«...Іду па калідорах будынка тэатра імя Янкі Купалы, разглядаю партрэты на сценах. Раптам бачу: нехта вельмі падобны на майго дзеда... Аказалася, гэта Янка Купала», — так рэжысёр Сяргей Фядотаў пастараўся выказаць прыязнасць да нашай краіны перад прэм’ерай сваёй пастаноўкі «Каханне і галубы» ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.
Рэжысёр прыязджаў у Беларусь у межах гастроляў яго аўтарскага тэатра «У Моста» з апакаліптычным спектаклем «Звер» (гэты калектыў скіраваны ў містыку і псіхалагізм, яго адметныя пастаноўкі былі адзначаны прэстыжнай расійскай прэміяй «Залатая маска»). І якраз гэтымі днямі ў Фядотава адбылася прэм’ера з беларускім калектывам. То-бок, былі сур’ёзныя падставы для чаканняў. Тым больш што да пастаноўкі ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры абралі п’есу Уладзіміра Гуркіна «Каханне і галубы».
І галубы на сцэне ёсць! Сапраўдныя, у клетцы. Вядома ж, тэатр — жывое мастацтва. Усё павінна быць як у рэальнасці, асабліва калі гісторыя жыццёвая.
А яна шырока вядомая з моманту выхаду папулярнага фільма Уладзіміра Мяньшова. Праўда, насамрэч за некалькі гадоў да таго п’еса Гуркіна была ўвасоблена ў тэатры — на сцэне легендарнага «Сучасніка». І пасля тэатры звярталіся да гісторыі сям’і Кузякіных — лірычная камедыя, як правіла, знаходзіла гледачоў, асабліва ў антрэпрызах: зразумелы сюжэт, простыя героі, толькі на піку эмоцый, выкліканых асабістай драмай.
Шчыра прызнаюся, што ніколі не разумела, чаму гэтыя героі выклікаюць такую цікавасць і замілаванне: інфантыльны мужчынка, які траціць грошы на галубоў, калі жонка цягне сям’ю і гаспадарку (не дзіва, што сварыцца з ім), ды дзед-п’янтос, які толькі і шукае магчымасці «ўзрадавацца» цішком ад кабеты, каб не выкрыла. А дзеці Кузякіных разам з маці кідаюцца ў істэрыкі, калі даведваюцца пра здраду бацькі на курорце... Але сутнасць у пакаяльным вяртанні і дараванні — павучальны «хэпі-энд». На які, напэўна, можна глядзець бясконца: мужчынам — з думкай пра дараванне, жанчынам — з адчуваннем трыумфу.
Але ў чым мэта гэтай пастаноўкі цяпер? З аднаго боку, каб тэатру было добра, асабліва працуючы ў новых фінансавых умовах: трэба прыцягнуць гледача нейкімі «хітамі». «Народная камедыя» (так называлі «Каханне і галубы»), вядомая праз кіно — нібыта знаходка. Тыя, хто бачыў фільм, як мінімум захочуць паглядзець: а хто ў ролі Васіля, якога ўвасабляў вядомы савецкі акцёр Аляксандр Міхайлаў? Хто сыграе кінутую жонку Надзею так жа арганічна, як Ніна Дарошына? А ў каго атрымаецца перадаць характар разлучніцы Раісы Захараўны так жа пераканаўча, як у зоркі Людмілы Гурчанка?.. Тыпажы каларытныя, і нашы акцёры ў нечым ідуць за кіназоркамі (бо абстрагавацца цалкам складана), але стараюцца дадаць штосьці ад сябе. Напрыклад, Дзяніс Майсейчык — зусім іншы Васіль, больш стрыманы і нерашучы. У той час як Віялета Сарвірава паказала, як уся энергія Надзеі, што растрачвалася на клопаты пра блізкіх, раптам трансфармуецца ў канцэнтраваны выбух роспачы.
Раіса Захараўна ў выкананні Наталлі Дуванавай — наогул «кісейная паненка», заклапочаная асабістай пачуццёвасцю (і навошта ёй трэба было ехаць у вёску да сям’і Васіля?..) Ёсць яшчэ няўрымслівая парачка: дзядзька Міця і баба Шура — артысты Аляксандр Шараў і Наталля Анішчанка (а некаторыя згадаюць Сяргея Юрскага і Наталлю Ценякову).
Але знойдзецца вялікая частка патэнцыяльных тэатральных гледачоў, якія наогул не ведаюць фільм. Таму, з другога боку, спектаклем могуць зацікавіцца гледачы, якія хочуць простага расповеду чалавечага сюжэта, зразумелага, без мудрагелістасцяў. Сяргей Фядотаў як рэжысёр так і зрабіў. На сцэне мы бачым вясковы двор з хатай. Чуем музыку — «хіты» савецкіх часоў. Але разумеем, што нас не адпраўляюць у мінулае, бо гэта толькі антураж: імёны герояў могуць быць зменены, але падобных асоб мы можам бачыць вакол сябе...Сваю ролю адыгрываюць і крылатыя фразы, якія пайшлі ў народ. Хто хоць бы раз у жыцці не чуў: «Гэта мой натуральны колер». Як у нас кажуць: і смех, і грэх...