Top.Mail.Ru

Павел Ягораў: «Вучыцца і разам ствараць»

Аб’яднаць адным конкурсам тысячы людзей, адарваць моладзь ад гаджэтаў, запусціць прарыўны праект — для многіх гэта немагчыма. Але для Прэзідэнцкага спартыўнага клуба гэта прывычныя рэчы. У яго актыве некалькі дзясяткаў праектаў, у якіх удзельнічаюць тысячы людзей.


Толькі ў 2024 годзе ў рамках праекта «Спорт для ўсіх» у 41-м населеным пункце з’явіліся сучасныя шматпрофільныя спартыўныя пляцоўкі. У мінулым месяцы быў прэзентаваны першы ў Беларусі падручнік па спартыўным праве. Спіс стыпендыятаў Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — гэта тыя, хто радуе сваімі поспехамі на міжнародных стартах. Усё гэта красамоўнае пацвярджэнне таго, што Беларусь — сапраўды спартыўная дзяржава. Як удаецца аб’яднаць беларусаў любоўю да спорту і якія новыя і традыцыйныя сродкі патрэбны для гэтага, разбіраліся з памочнікам старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Паўлам Ягоравым.

— 2024-ы выдаўся насычаным на праекты і мерапрыемствы. Які галоўны вынік дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба?

— У гэтым сезоне мы не ініцыіравалі новых праектаў, але аптымізавалі тыя, што ёсць. Адной з ключавых мэт на 2024-ы было ўдасканаленне работы ў сацыяльных сетках. Мы пачалі актыўна прымяняць новыя, нестандартныя формы асвятлення мерапрыемстваў. Натуральна, без СМІ нам не абысціся, і я хачу падзякаваць ім за ўвагу. Але ў той жа час мы выкарыстоўваем і альтэрнатыўныя крыніцы, сацыяльныя сеткі, працуем над прыцягненнем блогераў, інфлюенсераў, медыйных людзей. Падобны падыход упершыню выкарысталі на пляцоўцы «Спорт для ўсіх» у рамках Мінскага паўмарафону. Людзі гэта ўспрынялі на «ўра». Асабліва прыемна, што блогеры самі зацікаўлены ў супрацоўніцтве, прапаноўваюць свежыя ідэі і падыходы.

— У акаўнта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў інстаграм 18 тысяч падпісчыкаў. Зразумела, што аўдыторыя розная. Як знаходзіць падыход да кожнага?

— Актыўнасць Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, як вядома, вельмі разнастайная. Нехта ўдзельнічае ў нашых праектах, нехта проста назірае. Мы традыцыйна атрымліваем зваротную сувязь ад удзельнікаў, але нам таксама цікава пагутарыць і з назіральнікамі, пачуць іх заўвагі і прапановы. Магу сказаць, што да назіральнікаў мы таксама дастукаліся. Паказчыкам стаў праект «Дацягніся да мары» — першы, які мы запусцілі ў сацыяльных сетках. Мы паставілі перад сабой цікавую задачу — выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, каб актывізаваць моладзь. Правілы абсалютна простыя: падцягнуцца максімальную колькасць разоў, выкласці відэа з хэштэгам у Іnstagram і атрымаць каштоўны прыз. Ужо ў першым сезоне мы бачылі большую актыўнасць сярод дзяцей і падлеткаў. 

Але і дарослыя хацелі паўдзельнічаць. У другім сезоне пашырылі ўзроставыя катэгорыі. Для мяне асабіста было шокам, што адзін з пераможцаў падцягнуўся 130 разоў. Але, мабыць, самае галоўнае, што гэты праект, як і іншыя ў сацыяльных сетках, змяніў рэальнае жыццё ўдзельнікаў. Адзін з пераможцаў, хлопец з раённага цэнтра, настолькі задаўся мэтай выйграць прыз, што склаў сабе расклад на дзень і ўсё рабіў у адпаведнасці з графікам. Дзякуючы гэтаму ён яшчэ і вучобу падцягнуў. У адзін з сезонаў конкурсу «Суперлібера» ў розных узроставых катэгорыях перамаглі маці і сын. Яны разам трэніраваліся, здымалі відэа. У выніку сям’я не толькі стала больш часу праводзіць разам — хлопец трапіў у валейбольную каманду «Мінск» і ўдзельнічае ў дзіцячай лізе «Мяч над сеткай», нашым сумесным з федэрацыяй валейбола праекце.

— Сёння вельмі папулярнае тэлевізійнае шоу «Героі», пераможца прэміі «Тэлевяршыня». У чым вы бачыце звышзадачу гэтага праекта?

