Тэатр юнага гледача нагадвае пра юбілейны год беларускага класіка Івана Мележа праз прэм’ерную пастаноўку паводле яго рамана «Людзі на балоце». Твор вывучаюць у школе — і юнацкая аўдыторыя атрымала варыянт прачытання, прапанаваны маладым рэжысёрам Таццянай Самбук, якую адрознівае жаданне ствараць спектаклі (нават паводле класікі), больш набліжаныя да сучаснасці. Такі падыход, дарэчы, цікавіць і дарослых гледачоў дзеля таго, каб зноў паглыбіцца ў некалі прачытаны тэкст і ўспрыняць яго з вышыні набытага досведу.
Насамрэч Мележ напісаў зусім не дзіцячы твор, які для многіх можа так і застацца школьным эпізодам. А тэатр вяртае цікавасць і запускае працэс пераасэнсавання, які будзе працягвацца ўжо пасля прагляду. Бо тут сэнс мае першачарговае значэнне: пісьменнік хоць і адлюстраваў пэўны перыяд гісторыі, але стварыў вобразы, у якіх выяўлены беларускія нацыянальныя характары. І як жа гэта можа суадносіцца з пошукам адметнай тэатральнай формы?
Трэба адзначыць, што Таццяна Самбук ужо мае досвед працы з беларускім матэрыялам (варта ўзгадаць «Палачанку» паводле Аляксея Дударава, дзе зроблены акцэнт на стасунках галоўных герояў, а гістарычны кантэкст ідзе як трыгер для іх трагічнага развіцця). Але там гатовая п’еса, а тут — вялікі раман, які трэба «пераносіць» на сцэну. Мележ сам даў падказку: ён называў твор «лірычным раманам». Ад гэтага адштурхоўвалася Таццяна Самбук у сваёй інтэрпрэтацыі для юнай аўдыторыі, якая асабліва чуллівая да рамантыкі. Вось толькі ў адрозненне ад спектакля «Палачанка», дзе героі існуюць нібыта па-за часам, «Людзі на балоце» ўсё ж больш прывязаныя да пэўных мясцін (гэта ж «Палеская хроніка»), наогул да зямлі, з якой звязаны этнічны каларыт і характары герояў, якія выяўляюцца ў эпоху сацыяльных зрухаў. А гэта, здаецца, трэба ж неяк паказаць... Хутчэй, абазначыць — калі гаворка пра падыход Таццяны Самбук. Для яе, выхаванкі расійскай тэатральнай школы, якая пазбаўлена вучнёўскага погляду на твор, сама магчымасць паглыблення ў тэкст на беларускай мове (а тут жа яшчэ і палеская гаворка!) — ужо вызначае прастору, дзе разгортваюцца падзеі і нацыянальны дух, носьбітамі якога з’яўляюцца героі.
У цэнтры ўвагі Ганна і Васіль, іх лёс, які насуперак пачуццям не яднае, а разводзіць, кідаючы дзяўчыну ў шлюб з Яўхімам. Пастаноўка факусіруецца на экзістэнцыяльным выбары, унутраных пакутах герояў, іх пачуццях і канфлікце паміж грамадскімі стэрэатыпамі і каханнем. Мы бачым рамантызаваныя вобразы. Так, яны маюць дачыненне да беларускай вёскі, але задачы паглыбляцца ў нацыянальны кантэкст тут не было, таму што на авансцэну выйшаў любоўны трохкутнік. Тое, што чапляе незалежна ад часу моладзь.
Відавочнае імкненне пастаноўшчыкаў наблізіць твор да нашых сучаснікаў — праз рэжысуру, выкарыстанне музыкі і пластычных эпізодаў. Не, не варта чакаць рэалістычных дэкарацый, хіба што касцюмы даюць згадку: гаворка пра мінулае. Балота выступае не столькі як геаграфічная рэальнасць Палесся, а як метафара чалавечых і грамадскіх абставін, з якіх цяжка вырвацца. Але ж нельга сказаць, што немагчыма зусім. Для каго магчыма і калі? Вось галоўнае пытанне, на якое прапануюць шукаць адказ героі Мележа. Што важней: ісці па звыклай каляіне ці прыслухацца да таго, што настойліва кліча наперад і робіць чалавека жывым?
Сцэнічнае афармленне ўмоўнае, цэнтральнымі элементамі становяцца святло, цені і пластыка акцёраў. Гэта дазваляе засяродзіцца на псіхалогіі персанажаў, таму што ў Таццяны Самбук гэты класічны тэкст ператвараецца ў асабістую гісторыю. Рэжысёр і мастак-пастаноўшчык
Ларыса Рулёва адмовілася ад бытавога натуралізму, зрабіўшы акцэнт на ўнутраным стане герояў — строгая сцэнаграфія падкрэслівае адзіноту і бязмежжа ўнутраных пакут. Адпаведна, перад акцёрамі паўстаюць задачы перадаць эвалюцыю герояў, калі ад крыўдаў трэба прыйсці да ўмення прабачаць. Канешне, больш душэўных пакутаў выпала на долю Ганны (што накладвае асаблівую адказнасць на выканаўцаў яе ролі маладых актрыс Маргарыту Кіселітэ і Арыну Саніковіч). У ролі Васіля можна пабачыць Паўла Церахава і Мацвея Амельяновіча. Яўхіма ўвасабляюць Дзмітрый Клімовіч і Уладзіслаў Вінаградаў. І яны іграюць не толькі па-акцёрску.
У пастановачнай групе апынуўся харэограф Кірыл Балтрукоў, аўтар пластычных рашэнняў. Гэта дадатковы рухавік дзеі, што, магчыма, і дапамагае ўзварушыць моладзь у зале. Музычны складнік (створаны намаганнямі Антона Смаленскага) заслугоўвае асобнай увагі. Трывожная музыка з аўтэнтычнымі народнымі матывамі гучыць на працягу ўсяго спектакля, ствараючы эмацыянальны фон для кожнай сцэны. Назваць гэтую працу сумнай немагчыма. Але тым, хто прывык шукаць у Мележа глыбіню і нацыянальны дух, спектакль можа падацца надта абстрактным. Зрэшты, хутчэй за ўсё, яны добра ведаюць і разумеюць «Палескую хроніку», ім не трэба даказваць, што ў беларускай літаратуры ёсць адказы на ўсе жыццёвыя пытанні.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА