«Камуналка» без праблем
Сярод прыярытэтаў зацверджанай дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2026–2030 гады — павышэнне добраўпарадкаванасці тэрыторый, надзейнасці жыллёвага фонду, ліквідацыя непрыдатнага жылля, развіццё водазабеспячэння і водаадвядзення. Наколькі больш камфортным стала асяроддзе для нашага жыцця за папярэднія пяць гадоў і дзякуючы чаму стала менш скаргаў ад грамадзян, а таксама як разлічваецца аплата камунальных паслуг і ў якіх выпадках прымяняецца эканамічна абгрунтаваны тарыф, расказалі спецыялісты Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Пазітыўныя змены
Зацверджана новая дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2026–2030 гады, заснаваная на праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады, Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця і праграме дзейнасці ўрада Беларусі. У дзяржпраграме забяспечана пераемнасць мэт і кірункаў з праграмы 2021–2025 гадоў.
Ключавыя інструменты рэалізацыі палітыкі ў ЖКГ — гэта стварэнне бяспечнага і камфортнага асяроддзя для жыцця, павышэнне якасці паслуг і рэалізацыя стандартаў якасці жыцця.
— Патрэбнасць у камфорце расце, і ўсе мерапрыемствы апошніх гадоў накіраваны на рост якасці жыцця насельніцтва. Па праграме 2021–2025 гадоў дасягнуты пазітыўныя змены: рамонт вулічна-дарожнай сеткі, тым больш што работа вялася ў рамках Года добраўпарадкавання, рамонт дахаў і вуліц у аграгарадках, капітальны рамонт, павышэнне забяспечанасці цэнтралізаваным водазабеспячэннем і водаадвядзеннем, а таксама 100-працэнтная забяспечанасць спажыўцоў якаснай пітной вадой па падпраграме «Чыстая вада». У выніку павышана эфектыўнасць галіны, стрыманы рост тарыфаў. Ёсць апраўданыя нараканні грамадзян па некаторых пытаннях, але работа вядзецца, у тым ліку па праграме «Чыстая вада»: пабудавана больш за тысячу станцый абезжалезвання, штогод замяняецца не менш як 3 % звыш нарматыўных сетак. Акрамя таго, удасканальваюцца механізмы капрамонту, рэнавацыі і рэканструкцыі для фондаў, дзе капрамонт немэтазгодны, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея СЯЎРУК.
Работа з насельніцтвам палепшана праз службу 115, якая таксама ўдасканальваецца. Яна падключана да аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарызацыі для хуткага рэагавання на заяўкі. У выніку па многіх кірунках знізілася колькасць зваротаў грамадзян. У прыватнасці, зніжана колькасць прэтэнзій па ямах, выступах на праезнай частцы, тратуарах, якасці халоднай вады і працёках дахавага пакрыцця.
Новая дзяржпраграма на 2026–2030 гады ўключае падпраграмы па добраўпарадкаванні, рамонце жылля, скарачэнні неліквіднага арэнднага жылля праз знос і падпраграму «Чыстая вада». Прыярытэты — павышэнне добраўпарадкаванасці тэрыторый, надзейнасці жыллёвага фонду, ліквідацыя непрыдатнага жылля, развіццё водазабеспячэння і водаадвядзення.
Як разлічваюць «жыроўку»?
Парадак разлікаў, пераразлікаў аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, вызначаны ўрадам, з’яўляецца адзіным у дачыненні да ўсіх плацельшчыкаў жыллёва-камунальных паслуг як прыватнага, так і дзяржаўнага жыллёвага фонду. Парадак разлікаў рэгулюе пастанова ўрада № 465, прынятая ў жніўні 2025 года. У ёй захаваны ўсе падыходы, што былі і раней. За якія паслугі і як мы плацім, расказала намеснік начальніка ўпраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анастасія МАЛІНОЎСКАЯ.
