Сталічныя пісьменнікі ствараюць у імя роднай Беларусі. Важнасць гэтага адзначыў на справаздачна-выбарным сходзе Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі старшыня аддзялення, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пазнякоў, паведамляе БелТА.
Мінскае гарадское аддзяленне з’яўляецца самым вялікім у Саюзе пісьменнікаў Беларусі — у ім 298 чалавек. Міхаіл Пазнякоў падрабязна расказаў аб праведзенай у 2025 годзе рабоце. Мінулы год быў адметным у літаратурным і грамадскім жыцці сталічнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пісьменнікамі Мінскага гарадскога аддзялення выдадзена за 2025 год 115 аўтарскіх кніг. Акрамя таго, яны прынялі ўдзел у 28 калектыўных зборніках. У перыядычных выданнях Беларусі, Расіі, іншых дружалюбных краін апублікавана больш за 1900 твораў нашых літаратараў.
Міхаіл Пазнякоў назваў новыя кнігі прозы, паэзіі, публіцыстыкі, драматургіі, літаратурнай крытыкі, кнігі дзіцячай і падлеткавай літаратуры, пераклады. Знакавай падзеяй у літаратурным жыцці краіны ў мінулым годзе стаў поўны пераклад паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», які ўпершыню ажыццёўлены на рускую мову.
«Паколькі ў мінулым годзе мы святкавалі 80-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй, то гэтай падзеі было прысвечана шмат публікацый, творчых мерапрыемстваў і конкурсаў. Мы падрыхтавалі шэраг міжнародных калектыўных зборнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, мужнасці і патрыятызму. Напрыклад, у зборніку „Перамаглі. Перамаглі“ прадстаўлены творы пісьменнікаў Беларусі, Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай, Пскоўскай і Ліпецкай абласцей Расіі. У мінулым годзе выдадзены зборнікі — „Вялікай Перамозе верныя“, „Вялікая Перамога — на стагоддзі“, „Пераможнай дарогай бацькоў“. Унікальным з’яўляецца зборнік „Кніга памяці“, прысвечаны юбілею Перамогі, у яго ўвайшлі творы 130 пісьменнікаў 17 краін свету. Не менш значны стаў і зборнік „Памяці загінулых у імя жывых“, прысвечаны мужнасці жыхароў г. Нясвіжа і Нясвіжскага раёна», — расказаў ён.
Міхаіл Пазнякоў падкрэсліў, што пісьменнікі, паэты і публіцысты ўносяць вялікі ўклад у патрыятычную работу. Акрамя таго, ён падзяліўся планамі работы на 2026 год. У планах сталічнага аддзялення — падрыхтоўка і выпуск спецыяльнага калектыўнага зборніка, прысвечанага Году беларускай жанчыны. У яго ўвойдуць творы прозы, паэзіі, публіцыстыкі аб гераінях нашага часу, аб лепшых працаўніцах ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, навукі, культуры, медыцыны, адукацыі, спорту, грамадскіх і дзяржаўных дзеячах.
Аднагалосна ў час сходу старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі перавыбраны Міхаіл Пазнякоў.