Аграгарадок Новыя Саматэвічы ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці — адзін з перспектыўных. Да райцэнтра — усяго 8 кіламетраў. Тут жыве больш як 800 чалавек. І сярод іх — сям’я Аляксандры і Ільі Сікорскіх. Сёлета яна прызнана найлепшай у праекце, накіраваным на падтрымку маладых сем’яў, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці. Вынікі конкурсу традыцыйна падводзіліся на купальскім свяце ў Александрыі. У госці да пераможцаў завітала карэспандэнт «Звязды».
Са сваімі гусямі
На жаль, застаць усіх членаў сям’і не атрымалася. Ілья Сікорскі — галоўны заатэхнік КСУП «Саматэвічы АГРА».
З раніцы да позняга вечара прападае на палетках. Яно і зразумела — самы пік жніва. Двухгадовы Яўген — у дзіцячым садку, сямігадовая Стася — у бабулі. Аляксандра на правах гаспадыні кіруе рамонтам у новай чатырохпакаёўцы, якую сям’я атрымала два гады таму пасля нараджэння сына. Каб пагутарыць, скарысталіся невялікім перапынкам у будаўнічых работах.
— Як толькі мы знайшлі час паўдзельнічаць у конкурсе, не ведаю, — усміхаецца Аляксандра. — Яго заўсёды не хапае. Я спачатку сумнявалася, але Ілья быў настроены больш рашуча. І ўсё закруцілася. Дапамагалі нам і райкам БРСМ, і райвыканкам. Ад нас патрабаваліся толькі жаданне і воля да перамогі.
Аляксандра лічыць, ёй вельмі пашчасціла, што яна ў школе займалася мастацкай самадзейнасцю — спявала і танцавала. Уменне трымацца на сцэне і гаварыць з інтанацыяй прынесла дадатковыя балы. Здаецца — дробязь, але, як высветлілася, вельмі важна ўмець сябе падаць.

— Калі мы на конкурсе абаранялі свой падворак, я прыдумала гісторыю пра сон, у якім мне быццам бы прыснілася, што нас запрасілі на конкурс «Уладар сяла» і пераможцам стаў мой Ілья, — смяецца Аляксандра. — Для мужа гэта было нечаканасцю, ён толькі здзіўлена на мяне глядзеў. Але на мяне нешта найшло — я імправізавала на хаду.
І журы гэта зачапіла.
Былі і іншыя цікавыя фішкі. З гісторыі вядомы факт, як гусі выратавалі Рым. Гэтыя ж птушкі дапамаглі перамагчы і Сікорскім. Каб на падворку быў нейкі інтэрактыў, Аляксандра жартам прапанавала прыхапіць на спаборніцтвы жывых гусей. За ідэю ўхапіліся, бо Касцюковіцкі раён славіцца гусіным святам у Белай Дуброве. І гэта таксама было, як кажуць, у самую кропку.
А вось найбольш складаным аказалася заданне пячы драчоны на калодзе. Полымя то разгаралася, то гасла. Выратавала агульная салідарнасць. Адна з сямей дапамагла Сікорскім зноў распаліць калоду. Суразмоўніца прызнаецца, што на фінальным этапе саперніцтва зусім не адчувалася. Наадварот, была нейкая ўзаемадапамога, тактычныя адносіны адзін да аднаго.
Тата, мама, сын, дачка — разам дружная сям’я
Сужэнцы — аднагодкі, ім па 26 гадоў, абодва родам з Касцюкоўшчыны: Ілья — з самога райцэнтра, Аляксандра — з Новых Саматэвіч.
— Пазнаёміліся на дыскатэцы ў Касцюковічах восем гадоў таму дзякуючы агульным знаёмым, — успамінае Аляксандра. — Ілья правёў мяне да дома, а назаўтра прыйшоў зноў. Калі бліжэй пазнаёміліся, успомнілі, што перасякаліся яшчэ ў школьным жыцці. Ён гуляў у футбол, я таксама, толькі ў розных школах, ездзілі разам на абласныя спаборніцтвы. Толькі тады адзін на аднаго не звярталі ўвагі.
Маладыя хутка зразумелі, што ў іх шмат агульных інтарэсаў, і прынялі рашэнне звязаць лёс. На той момант у Аляксандры ўжо была арэндная аднапакаёвая кватэра ў Новых Саматэвічах, і Ілья пераехаў жыць да яе.
— Мне вельмі пашчасціла з мужам, — прызнаецца Аляксандра. — Ілья надзейны, рашучы — апора, адным словам. Адчула, што побач з ім мне добра, спакойна. Што яшчэ патрэбна жанчыне? Цяпер не ў кожным маладым чалавеку ёсць такія якасці.
Сям’я любіць вёску за тое, што тут спакойны тэмп жыцця, усё ў крокавай даступнасці. Школа — праз дарогу, дзіцячы садок таксама недалёка. Ёсць крама, пошта, ФАП, нават пункт выдачы тавараў папулярнай расійскай інтэрнэт-крамы. Ды і бацькі блізка — заўсёды могуць падстрахаваць. А калі трэба ў горад, выручае машына — у абодвух сужэнцаў ёсць правы кіроўцы.

