Калі лёд пачне раставаць...
Падтапленняў на тэрыторыі краіны з пачатку 2026 года не зарэгістравана. Аднак, згодна з прагнозам, пры негатыўным сцэнарыі развіцця паводкі падтапленню могуць падвергнуцца 159 населеных пунктаў у 60 раёнах, размешчаных у басейнах буйных рэк. У рамках падрыхтоўкі да веснавой паводкі МНС загадзя прыняло адпаведнае распараджэнне, якім прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў па арганізацыі работы органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
У поўнай баявой гатоўнасці
Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі і кантролю дзейнасці міністэрстваў і мясцовых органаў улады галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Максім БУТО, ужо сфарміраваны зводныя атрады для аператыўнага рэагавання на паводкавую сітуацыю. Акрамя таго, арганізаваны штодзённы маніторынг гідралагічнага становішча. Таксама сфарміраваны пералікі тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць эфектыўна праводзіць аварыйна-выратавальныя работы і забяспечваць бяспеку грамадзян пры неспрыяльных умовах. «Удакладнены звесткі па наяўнай спецыяльнай тэхніцы і абсталяванні органаў дзяржаўнага кіравання і суб’ектаў гаспадарання, прызначаных або прыстасаваных для ліквідацыі надзвычайных сітуацый у паводкавы перыяд. Спланаваныя мерапрыемствы па адсяленні грамадзян, якія пражываюць у прагназуемых зонах падтаплення ў выпадку немагчымасці знаходжання іх па месцы жыхарства ў сувязі з высокім узроўнем вады. У кожным рэгіёне для гэтага маюцца месцы для часовага размяшчэння насельніцтва», — удакладніў спецыяліст.
Для своечасовага інфармавання насельніцтва аб абстаноўцы з затапленнямі ажыццяўляецца занясенне даных на інтэрактыўныя карты, размешчаныя на сайтах МНС, БелТА і Беларускага Чырвонага Крыжа. Пры неабходнасці будзе ажыццяўляцца sms-апавяшчэнне насельніцтва і размяшчэнне бягучага радка на тэлебачанні. Таксама на сайце МНС Беларусі маюцца рэкамендацыі і правілы паводзін пры пагрозе і ўзнікненні паводак. У цэлым комплекс мерапрыемстваў, якія праводзяцца, дазволіць мінімізаваць парушэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці насельніцтва.
Дзе чакаць паводкі?
У бягучым годзе паводка чакаецца больш высокая, чым у папярэднія гады. Максімальныя ўзроўні вады будуць блізкія да сярэдніх шматгадовых значэнняў. Амаль паўсюдна вада выйдзе на пойму. На большасці рэк максімумы наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак, пры якіх раней адзначаліся затапленні прыбярэжных тэрыторый. Найбольш складаная паводкавая сітуацыя прагназуецца ў басейнах рэк Днепр, Сож і Прыпяць, паведаміла начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў службы гідралогіі і аграметэаралогіі дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» Алена ЗУБЧОНАК.
«У цяперашні час характар надвор’я абумовіў пачатак вясновых працэсаў на рэках паўднёвай і паўднёва-заходняй частак тэрыторыі краіны, — дадала спецыяліст. — Тут пачалося раставанне лядовага і снежнага покрыва, за кошт чаго адбываецца рост узроўняў вады. На астатняй частцы тэрыторыі краіны паўсюдна яшчэ захоўваецца суцэльнае ледзяное покрыва. Ва ўзроўневым рэжыме адзначаюцца невялікія ваганні».
У пачатку сакавіка ў рэспубліцы захаваецца тэмпературны кантраст паміж цёплым паўднёвым захадам і халодным паўночным усходам. Такі характар надвор’я будзе спрыяць раставанню снежнага і лядовага пакроваў, а таксама росту ўзроўняў вады на рэках басейнаў Заходняга Буга, Нёмана, Віліі, Прыпяці, ніжнім цячэнні Дняпра, Бярэзіны і Сожа. На рэках басейнаў Заходняй Дзвіны, у вярхоўях Дняпра, Бярэзіны і Сожа ўмовы надвор’я будуць стрымліваць развіццё вясновай паводкі. У далейшым умовы надвор’я могуць як ускладніць сітуацыю — у выпадку выпадзення значнай колькасці ападкаў, так і змякчыць яе — у выпадку дэфіцыту ападкаў, а таксама плюсавых тэмператур у дзённыя гадзіны і мінусавых у начныя.
Для гідралагічнага маніторынгу Белгідраметам штодня апрацоўваецца і аналізуецца інфармацыя, якая паступае з пускаў дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў Беларусі, а таксама для паўнаты інфармацыі — з тэрыторыі Расіі. Гідраметэаралагічная абстаноўка, якая складваецца на рэках, асвятляецца ў гідралагічных бюлетэнях і дакладах, якія даводзяцца да органаў дзяржаўнага кіравання, падраздзяленняў МНС і зацікаўленых спажыўцоў для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў і рэалізацыі папераджальных мер. Насельніцтва інфармуецца праз сродкі масавай інфармацыі, сацыяльныя сеткі і сайт Белгідрамета.
Падтапленні чакаюцца ў некаторых рэгіёнах краіны
У Брэсцкай вобласці ў зону магчымага падтаплення трапляюць Столінскі, Пінскі, Брэсцкі і Маларыцкі раёны. У Віцебскай вобласці падтапленні прагназуюцца ў басейнах рэк Заходняй Дзвіны і Дняпра, у тым ліку на тэрыторыі Мёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў. У Гомельскай вобласці падтапленні магчымыя ў самім Гомелі, а таксама ў Гомельскім і Добрушскім раёнах. Такой інфармацыяй падзялілася афіцыйны прадстаўнік выканаўчага апарату Рэспубліканскага савета АСВОД Кацярына МІХАЛЁВА. «У нас дастаткова тэхнікі, — падкрэсліла спецыяліст. — Збіраемся таксама ствараць перасоўныя выратавальныя пасты, якія будуць працаваць у кругласутачным рэжыме і дапамагаць дастаўляць людзей з аднаго пункта ў іншы, транспартаваць прадукты харчавання. На пастаяннай аснове наладжана работа з супрацоўнікамі МНС».
За рыбаловамі-аматарамі будзе ўзмоцнены кантроль
Гэта неабходна для аховы і захавання рыбалоўных запасаў краіны. У сувязі з тым, што лядовае покрыва ў некаторых месцах ужо значна сышло і працягвае разбурацца, на пастаяннай аснове праводзіцца інфармаванне рыбаловаў аб захаванні мер бяспекі. Асаблівая ўвага надаецца абавязковай наяўнасці камізэлек, а таксама мінімізацыі правядзення спаборніцтваў у дадзены перыяд. Будзьце асцярожныя!
Яна ВАЛАСАЧ