На нядаўнім фінале конкурсу «Студэнт года — 2025» прадстаўнікі Гродзенскай вобласці сталі сапраўднымі зоркамі гэтай падзеі: адразу дзве ўдзельніцы з рэгіёна атрымалі званне лаўрэатаў. Галоўную ўзнагароду забрала студэнтка інжынернага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Сіроцкая.
Атрымаць якасную адукацыю і рэалізаваць творчыя здольнасці
Кацярына родам з невялікага аграгарадка Рацічы, размешчанага за 20 кіламетраў ад Гродна. З дзяцінства яна праяўляла цікавасць да дакладных навук, асабліва да матэматыкі, а таксама да англійскай мовы. Настаўнікі заўсёды адзначалі яе здольнасці і раілі абраць прафесію, звязаную з гэтымі дысцыплінамі. Нягледзячы на тое, што мая суразмоўніца — творчы чалавек, яна вырашыла паступаць на тэхнічную спецыяльнасць, аб чым ні разу не пашкадавала.
— Мне хацелася застацца вучыцца ў роднай Гродзенскай вобласці. І ў нас якраз ёсць топавая ВНУ, таму без роздумаў паступіла ў Купалаўскі ўніверсітэт. Я выбрала для сябе транспартную лагістыку. Гэта спецыяльнасць запатрабаваная і дазваляе прымяняць веды ў розных сферах. Але ў сучасным свеце, дзе тэхнічныя прафесіі становяцца ўсё больш запатрабаванымі, важна разумець, што за кожнай паспяховай кар’ерай стаіць не толькі адукацыя, але і асоба, здольная адаптавацца і знаходзіць баланс паміж рознымі інтарэсамі. Таму я заўсёды старалася развівацца ў розных кірунках, — падзялілася дзяўчына.
Кацярына была актыўнай школьніцай, займалася танцамі, удзельнічала ў грамадскім жыцці, была камандзірам ваенна-патрыятычнага клуба, спрабавала сябе ў акцёрскім майстэрстве і нават хадзіла на бокс. Паступіўшы ва ўніверсітэт, дзяўчына не толькі не пакінула свае захапленні, але і працягнула даведвацца новае і ўдасканальвацца.
— У нашым універсітэце ўсё спрыяе развіццю! Ёсць шмат творчых студый, аб’яднанняў па інтарэсах. Я далучылася да калектыву «Сту-Дэнс», пазней стала выкладаць харэаграфію. Паколькі я рознабаковая асоба, пільную ўвагаю ўдзяляю планаванню. Лічу, што ў сучасным свеце, дзе час — гэта самы каштоўны рэсурс, уменне правільна яго планаваць і размяркоўваць становіцца ключавым фактарам поспеху. Асабліва гэта актуальна для тых, хто імкнецца не толькі атрымаць якасную адукацыю, але і рэалізаваць свае творчыя здольнасці.
Зноў без чараўніцтва
Калі я спытала Кацю, у чым поспех яе дасягненняў, яна без ваганняў адказала, што на самай справе ўсё проста: трэба мець жорсткую дысцыпліну і правільна планаваць свой час, канцэнтруючыся на галоўным і адкідваючы ўсё лішняе. Думаю, многія ў адказ на гэта пытанне жадалі б пачуць нейкі чарадзейны сакрэт. Але магіі няма —толькі ўпартая праца.
Упершыню мая суразмоўніца пазнаёмілася з конкурсам «Студэнт года» на першым курсе. Тады яна была часткай творчай каманды аднаго з канкурсантаў. У той год яна прайшла ўсе этапы: універсітэцкі, абласны і рэспубліканскі.
— Я глядзела на той узровень падрыхтоўкі, што быў ва ўдзельнікаў, і ўявіць сабе не магла, як можна ўсё гэта зрабіць. Тады тытул студэнта года здаваўся мне нечым недасяжным. Калі ж цяпер на сцэне абвясцілі маё імя, я так здзівілася. Насамрэч у мяне была вельмі пацешная рэакцыя. Я адчула такі спектр эмоцый, што апісаць яго вельмі цяжка. Але нічога б не выйшла без маёй выдатнай каманды. Я рыхтавалася не адна, са мной былі мае людзі, якім я бязмерна ўдзячная. Падтрымка і паразуменне ў нашым калектыве сталі для мяне апорай. Сябры заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, і гэта неверагодна важна.
Не баяцца праяўляць сябе
Кацярына не аднойчы падчас інтэрв’ю казала пра важнасць работы ў камандзе і падкрэслівала, што прасіць дапамогі не сорамна. Не менш падтрымкі было і ад выкладчыцкага складу, які заахвочвае ініцыятывы і дапамагае ў рэалізацыі моладзі.
— Я ганаруся нашым творчым нумарам. Ён прысвечаны каханню — аднаму з найважнейшых чалавечых пачуццяў. Мы паказалі яго праз прызму беларускіх традыцый і свят. Акрамя таго, наш нумар расказвае пра моцную, верную і прыгожую беларускую жанчыну, яе душу, што асабліва актуальна ў Год беларускай жанчыны. Я ганаруся тым, што нам удалося стварыць такую прыгожую карцінку, якая кранае гледачоў. Ганаруся харэаграфіяй, рэквізітам, касцюмамі, якія мы шылі па начах.
Перамога ў конкурсе «Студэнт года» стала для Кацярыны вялікай падзеяй. Дзяўчына ўпэўнена, што адкрые новыя магчымасці. Але пакуль яна проста атрымлівае асалоду ад гэтага моманту і ганарыцца сабой.
— Я заўсёды раю не баяцца праяўляць сябе. Часта мы хаваем свае таленты і ідэі з-за страху асуджэння. Але вакол нас шмат творчых людзей, якія падтрымаюць вашы пачынанні. Галоўнае — не баяцца прапаноўваць і рэалізоўваць свае ідэі. Я як студэнтка трэцяга курса заўсёды кажу абітурыентам, што на працягу навучання яны могуць атрымаць дапамогу і падтрымку
Пра сваю будучыню Кацярына гаворыць так:
— Упэўнена, што мяне чакае вельмі цікавы шлях! Думаю, усё магчыма, бо ў нашай краіне для моладзі адчынены ўсе дзверы. Заўсёды можна знайсці падтрымку, апору, шляхі рэалізацыі. Цяпер я студэнтка, але ўжо хутка прыйду на сваё першае працоўнае месца. Выдатна, што не даводзіцца хвалявацца наконт яго пошукаў! Гэта дае ўпэўненасць у сваёй будучыні. Буду рада працаваць на карысць любімай Беларусі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Кацярыны Сіроцкай