Калі казаць пра налічэнне платы, то штомесячнае ўведамленне, якое атрымліваем не пазней за 15-е чысло, мы павінны аплачваць не пазней за 25-е. Сёння гэта фактычна спажытыя намі паслугі, памножаныя на тарыф, які прымяняецца. Тарыфы бываюць двух відаў: субсідзіраваныя і эканамічна абгрунтаваныя. Як вядома, прадугледжана паступовае абмежаванае павышэнне тарыфаў, але яны не павышаюцца больш, чым два разы на год. Як правіла, гэта адбываецца 1 студзеня і 1 чэрвеня.
Тарыфы прымяняюцца, зыходзячы з умоў, якія прадугледжаны ў дачыненні да канкрэтнага жылога памяшкання і плацельшчыка. У адносінах да кожнага жылога памяшкання аказваецца некаторы пералік асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Мы аплачваем іх, зыходзячы з аб’ёму спажывання, плошчы жылога памяшкання. Гэта капітальны рамонт, бягучы рамонт, тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, ліфта, цеплазабеспячэнне. Шэраг паслуг залежыць непасрэдна ад іх фактычнага спажывання. Гэта паслугі, якія датычацца вода-, газа-, электразабеспячэння.
Што датычыцца тарыфаў, то сёння дзяржаўная падтрымка ў выглядзе субсідзіравання жыллёва-камунальных паслуг аказваецца зарэгістраваным па месцы жыхарства грамадзянам у адносінах таго памяшкання, дзе яны жывуць. Такім чынам, такі тарыф прымяняецца ў дачыненні да жылых памяшканняў пры наяўнасці зарэгістраваных у іх грамадзян. Калі жылое памяшканне з’яўляецца пустым, гэта значыць там ніхто не зарэгістраваны, прымяняецца тарыф, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Такі ж тарыф прымяняецца, калі жылое памяшканне з’яўляецца месцам рэгістрацыі прыватнага унітарнага прадпрыемства. Альбо ў выпадку, калі гэтае жылое памяшканне належыць грамадзяніну, не занятаму ў эканоміцы.
Таксама ёсць шэраг спецыфічных асаблівасцяў, звязаных з налічэннем платы за тэхнічнае абслугоўванне ліфта. Яна налічваецца, зыходзячы з канструктыўных асаблівасцяў жылога дома, напрыклад, размяшчэння прыпыначнай пляцоўкі ліфта. Гэтак жа аплачваецца ўборка пад’езда, якая сёння выконваецца ў выпадку, калі грамадзянамі прынята такое рашэнне. Аплата налічваецца, зыходзячы з фактычных выдаткаў, але не вышэй за гранічна дапушчальны тарыф на дадзеную паслугу. Пры гэтым грамадзяне маюць права адмовіцца ад аказання паслугі і самастойна ажыццяўляць уборку.
Пастанова № 465 вызначае і падыходы па пераразліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Яны датычацца шэрагу камунальных паслуг, спажыванне якіх ажыццяўляецца без прыбораў уліку. У выпадку, калі грамадзянін з’язджае з пастаяннага месца жыхарства, дзе ён зарэгістраваны, на перыяд больш за 10 сутак, з пацвярджальнымі дакументамі пасля вяртання ён можа звярнуцца ў адпаведную арганізацыю і аформіць пераразлік платы.
Сёння ў краіне дзейнічае дзяржаўная падтрымка па аплаце жыллёва-камунальных паслуг у выглядзе льгот, якія прадастаўляюцца пэўным катэгорыям грамадзян, а таксама безнаяўных жыллёвых субсідый на аплату часткі жыллёва-камунальных паслуг. Такая субсідыя прадастаўляецца ў памеры розніцы паміж нарматыўным налічэннем жыллёва-камунальных паслуг па наяўным жылым памяшканні і працэнтам сукупнага даходу сям’і на іх аплату (20% у горадзе, 15% у сельскім населеным пункце). Гэтая розніца прадстаўляецца ў выглядзе безнаяўнай жыллёвай субсідыі ў якасці дапамогі жыхарам.
Алена КРАВЕЦ