Top.Mail.Ru

Патрэбен дыялог, а не канфрантацыя

Аб чым гаварылі на канферэнцыі па еўразійскай бяспецы яе ўдзельнікі



Сваім бачаннем на вырашэнне выклікаў і пагроз для забеспячэння бяспекі падзяліліся вышэйшыя службовыя асобы розных краін. У іх розныя меркаванні, разнастайныя прапановы, але аднолькавыя мэты. Паколькі галоўнай каштоўнасцю для ўсіх, нягледзячы на геаграфічнае знаходжанне, застаецца мірнае жыццё. 

Петэр Сіярта: «Санкцыі нанеслі больш страт самому Еўрасаюзу»

Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта з трыбуны Мінскай канферэнцыі канстатаваў, што глабальная бяспека знаходзіцца ў найгоршым стане з моманту завяршэння халоднай вайны, ды і з моманту завяршэння Другой сусветнай вайны таксама. Паводле яго слоў, на Захадзе зрабілі выснову: неабходная ізаляцыя, неабходна пазбягаць дыялогу і цалкам спыніць камунікацыю, а таксама выкарыстоўваць ваенныя «рашэнні». «А наш адказ абсалютна іншы. Мы верым, што бягучая сітуацыя — гэта прычына, якая павінна паслужыць штуршком да аднаўлення больш актыўнага дыялогу. Дыялог павінен быць больш блізкі, чым калі-небудзь. І мы павінны спадзявацца і дамаўляцца ў імя міру», — упэўнены Петэр Сіярта. Тым больш што, канстатаваў еўрапейскі палітык, санкцыі нанеслі больш страт і шкоды самому Еўрасаюзу, эканомікі ўсіх краін пагаршаюцца. У сэрцы еўрапейскага кантынента назіраюцца пастаянныя праблемы.

«Мы хочам, каб Беларусь была моцнай. Мы павінны зрабіць Еўрасаюз моцным зноў. Але каб Еўрасаюз мог стаць зноў моцным, павінны прыняць змены. Па-першае, мы павінны памяняць ваенную рыторыку на мірную рыторыку. І намаганні Трампа для дасягнення міру павінны стаць паспяховымі. Па-другое, Еўрасаюзу варта вярнуцца да рацыянальнасці. Важнае змяненне — павінны вярнуцца да Еўразійскага дыялогу — ён найважнейшая апора наогул дыялогу ў свеце», — заклікаў Петэр Сіярта. Ён запэўніў, што ўрад Венгрыі будзе прасоўваць ідэю еўразійскага дыялогу. 

Сяргей Лаўроў: «Сёння ў Еўропе гучыць думка аб новай сістэме еўрапейскай бяспекі. Але без Беларусі і Расіі»

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у сваім выступленні зрабіў акцэнт на тым, што пашырэнне НАТА не спыняецца ні на хвіліну насуперак дадзеным яшчэ савецкім кіраўнікам запэўненням не прасоўвацца ні на мілю на ўсход. «Гэта робіцца насуперак узятым у рамках арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе на вышэйшым узроўні абавязацельствам не ўмацоўваць сваю бяспеку за чужы кошт і не імкнуцца да рэгіянальнага і глабальнага дамінавання. Спланаваны і справакаваны канфлікт ва Украіне прывёў да канчатковага краху еўра-атлантычнай мадэлі бяспекі, якая абапіралася на НАТА, АБСЕ. Ды і Еўрапейскі Саюз апошнія гадоў, напэўна, восем ужо ператварыўся ў еўра-атлантычны кампанент гэтай звязкі», — сказаў Сяргей Лаўроў. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння ў Еўропе гучыць меркаванне, што трэба задумацца аб новай сістэме еўрапейскай бяспекі. Але да гэтага дадаецца, што новая сістэма не павінна прадугледжваць удзелу Беларусі і Расіі. «Чаго толькі вартая ініцыятыва прэзідэнта Францыі аб так званай еўрапейскай палітычнай супольнасці, куды свядома адмовіліся запрасіць Расію і Беларусь, тым самым збудаваўшы нешта накшталт еўрапейскай часткі АБСЕ. Зразумела, што яны не хаваюць тую падрыхтоўку, якую яны вядуць на захад ад Саюзнай дзяржавы, да новай вялікай еўрапейскай вайны і ажыццяўляюць кааліцыйнае будаўніцтва з гэтай мэтай», — падкрэсліў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Сяргей Лаўроў звярнуў увагу на тое, што сёння набірае абароты мілітарызацыя краін Еўропы, нарошчваецца фінансаванне ваенна-прамысловага комплексу, праводзяцца маштабныя вучэнні, удасканальваецца лагістыка для перакідання войскаў на Усходні фронт з задзейнічаннем і інфраструктуры тых краін, якія не ўваходзяць у Паўночнаатлантычны альянс.

