Народны паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Карызна пайшоў з жыцця 5 сакавіка, яму было 87 гадоў. Аб гэтым расказаў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў, паведамляе БелТА.
«Саюз пісьменнікаў Беларусі смуткуе аб смерці народнага паэта Беларусі Уладзіміра Іванавіча Карызны і выказвае спачуванні яго сям’і і сябрам», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце саюза.
Калектыў Міністэрства культуры таксама выказвае шчырыя спачуванні. «Смуткуем у сувязі са смерцю народнага паэта Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны Уладзіміра Іванавіча Карызны. Творчасць паэта была прасякнута любоўю да роднай Беларусі і налічвае шматлікія зборнікі для дарослых і дзяцей, больш за дзвесце тэкстаў да песень, сярод якіх — тэкст Дзяржаўнага гімна», — гаворыцца ў паведамленні.
У 1961 годзе Уладзімір Карызна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Дэбютаваў вершам у 1956 годзе (газета «Чырвоная змена»).
У снежні 2024 года Прэзідэнтам быў падпісаны ўказ, згодна з якім удастоены дзяржузнагарод і ганаровых званняў 39 прадстаўнікоў розных сфер і прафесій. Сярод іх — Уладзімір Карызна. Яму было прысвоена званне народнага паэта Беларусі.