Будучыня любой галіны эканомікі ў руках моладзі, гэта агульнавядома. Шмат у чым развіццё той ці іншай сферы дзейнасці залежыць ад маладых спецыялістаў, якія ў ёй працуюць. І, мабыць, у яшчэ большай ступені — ад спецыялістаў будучых, цяперашніх студэнтаў, што заўтра прыйдуць у гэту сферу. Залежыць ад іх ведаў, крэатыўнасці, мар і жадання працаваць. З пераможцай конкурсу-фестывалю маладых дызайнераў «Сузор’е» Дар’яй Харчанка размаўляем аб беларускай модзе: яе сённяшнім дні і будучыні.
Акцэнт на жаноцкасць
— Калекцыя, што я прадстаўляла на конкурсе «Сузор’е», носіць назву «Каложа». Яна натхнёная гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі, Каложскай царквой, найстарэйшай у нашай краіне, яе інтэр’ерам. У Акадэміі мастацтваў, калі мы шыем калекцыі і праходзім практыку, нас арыентуюць на папулярызацыю праз моду нашай культурнай спадчыны. І я ад душы падтрымліваю гэту тэндэнцыю, — кажа Дар’я. — Каложская царква натхніла мяне спачатку на стварэнне аднаго вобраза, а потым я вырашыла развіць ідэю. Калекцыя «Каложа» — кампактная, насібельная, вытанчаная. Мне хацелася стварыць вобраз беларускай жанчыны, адначасова пяшчотнай і нязломнай, прыгожай і моцнай.
— Прыступаючы да работы над калекцыяй, дызайнер спачатку ўяўляе, скажам так, спажыўца, якому яна адрасаваная?
— Безумоўна. Важна разумець, для каго ствараецца калекцыя. Калі казаць пра «Каложу», яна, вядома, не для падлеткаў, а для дарослых жанчын, якія ўсведамляюць сваю жаноцкасць. Узрост тых, каму я яе адрасавала — ад 20–25 да 45–50 гадоў. Гэта летняя калекцыя, у светлых тонах, якіх, як мне здаецца, не хапае на вуліцах нашых гарадоў. Асноўным матэрыялам я выбрала беларускі лён. Сярэднявечныя матывы разглядаюцца праз сучасныя трэнды: сёння мода вяртаецца да жаноцкіх сілуэтаў. Тым больш 2026-ы ў нашай краіне аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, і мне хацелася зрабіць акцэнт менавіта на жаноцкасць, пяшчотнасць, элегантнасць. Хоць мне падабаецца ствараць мадэлі не толькі для паўсядзённага жыцця, але і авангардныя — арт-аб’екты, якія ярка выглядаюць на подыуме, але не прызначаныя для штодзённасці. Такой была мая папярэдняя калекцыя.

Рэалізаваць сябе
— З развіццём сацсетак паняцце «трэнд» змяніла паняцце «кор» (аснова моднага кірунку). І гэтыя «коры» сталі драбніцца ў залежнасці ад таго, як блогеры падаюць тую ці іншую модную тэндэнцыю. Як не згубіцца ў гэтым моры?
— Трэнды ўсё ж і сёння існуюць у кожным сезоне. А спалучаць розныя стылі і кірункі, змешваць модныя тэндэнцыі — вельмі цікава, і гэта цяпер як раз галоўны трэнд. Тут, вядома, важная нагледжанасць, але ж ёсць на каго арыентавацца і ў каго, скажам так, падглядаць прыгожыя, крэатыўныя ідэі — і ў сусветнай моды, і ў беларускіх брэндаў. Так што гэта шматпланавасць, хутчэй, праблема для дызайнераў, а не для спажыўцоў моды. Мода цыклічная, і цяпер гэта цыклічнасць «пракручваецца» хутчэй, чым раней. Так што рэч, якая, здавалася б, выйшла з моды, вернецца на модны алімп ужо праз год-два. Я не заклікаю адмовіцца ад мас-маркета, але індывідуальны стыль усё ж лепш шукаць у маленькіх брэндаў.
— Яшчэ ў 2016–2017 гадах модныя аналітыкі прадказвалі рост цікавасці да рэгіянальных брэндаў. Гэта і адбываецца цяпер у беларускай модзе?
— Так. У Беларусі, як і ў іншых краінах, актыўна пачынаюць «гучаць» маленькія рэгіянальныя брэнды. Гэта выдатна: моднае асяроддзе робіцца яркім і разнастайным. У гандлёвых цэнтрах з’яўляюцца шоурумы з невялікімі аўтарскімі калекцыямі, усё больш людзей пазнаюць і выбіраюць менавіта сваіх, рэгіянальных дызайнераў. Гэта цудоўная магчымасць рэалізаваць сябе. Ты бачыш, што людзям гэта цікава, і ў будучыні можна разглядаць стварэнне ўласнага брэнда. Хоць, акрамя маленькіх брэндаў, радуюць і прызнаныя лідары моды ў нашай краіне. У беларускай моды, адназначна, ёсць і ўласны непаўторны твар, і будучыня, і свой спажывец — разумны, стыльны, сучасны.

Магчымасці ёсць
— Дар’я, па вашым меркаванні, наколькі спрыяльныя ў нашай краіне ўмовы для творчага развіцця маладых спецыялістаў, што выбралі ў якасці прафесійнага шляху сферу дызайну адзення?
— Лічу, што ўмовы для самарэалізацыі ў нашай сферы ў Беларусі створаны. Гэта і ўзровень выкладання — напрыклад, у Акадэміі мастацтваў ён выключна высокі. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць велізарную падзяку выкладчыкам БДАМ, факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (спецыялізацыя «Касцюм»). Мы праходзім практычнае навучанне на вядучых прадпрыемствах лёгкай прамысловасці Беларусі, і там ёсць чаму павучыцца. Наведвалі «Элему», «Камволь», былі на практыцы ў Цэнтры моды, ва УП «Скарбніца» і нават у Оперным тэатры — вучыліся ствараць сцэнічныя касцюмы, і гэта было неверагодна цікава. Праходзяць конкурсы і прафесійныя спаборніцтвы, разлічаныя на моладзь у дызайне. Дарэчы, зноў жа карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку арганізатарам конкурсу «Сузор’е»: для ўсіх удзельнікаў былі створаны камфортныя ўмовы і пры падрыхтоўцы і, галоўнае, падчас самога паказу. Так што, каб рэалізавацца ў абранай прафесіі, умовы ёсць. Справа толькі за тваёй уласнай актыўнасцю, ініцыятыўнасцю, мэтанакіраванасцю. Асабіста я збіраюся ў далейшым працаваць, развівацца ў прафесіі і ствараць свой брэнд у Беларусі.
— На вашу думку, беларусы разумеюць моду?
— На вуліцах нашых гарадоў часам бачыш вельмі класныя вобразы. Асабіста мне не надта падабаецца, што нашы людзі прывыклі выбіраць цёмныя тоны адзення.
Я сама такая, у асноўным апранаюся ў чорных, шэрых, карычневых тонах. Але мне хацелася б, каб нашы жанчыны ўсё ж часцей выбіралі светлыя ці яркія колеры і не баяліся праяўляцца.
Аляксандра Анцэлевіч.
Фота Лізаветы Голад,
Ксеніі Ліннік.