Ён таксама дадаў, што менавіта еўрапейскія члены НАТА зацягваюць узброены канфлікт ва Украіне, напампоўваючы краіну зброяй, аказваючы фінансавую і палітычную падтрымку. «Кіраўніцтва большасці еўрапейскіх краін усімі сіламі пераконвае адміністрацыю ЗША адмовіцца ад ідэі ўрэгулявання ва Украіне шляхам ліквідацыі першапрычын канфлікту за сталом перагавораў. Спадзяёмся, што прэзідэнт Трамп па-ранейшаму шчыра імкнецца да вырашэння ўкраінскага крызісу і захавае прыхільнасць да тых прынцыпаў, якія былі выпрацаваны на саміце ў Анкарыджы, прычым выпрацаваны на аснове амерыканскіх прапаноў», — дадаў Сяргей Лаўроў.

Чхвэ Сон Хі: «Ніводная нацыя не згодная з ціскам і дамінаваннем адной краіны над іншымі»

Упершыню ў Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ўдзельнічала прадстаўніцтва Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі. Міністр замежных спраў КНДР Чхвэ Сон Хі заявіла, што яе краіна разглядае канферэнцыю як важны палітычны форум краін, што імкнуцца да незалежнасці і міру. «У заходняй частцы Еўразіі мы назіраем палітыку НАТА, накіраваную на стрымліванне Расіі, а супрацоўніцтва ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі ўзмацняе напружанасць. Бяспека ў свеце сёння пахіснулася шмат у чым з-за дзеянняў ЗША. Сітуацыя на Карэйскім паўвостраве і ў Паўночна-Усходняй Азіі застаецца нестабільнай. Мы бачым розныя ваенныя вучэнні і дзеянні, накіраваныя супраць КНДР, уключаючы сцэнарыі магчымага прымянення ядзернай зброі. Цяпер мы адчуваем пагрозу ядзернага канфлікту і пагрозу бяспецы нашага паўвострава. Ніводная нацыя не згодная з ціскам і дамінаваннем адной краіны над іншымі», — заявіла яна ў сваім выступленні. 

Чхвэ Сон Хі падкрэсліла, што Урад КНДР імкнецца падтрымліваць дружалюбныя адносіны з усімі краінамі ў імя справядлівасці і незалежнасці і гатовы ўносіць свой уклад у пабудову шматпалярнага свету. 

Сунь Ліньцзян: «Кітай — за ліквідацыю прычын крызісаў праз дыялог»

Спецыяльны пасланнік урада Кітая па справах Еўразіі Сунь Ліньцзян запэўніў, што Кітай выступае за дасягненне міру шляхам дыялогу. «Кітай і далей будзе падтрымліваць бакі ў ліквідацыі прычын крызісаў праз дыялог і кансультацыі, а таксама стварэнне збалансаванай, устойлівай структуры бяспекі», — адзначыў ён. 

Сунь Ліньцзян падкрэсліў: «Вобразна кажучы, сістэма глабальнага кіравання цяпер знаходзіцца ў такім стане, як веславанне супраць цячэння. Старшыня КНР Сі Цзіньпін агучыў на саміце ШАС у Цяньцзіні ініцыятыву глабальнага кіравання. Гэтая ініцыятыва грунтуецца на абароне мэт і прынцыпаў Статута ААН і практычнай рэалізацыі канцэпцыі сумесных кансультацый, будаўніцтва і выкарыстання».

Імангалі Тасмагамбетаў: «Вядзецца работа над пралангацыяй дзеючай стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ»

Генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетаў расказаў, што па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзіцца работа над пралангацыяй дзеючай стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, якая была прынята на перыяд да 2025 года. «Яе сутнасць — захаваўшы найбольш важныя палажэнні дзеючага дакумента, прывесці яго змест у адпаведнасць з патрэбай эфектыўнага рэагавання на найноўшыя выклікі і пагрозы ў сферы калектыўнай бяспекі дзяржаў — членаў арганізацыі», — удакладніў ён. У гэтым кантэксце плануецца працягнуць нарошчванне баявога патэнцыялу войскаў Калектыўных сіл АДКБ, у тым ліку шляхам іх аснашчэння сучаснымі сістэмамі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і інш. Прадугледжана ўдасканаленне праграм падрыхтоўкі ваенных кадраў для Узброеных сіл дзяржаў — членаў АДКБ з улікам сучасных дасягненняў ваеннай навукі, тэхнікі і перадавога вопыту. Генеральны сакратар АДКБ падкрэсліў: у арганізацыі, якую ён узначальвае, станоўчы паслужны спіс. У зоне адказнасці, гэта значыць у межах дзяржаў — членаў АДКБ, за больш чым 30 гадоў існавання Дагавора аб калектыўнай бяспецы ўдаецца прадухіляць або істотна змякчаць крызісныя сітуацыі. Зразумела, прыярытэт, як і раней, аддаецца прэвентыўным палітыка-дыпламатычным метадам урэгулявання міждзяржаўных супярэчнасцяў. Адначасова працягваецца ўдасканаленне сістэмы крызіснага рэагавання АДКБ. 

Нурлан Ермекбаеў: «Непарушным для ШАС застаецца шматбаковы падыход»

Генеральны сакратар ШАС Нурлан Ермекбаеў нагадаў, што ШАС нязменна выступае за павагу права народаў на самастойны, дэмакратычны выбар шляхоў палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, прытрымліваецца лініі, якая выключае канфрантацыю, выступае за супрацоўніцтва, а не супраць якіх-небудзь дзяржаў і міжнародных арганізацый. «Непарушным для ШАС застаецца шматбаковы падыход, заснаваны на агульнапрызнаных нормах і прынцыпах міжнароднага права пры каардынуючай ролі ААН. Прасоўваючы філасофію сумеснага стварэння, узаемавыгаднай кааперацыі, пазаблокавасці, ненапраўленасці супраць іншых дзяржаў і міжнародных аб’яднанняў, арганізацыя ўносіць свой уклад у будаўніцтва міжнародных адносін новага тыпу», — падкрэсліў генеральны сакратар ШАС.

Нурлан Ермекбаеў падкрэсліў, што ШАС стала важнай пляцоўкай для вылучэння і прасоўвання розных ініцыятыў і прапаноў. Напрыклад, па ініцыятыве Беларусі і Расіі дзяржавы-члены разглядаюць канцэптуальную ідэю аб распрацоўцы Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці, якая можа стаць асновай для фарміравання архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі на ўсім кантыненце. «Упэўнены, што ШАС як частка сеткі партнёрскіх арганізацый, якая паступова складваецца на прасторы Еўразіі, можа паслужыць трывалай апорай для фарміравання шматпалярнага светапарадку, а таксама стварэння эфектыўнай глабальнай і рэгіянальнай сістэмы бяспекі», — падкрэсліў Нурлан Ермекбаеў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю