага ладу жыцця. Па запрашэнні Федэрацыі прафсаюзаў усе нашы галіновыя прафсаюзы прынялі рашэнне аб’яднацца і правесці гэта зімовае лыжнае свята. І прысвечана яно ў большай ступені не спартыўным вынікам, а адзінству нашага прафсаюзнага руху, — адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько. — Больш за 200 чалавек разам з членамі сем’яў, са сваімі дзецьмі бяруць удзел. Перакананы, што такія выезды паказваюць нашаму падрастаючаму пакаленню, як у цэлым трэба клапаціцца аб сваім здароўі.
У рамках «Прафсаюзнай лыжні» прайшоў традыцыйны мас-старт на 1200 метраў, які праверыў удзельнікаў на трываласць і волю да перамогі. А камандны дух і зладжанасць члены каманд нацыянальнага прафцэнтра і галіновых прафсаюзаў прадэманстравалі на этапах эстафеты, дзе кожны прайшоў дыстанцыю з перашкодамі ў 300 метраў. Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі памятныя ўзнагароды.
Таксама арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму для балельшчыкаў і ўсіх, хто вырашыў правесці свой выхадны на зімовай прыродзе. Выязны гандаль, канцэртная праграма з выступленнямі творчых калектываў, майстар-клас па стральбе з лука і палявая кухня з легендарнай салдацкай кашай — усё гэта дапамагло стварыць сапраўднае свята актыўнага і сямейнага адпачынку і падарыць удзельнікам «Прафсаюзнай лыжні» мора станоўчых эмоцый.
Трэба адзначыць, што прафсаюзы традыцыйна падтрымліваюць жаданне работнікаў быць актыўнымі і займацца спортам. З гэтай мэтай пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі на пастаяннай аснове бясплатна або з істотнай скідкай прапануюць членам прафсаюза абанементы ў трэнажорныя залы, басейны і спартыўныя секцыі, заахвочваюць работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця. Такія нормы змяшчаюцца ў многіх калектыўных дагаворах арганізацый. Таксама на пастаяннай аснове арганізуюцца розныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы, штогод удзел у іх прымае каля 800 тысяч чалавек. Акрамя таго, розныя спартыўныя заняткі даступны ў сістэме ўстаноў Спартыўнага клуба ФПБ. А для дзяцей членаў прафсаюза дзейнічаюць сёння 92 спартыўныя школы па ўсёй краіне з больш як 50 відамі спорту.
Алена КРАВЕЦ