Унікальны творчы праект «Патэтычны дзённік памяці» паказалі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі напярэдадні Дня Перамогі. Аб гэтым паведамляе БелТА.
«Патэтычны дзённік памяці» — тэатральны паказ у сінтэтычным жанры з рысамі оперы, араторыі, сімфоніі, балета, пластычнай драмы, містэрыі, мультымедыйнага светлавога шоу. Пастаноўка створана ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на аснове твораў беларускіх кампазітараў і дакументальных сведчанняў трагедыі і гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
«Гэты праект — нацыянальны культурны код. Сёння без гістарычнай памяці і без перадачы гэтай памяці наступным пакаленням мы не ўяўляем ніводнай хвіліны свайго існавання. Таму, калі ўзнікла пытанне аб стварэнні гэтага твора, у першую чаргу мы падумалі аб тым, што гэта павінна быць вельмі сур’ёзная кампазіцыя, якая стане своеасаблівым манументам памяці людзям, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну», — заўважыла рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Ганна Маторная.
На яе думку, мастацтва мае дзіўную здольнасць — гаварыць з гледачамі на глыбокім эмацыянальным узроўні, і «Патэтычны дзённік памяці» стаў мостам паміж мінулым і сучасным, паколькі на гэты праект ускладзена вельмі важная місія захавання гістарычнай памяці.
У праекце заняты ўсе калектывы тэатра: трупы оперы, балета, хору, мімансу, Дзіцячага музычнага тэатра-студыі — каля 300 чалавек. Менавіта за стварэнне гэтага спектакля калектыў Вялікага тэатра Беларусі ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. У 2025-м «Патэтычны дзённік памяці» быў прадстаўлены ва ўнікальных дэкарацыях Брэсцкай крэпасці, а таксама гледачам Вялікага тэатра Расіі (Новая сцэна, Масква).