Яны сустрэнуць яго сярод такіх жа ўчарашніх школьнікаў, сённяшніх курсантаў. Наперадзе — гады вучобы, практыка і пачатак службы, аб якой яны марылі, гледзячы на бацькоў, старэйшых таварышаў ці самастойна абраўшы шлях абаронцаў правапарадку. Аб выбары прафесіі, сям’і, вучобе і планах на будучыню з курсантамі першага курса факультэта крымінальнай міліцыі Акадэміі МУС пагаварылі карэспандэнты «Звязды».
«Яно таго варта»
Мікіта Мянькоў прыклад для пераймання бачыў у сваім дзядзьку. Той прайшоў тэрміновую службу ў спецназе, служыў у міліцыі і для пляменніка стаў узорам сапраўднага мужчыны, абаронцы сваёй Айчыны. Таму нядзіўна, што хлопчык марыў аб пагонах з дзяцінства, спрабаваў нават паступіць у ліцэй МУС, але крыху не дабраў балаў. «У 9-10 класе, калі ўсе мае аднагодкі мітусіліся паміж прафесіямі, я ўжо дакладна зразумеў: не бачу сябе ў грамадзянскіх спецыяльнасцях, хачу надзець пагоны, каб стаяць на варце закона. І вырашыў паступаць у Акадэмію МУС», — расказвае Мікіта.

Юнак прызнаецца: першыя месяцы ў акадэміі даліся цяжка. Свабодалюбівы па натуры, ён з цяжкасцю прывыкаў да строгай дысцыпліны, распарадку, неабходнасці падпарадкоўвацца. Але з цягам часу, кажа, уцягнуўся. Дапамагло і тое, што вучоба пайшла лёгка — гуманітарны склад розуму дазволіў без праблем асвойваць усе неабходныя прадметы. Цяпер Мікіта паспявае і займацца навукай, і на кафедры тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі дапамагаць, і нават удзельнічаць у асвятленні жыцця факультэта: «Трэба спрабаваць сябе ва ўсім, — упэўнены курсант. — Хоць, зразумела, асабістага часу амаль не застаецца. Але яно таго варта».

Галоўнае ж, лічыць хлопец, не забываць пра якасці, неабходныя кожнаму абаронцу грамадскага правапарадку, — сардэчнасць і разуменне: «Так, тут патрэбна халодная галава, але і без добразычлівасці нікуды, — дзеліцца думкамі юнак. — Супрацоўнікі міліцыі працуюць з людзьмі. Чалавек, які не можа паставіць сябе на месца падазраванага ці пацярпелага, зразумець яго, не можа і закон абараніць». У будучыні Мікіта плануе служыць у падраздзяленні па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў у родным Фрунзенскім раёне Мінска. Не выключае і працягу адукацыі ў магістратуры.
Для моцных духам
Пакуль астатнія прывыкалі да рэжыму і дысцыпліны, Глеб Русак ужо ведаў распарадак і асаблівасці дня курсантаў — за плячыма ў хлопца спецыялізаваны ліцэй МУС, куды ён паступіў пасля шостага класа. Рашэнне было практычна прадвызначанае: бацька, дзед і прадзед Глеба таксама служылі ў міліцыі. «Я вырас ва ўсім гэтым, — паціскае плячыма хлопец. — Іншага для сябе нават не разглядаў».
Ліцэй, паводле яго слоў, даў не толькі веды, але і навыкі самастойнасці: выхаванцы жылі асобна ад бацькоў, заступалі ў нарады па тэрыторыі, вывучалі зброю, выязджалі на палявыя зборы. Таму, паступіўшы ў Акадэмію МУС, Глеб не меў цяжкасцяў з адаптацыяй, наадварот, дапамагаў тым, хто прыйшоў пасля звычайных школ.
.jpg)
Любімым прадметам курсанта адразу стала агнявая падрыхтоўка, падабаецца таксама тэорыя права і, вядома, спорт, асабліва барацьба. Але Глеб упэўнены, што галоўнае для супрацоўніка міліцыі — быць моцным духам, а не целам. Каб у любой, нават самай складанай сітуацыі можна было прыняць правільнае рашэнне. Пры гэтым, дадае ён, абавязкова трэба ўмець аказваць людзям дапамогу, праяўляць дабрыню. Яна закладваецца ў чалавеку яшчэ ў раннем узросце, як і павага, любоў да сваёй краіны, упэўнены юнак: «Трэба, каб з самага дзяцінства чалавек паважаў сваю Радзіму, любіў яе і гатовы быў стаць на яе абарону. Гэта абавязак кожнага грамадзяніна, не толькі супрацоўніка міліцыі».
«Пяшчота і жаноцкасць — зусім не слабасць»
Соф’я Федуковіч таксама з дзяцінства ведала, што хоча служыць у міліцыі — глядзела фільмы, з захапленнем назірала за бацькам, які тады працаваў міліцыянерам-кінолагам, а цяпер — ветэран МУС на пенсіі. Але калі паспрабавала паступіць у Акадэмію МУС летась, не хапіла ўсяго трох балаў — набор дзяўчат на навучанне значна абмежаваны.

