Свята двара ў Шабанах
Нядаўна сталічны двор па вуліцы Алеся Бачылы, 19 — 21, што ў Шабанах, ператварыўся ў сапраўдны цэнтр прыцягнення. Тут прайшло свята, агранізаванае Калектыўным органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС) № 2 ЖЭУ № 4, прымеркаванае да адкрыцця новых дзіцячых і спартыўных пляцовак. На мерапрыемстве можна было пазнаёміцца з новымі забаўляльнымі комплексамі, а старшыня тэрытарыяльнай арганізацыі самакіравання Мікалай Карповіч падзяліўся вопытам работы.
Падчас свята працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі ДАІ, РУУС, МНС, Дэпартамента аховы, прыехаў кантактны заапарк і многае іншае.
Для дзяцей і дарослых арганізавалі спартыўныя эстафеты: скачкі на фітнес-мячах, кручэнне абруча, паласу перашкод з клюшкамі і тэніснымі мячыкамі, а пад канец — традыцыйныя скачкі ў мяшках. Інструктары з ФАЦ Заводскага раёна правялі аздараўленчую гімнастыку для пажылых людзей з вясёлай музыкай і ў добрым настроі.
Мінскі заапарк прыехаў з перасоўным кантактным звярынцам. Карлікавыя трусы, марская свінка, японскія перапёлкі, чарапаха і смаўжы выклікалі сапраўдны фурор, асабліва ў дзяцей.
Прадстаўнікі МНС, МУС, Дэпартамента аховы і ДАІ правялі віктарыны па правілах дарожнага руху, паводзінах на вадзе і бяспекі летам. Дзеці з цікавасцю разглядалі пажарную машыну, фатаграфаваліся з выратавальнікамі і атрымлівалі падарункі.
А галоўны падарунак для двара — новыя гульнявыя комплексы, трэнажоры, пясочніца, карусель і турнікі, усталяваныя дзякуючы сумесным намаганням жыхароў, членаў КОТГС, адміністрацыі раёна, а таксама дэпутату мінгарсавета Міхаілу Варыкашу і гарадскому конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў.
Вольга Пятроўна, жыхарка дома № 19, прыйшла на свята з шасцігадовай унучкай Ірынай:
— Раней у двары былі старыя жалезныя канструкцыі. А цяпер — яркія, бяспечныя горкі, трэнажоры. Унучка раней прыязджала рэдка, а цяпер — не выцягнеш. І мне спакойна: сяджу на лавачцы, не хвалююся. Дзякуй усім, хто гэта зрабіў!
Юлія Карповіч, маці чацвярых дзяцей, жыхарка дома № 21, дадала:
— Новая пляцоўка з’явілася ў лістападзе. Вельмі ўтульна стала. Жыхары трох дамоў збіралі грошы, дапамагалі дэпутаты, старшыні КОТГС. Цяпер дзеці гуляюць з задавальненнем, а для пажылых паставілі лаўкі. Пасадзілі кветкі.
Свята атрымалася сапраўды сямейным — з жывёламі, спортам, урокамі бяспекі і велізарнай колькасцю дзіцячых усмешак.
Надзея ЗУЕВА
Фота Ксеніі ЛІННІК