— Праект «Героі» — гэта праца вялізнай каманды людзей, якія любяць сваю справу. Кіраўніцтва Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Белтэлерадыёкампаніі абмяркоўвалі ідэю такога праекта яшчэ ў 2018 годзе. Тады лунала думка аб адраджэнні «Спартландыі». Але выразнага разумення, у якім фармаце яе адраджаць, не было. І калі да нас звярнуліся супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з просьбай падтрымаць спаборніцтвы па пажарна-ратавальным спорце, мы зразумелі, што вось яны, смелыя, адважныя героі, пра якіх варта расказваць. І ўсё закруцілася. Першы сезон «Герояў» — шоу для беларускіх дзяцей. У другім сезоне яно стала міжнародным, у ім пачалі ўдзельнічаць беларускія селебрыці. Трэці сезон застаўся міжнародным дзіцячым шоу, а таксама мы далі магчымасць паўдзельнічаць любому беларусу. На кастынг прыйшло некалькі сотняў людзей, якія жадаюць выйсці з зоны камфорту і кінуць сабе выклік. Дзякуючы гэтаму праекту, мы бачым і паказваем гледачам, як шмат у нашай краіне смелых, актыўных людзей, сапраўдных герояў. Мы ўжо бачым цікавасць з іншых краін. Тамму, магчыма, у чацвёртым сезоне будуць удзельнічаць прадстаўнікі мінімум трох кантынентаў. Мабыць, вось звышзадача — аб’яднаць актыўных людзей як на здымках шоу, так і па той бок экрана.

— Праект «Снежны снайпер» захоўвае сваю папулярнасць не адзін дзясятак гадоў, на ім вырасла некалькі пакаленняў. У чым яго сакрэт?

— «Снежны снайпер» такі, які ён ёсць. Доўгі час спаборніцтвы праводзіліся ў фармаце, калі дзеці адзін дзень стралялі ў ціры, на наступны дзень выходзілі на лыжню. І арыфметычна вызначаўся вынік. Як такога біятлона не было. Алімпійскі чэмпіён Сяргей Булыгін расказаў нам аб мабільнай устаноўцы пад пнеўматычную вінтоўку, выкарыстанне якой дало б магчымасць праводзіць паўнацэнныя спаборніцтвы па біятлоне. Мы закупілі такія ўстаноўкі. Сёння ўсе этапы «Снежнага снайпера» праходзяць з біятлоннымі ўстаноўкамі і пнеўматычнымі вінтоўкамі. Заслужаны трэнер Беларусі Юрый Альберс дапамог з усімі нюансамі. Вось адзін з сакрэтаў «Снежнага снайпера»: над ім працуюць такія легенды, як Юрый Альберс, Алена Зубрылава, Людміла Калінчык. І само месца правядзення фіналу турніру — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы». Сусветна вядомы аб’ект, які заўсёды рыхтуецца на найвышэйшым узроўні. Вядома, для дзяцей вялікая падзея — выступаць там, дзе спаборнічаюць іх куміры. У гэтым сімбіёзе і ствараецца неверагодны вайб аматараў спорту і здаровага ладу жыцця. За «Снежным снайперам» уважліва сочаць спецыялісты з федэрацыі біятлона, яны прыглядаюцца да таленавітых дзяцей з усёй краіны. Яскравы прыклад — сям’я Гнедчык. Марыя — сённяшні лідар нацыянальнай зборнай па сучасным пяцібор’і, неаднаразовая пераможца «Снежнага снайпера», яе малодшыя браты прайшлі праз гэты турнір. Так, яны не сталі біятланістамі, але медалі краіне прыносяць.

— І ўсё ж галоўная мэта дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — папулярызацыя спорту, павелічэнне масавасці або пошук будучых прафесійных спартсменаў?

— Знайсці здольных дзяцей, зацікавіць іх, каб у будучыні атрымаць прафесійных спартсменаў — гэта не проста мэта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, гэта наша стратэгія, дарожная карта. Таму ўсе турніры мы праводзім на найвышэйшым узроўні. Усе фіналы праходзяць у Мінску не проста так. Тут сканцэнтраваны найлепшыя трэнеры, у арганізацыі спаборніцтваў удзельнічаюць спецыялісты федэрацый па відах спорту. Напрыклад, фінал дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі «Мяч над сеткай» або спаборніцтваў «Імклівы мяч» праходзяць на базе Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. З трыбун на дзяцей глядзяць найлепшыя трэнеры па рабоце з рэзервам. Па выніках гэтага сезона «Імклівага мяча» на прагляд у вучылішча алімпійскага рэзерву было запрошана 80 чалавек.

— Сёлета Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу спаўняецца 20 гадоў. Вы працуеце ў клубе 15 гадоў. Як захоўваць любоў да сваёй справы?

— Гэта найлепшая работа ў свеце. Яна дае магчымасць увесь час развівацца, тут няма ніякай руціны. І вялікі дзякуй кіраўніцтву за магчымасць эксперыментаваць і адкрываць новае. Хачу падзякаваць нашым партнёрам — Міністэрству спорту і турызму, Міністэрству адукацыі, Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту, федэрацыям па відах спорту — усім, з кім мы рэалізоўваем разнастайныя праекты. Гэта тысячы людзей, якія аддана любяць спорт, сваю справу. І вельмі крута знаходзіцца сярод іх, вучыцца і разам ствараць.

Фота Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю