Як і было напярэдадні анансавана, беларуска-амерыканскія перагаворы, якія пачаліся ўчора, працягнуліся сёння. Выхадным днём у Палацы Незалежнасці было не па-зімняму горача і насычана.
Пасля перагавораў за зачыненымі дзвярыма Джон Коўл адказаў на пытанні журналістаў. «У адпаведнасці з указаннямі Прэзідэнта Трампа, ЗША здымаюць санкцыі з калію, — праінфармаваў спецпасланнік ЗША ў Беларусі. — Думаю, гэта вельмі добры ход з боку ЗША для Беларусі. Мы іх здымаем зараз».
Па словах Джона Коўла, стасункі на тэму санкцый паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі будуць працягвацца і далей. «Па меры нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі ўсё больш санкцый будзе здымацца», — удакладніў ён, выказаўшы надзею на тое, што ў будучым бакі прыйдуць да сітуацыі, калі санкцый увогуле не будзе.
Спецпасланнік ЗША ў Беларусі падкрэсліў, што перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам былі вельмі прадуктыўнымі. «Мы гаварылі аб вайне паміж Украінай і Расіяй, аб Венесуэле, — канкрэтызаваў ён. — Прэзідэнт Лукашэнка згадаў шмат людзей і шмат рэчаў. У нас была вельмі добрая размова. Мы гаварылі аб будучыні. Аб тым, як ісці па шляху збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць адносіны. Гэта наша мэта».
Адказваючы на пытанне, што трэба рабіць для далейшай нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін, Джон Коўл адзначыў, што ўсё патрэбнае ў гэтым кірунку ўжо робіцца. «Мы здымаем санкцыі, вызваляем зняволеных. Мы пастаянна размаўляем адзін з адным, — удакладніў ён. — Па меры таго, як мы становімся бліжэй і бліжэй, больш гаворым, абменьваемся ідэямі, ідзе працэс пераходу ад першых дзіцячых крокаў да ўжо больш упэўненых крокаў».
Па словах спецпасланніка ЗША ў Беларусі, размова з Аляксандрам Лукашэнкам вялася па розных пытаннях. «Ён (беларускі лідар. — „Зв“.) дапамагае, раіць нам па пытанні таго, што рабіць з вайной паміж Расіяй і Украінай, — канкрэтызаваў Джон Коўл. — Гэта добрыя парады».
Што датычыцца прасоўвання працэсу мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне і ролі ў гэтым Беларусі, спецпасланнік ЗША ўказаў на фактар даўніх добрых адносін, якія склаліся паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расіі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным.
«Ваш Прэзідэнт мае вялікую гісторыю адносін з Прэзідэнтам Пуціным, мае магчымасць даваць яму парады, — канстатаваў Джон Коўл. — Гэта вельмі карысна ў гэтай сітуацыі. Яны даўнія сябры і маюць неабходны ўзровень адносін, каб абмяркоўваць такія пытанні. Натуральна, Прэзідэнт Пуцін можа прыняць адны парады і не прыняць другія. Гэта спосаб дапамагчы працэсу».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА