«Каля мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай моляцца аб вылячэнні і суцяшэнні, з любоўю ў сэрцы дзякуюць за дапамогу, — сказана ў віншаванні. — На беларускай зямлі свята берагуць важную частку самабытнай культуры, звязанай з працай праваслаўнай падзвіжніцы. Завяршыўшы работы па рэстаўрацыі манастыра і аднавіўшы яго спрадвечную прыгажосць, мы зрабілі бясцэнны ўнёсак у захаванне гістарычнай спадчыны. Няхай пад перазвон вера ў Бога ўмацоўвае адзінства беларускага народа і прымнажае дасягненні краіны».
Менавіта пад патранатам Аляксандра Лукашэнкі выдзяляліся сродкі на рэканструкцыю ўнікальных фрэсак работы візантыйскіх майстроў, выкананых па заказе Ефрасінні Полацкай у пабудаваным ёй у XІІ стагоддзі храме Праабражэння Гасподня. З яго адкрыццём пасля рэстаўрацыі ў студзені гэтага года старажытныя фрэскі могуць разглядаць наведвальнікі.
Да віншаванняў далучылася Cтаршыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава: «Дзевяць стагоддзяў таму нябесная заступніца Беларусі, імкнучыся да духоўнай дасканаласці, удыхнула ззянне веры ў Полацкую абіцель. З таго часу лёс нашай зямлі, які знаходзіцца пад аховай прападобнай Ефрасінні, непарыўна звязаны са Спаса-Ефрасіннеўскім манастыром — бясцэннай святыняй нашай благаслаўлёнай Айчыны».
У дзень памяці Святой Ефрасінні, 5 чэрвеня, усе шляхі вернікаў вялі ў Полацк. Менавіта ў гэты дзень, раз на год праходзяць святочныя набажэнствы ў Сафійскім саборы. Адтуль хрэсны ход, у якім узялі ўдзел тысячы праваслаўных, рушыў у Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.



За многія стагоддзі ён перажыў як гады росквіту, так і цяжкія часы. Але малітвамі сваёй заснавальніцы і яе паслядоўнікаў застаецца аплотам веры, скарбніцай хрысціянскіх каштоўнасцяў. Галоўныя святыні абіцелі — мошчы і вярыгі матухны Ефрасінні, яе знакаміты крыж. 140 манашак штодня моляцца тут аб згодзе і спагадзе на беларускай зямлі. Толькі летась манастыр наведалі больш за 45 тысяч паломнікаў.
Боскую літургію ў Крыжаўзвіжанскай царкве ўзначаліў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Першасвяціцельскі візіт якога ў Беларусь прымеркаваны да 900-годдзя Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Набажэнства прайшло надзвычай узнёсла, урачыста, вернікі аб’ядналіся ў гарачай малітве за мір, спакой і адзінства.
Праграма Першасвяціцельскага візіту ў Беларусь Прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы была насычанай, але ў ёй вылучаўся адзін пункт, быццам бы не звязаны непасрэдна з царкоўным жыццём, разам з тым ён падкрэсліў духоўны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл напярэдадні ўрачыстасцяў, якія прайшлі 5 чэрвеня ў Полацку, усклаў вянок да манумента на плошчы Перамогі ў Мінску.


З асаблівым пачуццём і ўрачыстымі прывітаннямі ў той жа дзень яго чакалі вернікі каля Свята-Духава кафедральнага сабора сталіцы, дзе ў гонар дня памяці прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, адслужылі ютрань Усяночнага няспання. Вітаючы Свяцейшага Патрыярха Кірыла, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, паднёс яму ў падарунак абраз Жыровіцкай Божай Маці, выкананы ў камені сучаснымі майстрамі (сёлета адзначылі 555 гадоў яго з’яўлення). Яшчэ адзін падарунак — факсімільнае выданне Лаўрышаўскага Евангелля XІІІ стагоддзя. Патрыярх паднёс падарунак ад сябе — дарагі для яго абраз «Неўская Скорапаслушніца», да якога звяртаўся ў малітве ў цяжкія моманты жыцця.
У Першасвяціцельскім слове ён адзначыў, што прыязджае ў Беларусь з асаблівым пачуццём: гэта заходні фарпост праваслаўя, але ў людзях, якія тут жывуць, шмат сілы духу і веры. «Я ведаю, што ў Беларусі ёсць цудоўныя ўмовы для царкоўнага жыцця, — падкрэсліў Патрыярх. — Але давайце памятаць: усё тое, што напаўняе радасцю, з’яўляецца Божым дарам, які даецца нам па нашых справах, па нашай веры, па нашай вернасці Госпаду. І, можа, невыпадкова пасля дзесяцігоддзяў ганенняў надышоў дзіўны час для таго, каб спакойна хадзіць у храм, маліцца і адчуваць сябе праваслаўным хрысціянінам. Не павінна быць у нас прывыкання да добрага. Заўсёды павінна быць імкненне да Госпада і неабходна рабіць добрыя справы. Тады наступныя пакаленні вырастуць праваслаўнымі, якія захоўваюць традыцыі, што прывялі ў гэта зямное жыццё, сфарміравалі вялікіх Божых угоднікаў, якія, нібы зоркі, упрыгожваюць неба нашага духоўнага жыцця».

Святлана ЯКАЎЛЕВА, Ларыса ЦІМОШЫК