Так, для абітурыенткі гэта быў удар, але не прычына здавацца. «Я пайшла працаваць у патрульна-паставую службу ў Першамайскім раёне Мінска, — расказвае Соф’я. — І ні разу не пашкадавала. Гэты год даў мне больш, чым можна было б уявіць». Дзяўчына патрапіла ў мужчынскі калектыў, дзе да далікатнай юначкі прыстаўлялі спачатку моцных напарнікаў — «на ўсялякі выпадак». Але Соф’я хутка даказала, што здольная спраўляцца сама, а жаночы погляд на работу ў міліцыі не толькі не замінае, але і дапамагае. «Лічу, што жанчынам часам нават лягчэй дамовіцца з правапарушальнікамі. Да нас больш даверу, людзі ахвотней ідуць на кантакт, слухаюць, — усміхаецца першакурсніца. — На мой погляд, у міліцыі ўвогуле павінна быць больш дзяўчат. Пяшчота і жаноцкасць — зусім не слабасць».
Праз год дзяўчына паступіла ў акадэмію. Рэжым дня курсантаў, праўда, аказаўся суровы: ён патрабуе дысцыпліны, самастойнасці і разам з тым здольнасці вучыцца, працаваць і праводзіць большую частку часу ў калектыве, сярод такіх жа хлопцаў і дзяўчат. Але для Соф’і гэта не стала вялікім выпрабаваннем — новы распарадак хутка ўвайшоў у звычку. «Да таго ж лягчэй было вучыцца ў першым семестры, таму што я ўжо шмат чаго ведала з практыкі, — расказвае яна. — Сядзіш на занятках і разумееш, што выкладчык расказвае тое, з чым ты ўжо сутыкалася. Таму і залікі, і экзамены здаюцца лягчэй». Першакурсніца прызнаецца, што ўжо дакладна ведае, куды пойдзе па размеркаванні — у крымінальны вышук, пра які даўно марыла.
Прафесія — прэстыжная, балы — высокія
Будучым абітурыентам, якія жадаюць прысвяціць сябе службе, трэба ўлічваць: з 2023 года ў Акадэміі МУС дзейнічае міжвузаўская прыёмная камісія. Гэта новаўвядзенне дазваляе маладым людзям падаваць дакументы адначасова ў дзве ўстановы адукацыі — Акадэмію МУС і Магілёўскі інстытут МУС.

«Пры падачы заяў абітурыент адзначае ўстанову вышэйшай адукацыі, факультэты і спецыяльнасці, у конкурсе на якія ён будзе ўдзельнічаць, — тлумачыць начальнік аддзялення камплектавання пераменнага саставу аддзела кадраў, падпалкоўнік міліцыі Ніна Сліва. — Пры гэтым факультэты і спецыяльнасці адзначаюцца ў парадку прыярытэту». Традыцыйна самым папулярным сярод абітурыентаў застаецца факультэт крымінальнай міліцыі, куды падаецца найбольшая колькасць заяў. У сувязі з высокімі прахаднымі баламі частка прэтэндэнтаў, якія не прайшлі па конкурсе на гэты факультэт, паступае на іншыя факультэты.
Дарэчы, з кожным годам балы для паступлення растуць, бо ўсё больш абітурыентаў вырашае звязаць свой лёс са службай у міліцыі. Прычына такога ажыятажу, на думку Ніны Слівы, — у росце прэстыжу прафесіі, прывабных умовах службы і сацыяльным забеспячэнні. Немалую ролю іграе і патрыятычнае выхаванне, якое актыўна развіваецца ў краіне, у тым ліку праз сетку ваенна-патрыятычных клубаў: «Але, у адрозненне ад абітурыентаў грамадзянскіх ВНУ, у якіх яшчэ ёсць час для выбару навучальнай установы, каб паступіць у нашу Акадэмію МУС часу засталося зусім няшмат — паспець падаць заяву трэба да 15 красавіка».
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД