Top.Mail.Ru

Пазнаёміліся з рамесніцай, для якой Сінявокая стала другой Радзімай

Калі ішла на інтэрв’ю з Вольгай Кавалеўскай, ведала пра яе толькі тое, што яна стварае традыцыйныя беларускія лялькі. Мяне сустрэла прыгожая ветлівая жанчына з яркімі блакітнымі вачыма, апранутая ў кашулю з вышытымі нацыянальнымі ўзорамі і адпаведную спадніцу. На галаве — белая хустка, павязаная на сялянскі манер. «Сапраўдная беларусачка!» — падумала я. І вельмі здзівілася, даведаўшыся, што родам яна з Каўказа, а народнай творчасцю займаецца ўсяго чатыры гады.


Знайшла і справу па душы, і каханага

Спачатку Вольга пераехала са Стаўрапаля ў Падмаскоўе. Потым сяброўка паклікала яе ў Беларусь, яна пагадзілася. Праца знайшлася па душы — на Смілавіцкай валяльна-войлачнай фабрыцы, у аддзеле збыту. Сустрэла тут і каханага — жыхара Ашмян Валерыя. Аднак Вольга не спяшалася прымаць яго прапанову «з’ехацца» — мінулы шлюб атрымаўся няўдалым.


Магчыма, у кагосьці ўзнікла пытанне: а хіба Вольга не рамесніца, чаму размова ідзе пра фабрыку? Справа ў тым, што раней жанчына патрапіла ў аварыю, наступствы якой выявіліся не адразу, а праз сем гадоў. Пачаліся праблемы з суставамі, яна перанесла тры сур’ёзныя аперацыі, 13 месяцаў была на бальнічным. Усе гэтыя нягоды перанесла разам з Валерыем, які ў выніку стаў яе мужам. Але пасля працяглай хваробы здароўе ўжо не дазваляла працаваць на фабрыцы. Акрамя таго, трэба было строга прытрымлівацца індывідуальнай праграмы па рэабілітацыі.

— Аднак я не магу сядзець без справы, — кажа Вольга. — Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ашмянскага райвыканкама мне прапанавалі працу ў Цэнтры рамёстваў. Паўгода працавала кантралёрам білетаў, а потым мне падказалі стаць рамеснікам. Я пагадзілася, бо некалі працавала на швейнай фабрыцы і мне гэта падабалася. Так і пачаўся мой творчы шлях. Усё вывучала з нуля, паглыблялася ў беларускія традыцыі, гісторыю.

Больш, чым гульня ў лялькі

І вынікі не прымусілі сябе чакаць. Адзін са знакавых праектаў майстра — «Кола свят». Работа ўяўляе сабой маштабнае этнаграфічнае даследаванне, якое заняло першае месца на абласным конкурсе традыцыйных рамёстваў у Гродне. У аснове кампазіцыі — драўлянае кола, якое сімвалізуе сонца. Яно падзелена тэкстыльнымі стужкамі на 12 галоўных народных свят з унікальнымі лялькамі.


Усіх лялек і адзенне для іх зрабіла Вольга. Вышыўка — ручная, і нават некаторая тканіна саткана на кроснах. Асаблівасць традыцыйнай беларускай лялькі ў тым, што кожная дэталь у ёй нешта «гаворыць», таму вельмі важна дакладна прытрымлівацца тэхналогіі. Вольга поўнасцю паглыбілася ў нашу нацыянальную культуру і ўсім сэрцам палюбіла яе, таксама яна стараецца падзяліцца карыснымі ведамі з моладдзю.


— Як рамеснік я бачу сваю задачу ў тым, каб перадаць веды аб традыцыйных святах і культуры маладому пакаленню, бо многія мала ведаюць пра такія святы, як Каляды, Дажынкі і іншыя. Мы расказваем пра іх і пра павер’і, легенды, што з імі звязаны. Дзеці, якія прыходзяць да нас на экскурсіі, наглядна бачаць і разумеюць, напрыклад, чаму менавіта пасля ўборкі ўраджаю ладзілі вяселлі. Важна захоўваць і перадаваць традыцыі, каб маладое пакаленне магло найлепш разумець сваю культуру і гісторыю, — лічыць майстар.

На сваім месцы

Асабісты прыклад Вольгі Кавалеўскай паказвае, што ні ў чым няма меж. Пасля страты любімай працы можна пачаць з нуля новую справу. Можна знайсці каханне пасля няўдалага шлюбу, а таксама можна палюбіць усім сэрцам культуру іншай краіны. Дзеці і ўнукі ад першага шлюбу ўсім сэрцам любяць Беларусь, з задавальненнем прыязджаюць у госці да Вольгі:


— Дачка вельмі рада за мяне, кажа, што я нарэшце на сваім месцы. І сапраўды — цалкам пагружана ў рамяство. А яшчэ перадаю свае веды іншым. Вяду заняткі ў дарослых з рознымі фізічнымі і псіхаэмацыянальнымі асаблівасцямі. Разам мы ствараем самыя розныя работы. Часам маім вучням бывае няпроста, але я ва ўсім іх падтрымліваю, бо бачу, наколькі ім падабаецца займацца такім рамяством.

Мая суразмоўніца сцвярджае, што ні пра што не шкадуе — усё склалася, як павінна было скласціся. Яна поўная творчых ідэй, якія імкнецца ўвасобіць. І можна не сумнявацца — увасобіць!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю