Top.Mail.Ru

Пасяджэнне Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў прайшло на ААТ «Інтэграл»

Маладзёжны савет пры Палаце прадстаўнікоў быў створаны ў сакавіку 2025 года ў складзе 110 членаў, што адпавядае колькаснаму складу дэпутацкага корпуса. Сярод задач, ускладзеных на новы парламенцкі орган, — падтрымка грамадзянскай актыўнасці моладзі і трансляцыя інтарэсаў маладых грамадзян у заканадаўчым працэсе. Маладыя парламентарыі на «Інтэграле» азнаёміліся з асаблівасцямі вытворчага працэсу, а таксама з умовамі і сацыяльнымі гарантыямі.


Там, дзе чакаюць маладых

На прадпрыемстве зацікаўлены ў прытоку кваліфікаваных кадраў, для чаго толькі ў 2025 годзе са школамі і гімназіямі сталіцы заключана сем дагавораў аб супрацоўніцтве па пытаннях практыка-арыентаванага навучання навучэнцаў профільных класаў інжынернай накіраванасці. На вытворчасцях холдынга функцыянуе шэсць філіялаў кафедраў беларускіх ВНУ, наладжаны механізм падбору і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Штогод на прадпрыемстве праходзяць практыку не менш як 700 навучэнцаў і студэнтаў ВНУ. ААТ «Інтэграл» дае магчымасць рэалізавацца ў тым ліку і маладым людзям з інваліднасцю.


Удзельнікі мерапрыемства наведалі цэх філіяла «Завод зборкі інтэгральных мікрасхем і паўправадніковых прыбораў», галіновую лабараторыю новых тэхналогій і матэрыялаў, а таксама навучальны сектар навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «ІНТЭГРАЛ». Увазе гасцей была прадстаўлена прадукцыя прадпрыемства на выстаўцы электронна-кампанентнай базы, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння.

Праваднікі традыцый і ідэй беларускага парламентарызму 

Выступаючы на пасяджэнні Маладзёжнага савета, намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім ІПАТАЎ падкрэсліў, што ў тым ліку для моладзі настаў час канкрэтных спраў. «Маладзёжны савет практычна год працуе, і, вядома ж, гэта структура павінна займацца канкрэтнымі справамі, — канстатаваў ён. — І менавіта на такіх пляцоўках вывучаць, як трэба працаваць. Гэта яскравы прыклад рэалізацыі палітыкі, з якой прыйшоў наш малады Прэзідэнт і пачаў аднаўляць, ствараць і будаваць будучыню сучаснай Беларусі».

Вадзім Іпатаў падкрэсліў, што моладзь змагла пазнаёміцца і з гістарычнымі кадрамі, зробленымі на прадпрыемстве падчас першых наведванняў яго нашым лідарам. «Тут можна ў поўнай меры зразумець, як неабходна шанаваць і любіць сваю Радзіму, тое, што створана папярэднімі пакаленнямі, і рабіць гэта яшчэ лепш, прымнажаць», — падкрэсліў намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў.


У ходзе пасяджэння былі падведзены вынікі работы Маладзёжнага савета за мінулы год, вызначаны асноўныя кірункі дзейнасці ў 2026-м. Сярод іх — заканатворчасць, міжнародная міжпарламенцкая дзейнасць, праца з выбаршчыкамі, дзе актывісты таксама павінны прыносіць канкрэтную карысць.


Як звярнуў увагу Вадзім Іпатаў, галоўная задача, якую ставілі дэпутаты, ствараючы гэту маладзёжную структуру, — дапамагчы сарыентавацца актыўным маладым людзям у асаблівасцях заканадаўчай і грамадска-палітычнай дзейнасці.

«Сёння вельмі важна навучыць моладзь збалансаванай беларускай палітыцы, заснаванай на прынцыпах справядлівасці ва ўсім, — перакананы намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў. — Для іх гэта бясцэнны досвед, які павінен стаць добрым дадаткам да прафесійнай падрыхтоўкі, каб, калі прыйдзе час, вы змаглі ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны».

Віцэ-спікер падкрэсліў, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разлічваюць, што члены савета прадоўжаць аказваць падтрымку парламентарыям па лініі народнай дыпламатыі. Па яго словах, члены Маладзёжнага савета з’яўляюцца праваднікамі традыцый і ідэй беларускага парламентарызму ў асяроддзі моладзі.

«Гэта дзейнасць вельмі значная, бо яна дапамагае на зразумелай вашым аднагодкам мове пазнаёміць іх са спецыфікай беларускага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця, — растлумачыў Вадзім Іпатаў. — Асабліва важна займацца гэтай працай ва ўмовах вонкавага палітычнага ціску і пастаянных інфармацыйна-псіхалагічных нападаў, якім падвяргаецца наша грамадства».

Усе справы — на карысць людзей

У рамках пасяджэння адбылася цырымонія падпісання пагаднення паміж Маладзёжным саветам пры Палаце прадстаўнікоў і грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

«Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў мы змаглі наведаць такое важнае для рэальнага сектара эканомікі краіны прадпрыемства, — адзначыў намеснік старшыні камісіі па міжнародным супрацоўніцтве Маладзёжнага савета, сакратар першаснай арганізацыі БРСМ Міжнароднага ўніверсітэта „МІПСА“ Данііл ПАЛЯНСКІ. — