Галоўны герой — вадзіцель Аляксандр КАРАНЕЎСКІ — працуе ў гэтай гаспадарцы 17 гадоў, 14 з іх — за рулём камбайна. З часам перасеў на МАЗ і некалькі гадоў працуе на адвозцы збожжа. А ў сельскую гаспадарку ён прыйшоў па прыкладзе бацькі, які таксама працаваў тут вадзіцелем.
— У мінулым годзе я перавёз больш за чатыры тоны. У гэтым, калі ўсё добра будзе, думаю пабіць свой рэкорд, — сказаў Аляксандр. — Ураджай сёлета радуе, будзе вельмі добры плюс — гэта відаць па палях, па коласе.
Кожнае дасягненне ў гаспадарцы — агульная радасць. Заслужаныя ўзнагароды ў гэты дзень уручалі не толькі вадзіцелю-трохтысячніку. Тут цудоўна разумеюць, што збор ураджаю — зона адказнасці кожнага без выключэння аграрыя.
Перадавікоў уборачнай павіншаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ:
— У вас душа ў полі, у вас душа з тэхнікай. Дзякуй вам вялікі, вы нас корміце! У вобласці амаль мільён чалавек, а ўвесь фокус увагі засяроджаны цяпер на некалькіх тысячах, якія працуюць у сельскай гаспадарцы. Эканоміка вобласці складаецца з працы гэтых людзей.

Тэмп уборкі ў ААТ «Чарлена» набірае абароты, адзначыў дырэктар гаспадаркі Андрэй ЛЯШКЕВІЧ:
— На сённяшні дзень мы ўбралі 29 % плошчы. Скончылі ўборку азімага рапсу — намалацілі 4,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 55,7 ц/га. Цешаць нас і азімыя збожжавыя. Дзякуючы згуртаванасці камбайнераў, спецыялістаў, думаю, на працягу 10 дзён уборка будзе завершана. У нас тры зернесушыльныя комплексы, усе магутнасці загружаны.
У цэлым жа на Мастоўшчыне ўбрана трэць ураджаю збожжавых, зернебабовых.
— Тэхніка працуе спраўна, настрой у механізатараў добры. Усё ідзе ў патрэбных тэмпах, — падкрэсліў першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мастоўскага райвыканкама Раман РУБЛІК.
Віктар ЛЮБІМАЎ
Фота БелТА