Аляксандра прывыкла да таго, што ў мужа адказная работа, могуць у любы момант выклікаць. Успамінае, як аднойчы ў выхадны дзень яны рабілі шашлыкі, а тут мужу патэлефанавалі з работы. Ён хуценька сабраўся і з’ехаў. Дасмажваць мяса прыйшлося адной. Ілья вярнуўся позна ўвечары, але сям’я чакала яго, каб зрабіць невялічкае свята.
А больш за ўсё сужэнцы любяць адпачываць на дачы ў Канічах. Для іх нават аграгарадок — вялікі населены пункт. Іншая справа — вёска, дзе амаль няма людзей. Вакол прастора, лес, рэчка...
— Там мы адчуваем сябе сапраўднымі гаспадарамі, — гаворыць Аляксандра. — У нас 45 сотак зямлі, мы вырошчваем бульбу, агуркі, таматы, перцы, пекінскую і звычайную капусту. А яшчэ ў нас ёсць куры і два бычкі. Прыглядае за гаспадаркай, пакуль нас няма, нямецкая аўчарка. Дачка вельмі марыла пра такую сабаку.
Вясковы дом стары, але няўрымслівыя сужэнцы не перажываюць — збіраюцца зрабіць з яго мару свайго жыцця. І абавязкова напалову адкрыць веранду, каб можна было сядзець там з кубачкам гарбаты і любавацца прыродай. Ужо пачалі рабіць і пляцоўку для дзяцей. Усталявалі арэлі, зрабілі пясочніцу. Хутка там з’явіцца і каркасны басейн. Яго і шмат іншых карысных і патрэбных у гаспадарцы рэчаў яны атрымалі ў падарунак як пераможцы конкурсу «Уладар сяла».
Моцныя традыцыямі
Сучасныя дзеці з дзяцінства знаёмыя са смартфонамі і планшэтамі, для некаторых яны наогул першыя асэнсаваныя цацкі. У сям’і Сікорскіх падыходы да выхавання дзяцей іншыя. Яўген, якому хутка споўніцца тры гады, мульцікі глядзіць не на смартфоне, а на вялікім экране тэлевізара.
А яшчэ ён любіць слухаць казкі, а потым іх расказваць. Таго ж «Айбаліта» на памяць дэкламуе. Бацькі спадзяюцца, што з Яўгена атрымаецца добры спецыяліст для АПК. Як Ілья, які па мэтавым дагаворы ад мясцовай гаспадаркі вучыўся ў БДСГА. Сын яшчэ малы, але ўжо праяўляе інтарэс да камбайнаў. І гатовы гадзінамі катацца з дзедам на трактары.
Сямігадовая Стася любіць маляваць, ходзіць у дзіцячую мастацкую школу — у Новых Саматэвічах працуе філіял раённай установы.

А яшчэ дзяўчынка захапляецца харэаграфіяй і марыць пра... бокс. Маўляў, каб умець за сябе пастаяць.
— Мы выхоўваем у дзецях любоў да вясковага жыцця, паказваем яго перавагі, — кажа Аляксандра. — На жаль, сённяшняя моладзь імкнецца з’ехаць у горад. Не факт, што там жывецца прасцей, бо пакуль ты сам сябе не пакажаш, ніхто табой не зацікавіцца. Усё залежыць, як мне падаецца, ад чалавека, а не ад месца. Гарады ўжо і так перапоўненыя, там менш шанцаў самарэалізавацца. На сяле зрабіць гэта прасцей. Тым больш цяпер, калі ёсць такая добрая дзяржаўная падтрымка. Калі хочаш займацца бізнесам на сяле, табе яшчэ і з фінансамі дапамогуць. Галоўнае — не ленавацца, а спрабаваць. Усё ў тваіх руках.
Нэлі ЗІГУЛЯ
г. Касцюковічы
Фота БелТА
і з архіва сям’і СІКОРСКІХ