Лічыцца, што падлеткавым марам, як правіла, не наканавана спраўдзіцца. Лёс распараджаецца інакш, і праз гады мы з усмешкай ўспамінаем, як уяўлялі сваё дарослае жыццё, толькі уваходзячы ў яго. Але мая суразмоўніца, дырэктар Баранавіцкага хлебазавода філіяла ААТ «Берасцейскі пекар», Наталля КАЛЕСНІКОВІЧ заўсёды ўмела ператвараць мары ў мэты. І, напэўна, у гэтым сакрэт яе поспеху.
— Эканамістам я вырашыла стаць яшчэ ў восьмым класе, — распавядае яна. — Разумела, што мне гэта цікава і па сілах, і стала рухацца да мэты. Якраз тады перайшла ў іншую школу, з паглыбленым вывучэннем матэматыкі. Скончыўшы яе, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі: першая — па спецыяльнасці «Эканаміст-менеджар» у БДЭУ, другая — пазней па той жа спецыяльнасці ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Магу сказаць, што лёс дапамагаў мне. Я вярнулася працаваць у родны горад, як і збіралася. Калі пасля вучобы прыехала на галаўное прадпрыемства, у Брэст, генеральны дырэктар даў мне права выбару — Баранавічы або Ганцавічы. Вядома, я выбрала Баранавічы, дзе нарадзілася і вырасла, — нават нягледзячы на тое, што вакансіі эканаміста на прадпрыемстве тады не была. Тры месяцы адпрацавала прыёмшчыкам-здатчыкам у кандытарскім цэху, пазнаёмілася з калектывам. Потым перайшла на пасаду эканаміста, і кожныя пяць гадоў у кар'еры быў нейкі рост. Так і «дарасла» да дырэктара.
У нагу з часам
Фінал маштабнага штогадовага праекта БСЖ — цырымонія ўшанавання пераможцаў ХVІІІ рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2025» — сабраў у Мінску нашых цудоўных сучасніц з усёй Беларусі. Былі названыя пераможцы ў намінацыях «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Сэрца аддаю людзям», «Мацярынская слава», «Гаспадыня вёскі», «Духоўнасць і культура», «Віват, моладзь!» і «Паспяховы кіраўнік» (дарэчы, кожны другі кіраўнік у нашай краіне — жанчына).
— Паспяховага кіраўніка вызначае яго каманда, — пераканана Наталля Уладзіміраў-на. — Важна ўмець сабраць вакол сябе аднадумцаў і прафесіяналаў. Без каманды ты нічога не зможаш, я гэта добра разумею і вельмі ўдзячная калектыву нашага прадпрыемства за прафесіяналізм і вернасць сваёй справе.
— Вы — малады кіраўнік, а прадпрыемства — адно з градаўтваральных. Складана было вырашыцца на такую пасаду?
— Вядома, бо я разумела, якая гэта адказнасць. Тым больш гаворка ідзе пра хлеб, а гэта, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і знакавы для нашай культуры сімвал, не проста прадукт харчавання, а ўвасабленне роднай зямлі і яе працавітага народа. А значыць, якасць беларускага хлеба павінна быць бездакорнай. Акрамя таго, як кіраўнік я адказваю за свой працоўны калектыў, а гэта больш за 500 чалавек, 86 % з якіх, дарэчы, жанчыны.
— Існуе меркаванне, што ў жаночым калектыве працаваць цяжка...
— Нічога падобнага. А можа, справа ў тым, што я вельмі многіх на прадпрыемстве ведаю асабіста і вельмі люблю ўсіх нашых дзяўчат. Яны мне паверылі, яны зрабілі мяне кіраўніком, дзякуючы іх высокім прафесійным якасцям мы пастаянна развіваемся.
А спрэчныя працоўныя моманты заўсёды можна вырашыць.
— Якія якасці, на ваш погляд, патрэбны сучаснаму кіраўніку?
— У першую чаргу пастаянная работа над сабой, бо калектыў заўсёды раўняецца на свайго лідара. Хочаш не хочаш, але трэба быць прыкладам. Яшчэ адна важная якасць — справядлівасць. Заўсёды і ва ўсім. У мяне няма любімчыкаў, для мяне ўсе ў нашым калектыве роўныя — ад маіх намеснікаў да маладых спецыялістаў, што толькі прыйшлі ў цэх. Ну а трэцім складнікам поспеху для кіраўніка я назвала б уменне рухацца ў нагу з часам. Своечасова перабудаваўся — у цябе ўсё атрымаецца. Замарудзіўся — не атрымаецца нічога. Таму мы пастаянна вывучаем спажывецкі попыт, распрацоўваем новыя рэцэптуры і прырастаем у аб'ёмах адгрузак, у тым ліку па экспарце: у Расію, Казахстан, Германію, Ізраіль... Нават санкцыі пайшлі нам на карысць — мы зрабілі стаўку на імпарта-замяшчэнне, нашы пастаўшчыкі сыравіны і абсталявання таксама хутка перабудаваліся. Прывяду прыклад: усе булачкі для фрэнчдога на запраўках «Беларусьнафта» выпякаюцца на нашым прадпрыемстве.
— Канкурэнцыя на рынку хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў сёння велізарная. Да таго ж беларускі спажывец распешчаны і асартыментам, і якасцю айчыннай харчовай прадукцыі...
— Канкурэнцыя — гэта ж добра: не дае застаяцца, прымушае ўвесь час імкнуцца да нечага новага, развівацца. Ну а якасць — гэта, вядома ж, наш галоўны прыярытэт. Ад якасці залежаць і аб'ёмы продажаў, і тое, ці доўга прадукт будзе на рынку. А жаданне пакупніка атрымліваць якасныя прадукты харчавання для сябе, сваёй сям'і, каштаваць новае — таксама выдатна. Штогод мы распрацоўваем новыя рэцэптуры, уключаючы і сегмент здаровага харчавання. У нас ёсць лінейка прадукцыі без мукі, на аснове злакаў. Дасягнулі тэрмінаў рэалізацыі нашай выпечкі ў 30 сутак без кансервантаў дзякуючы цеплавой стэрылізацыі — гэта інавацыйная тэхналогія. Трэці год прырастаем у аб'ёмах продажаў.
І, што дзіўна, не толькі з-за новай прадукцыі, але і з-за класічнага здобнага батона. Хоць, напэўна, здзіўляцца не варта — ён у нас сапраўды вельмі смачны.
Межы мы ставім сабе самі
Пераможцы конкурсу «Жанчына года — 2025», якія падымаліся на сцэну для ўзнагароджання, былі вельмі рознымі: з рознымі лёсамі і жыццёвымі прыярытэтамі. Але ўсех іх аб'ядноўвала пачуццё адказнасці перад сваёй краінай за справу, якой яны прысвяцілі жыццё, і зіхатлівыя вочы. Наталля Калесніковіч, напрыклад, падчас нашай гутаркі часта выкарыстоўвала словы «з задавальненнем» і «з радасцю». І пра сваю сям'ю яна распавядае гэтак жа.
— У мяне цудоўны муж, які заўсёды мяне падтрымлівае (ён працуе ў будаўніцтве), і доўгачаканы сыночак — сёння, дарэчы, яму споўнілася 2 гады і 2 месяцы. У адпачынку па доглядзе за дзіцем я была нядоўга. Па-першае, «клікала» прадпрыемства, а па-другое, у мяне выдатнае дзіця. Без праблем пайшоў у яслі. У яго, як і ў мяне, усё дакладна распланавана, і ён умее адаптавацца да абставін.
Сёння шмат кажуць пра неабходнасць паляпшаць сітуацыю з нараджальнасцю, падкрэслівае суразмоўніца.
— У Беларусі на ўсіх узроўнях, у тым ліку на самым высокім, для жанчын ствараюцца ўсе ўмовы. Таму ў нас ёсць магчымасць рэалізаваць сябе і ў прафесіі, і ў мацярынстве — было б жаданне. Любыя рамкі мы ставім сабе самі: часам шукаем не магчымасці нешта рабіць, а прычыны чагосьці не рабіць. І калі зразумець гэта, усё складзецца. У мяне няма памочніц па гаспадарцы, няні. Часам дапамагае наша бабуля, дзякуй ёй за гэта. А ў цэлым усё залежыць ад нас саміх. Трэба проста дакладна размяркоўваць свой час і вызначаць прыярытэты. Дадам, што для мяне, як, напэўна, для любой жанчыны, абсалютным прыярытэтам з'яўляецца сям'я — гэта мая падтрымка, натхненне, апора. Калі ўсё добра ў сям'і, жанчына зможа дасягнуць любых прафесійных і кар'ерных вышынь.
— Акрамя прафесійных абавязкаў і «працы» жонкі і мамы, вы актыўны ўдзельнік праектаў Беларускага саюза жанчын. Як пры такой нагрузцы пазбягаеце стомленасці і выгарання?
— Мой дэвіз па жыцці — наперад і толькі наперад. Я ўвесь час у руху, таму паспяваю і вырашаць усе бягучыя працоўныя пытанні,
і праводзіць час з сям'ёй, і адпачываць, і нават падарожнічаць. Сакрэт у самадысцыпліне і разумным тайм-менеджменце, а таксама ва ўменні пераключацца: мой час дакладна рэгламентаваны і размеркаваны. Праўда, крыху не хапае часу на спорт, займацца атрымліваецца не так часта, як хацелася б. Але тут мне пашанцавала: не набіраю вагу ад мучнога. Пры тым што «кандытарку» вельмі люблю і з задавальненнем каштую ў ліку першых усе нашы навінкі. А што датычыцца выгарання — гэта наогул не пра мяне. Тым больш праекты Беларускага саюза жанчын — не праца, а змена дзейнасці і крыніца натхнення. Наша жаночая арганізацыя шмат увагі ўдзяляе дабрачыннасці. Наведваем дзіцячыя дамы, спецыялізаваныя дзіцячыя садкі — такія акцыі імкнуся не прапускаць. Абавязкова падтрымліваем наша мудрае пакаленне. Нядаўна ў рамках рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» наведвалі пенсіянераў, былых работнікаў Баранавіцкага хлебазавода ва ўзросце ад 80 гадоў. Атрымала неверагодны зарад бадзёрасці і натхнення — для таго каб працягваць працаваць, тварыць і рухаць наперад роднае прадпрыемства.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота Ксеніі Ліннік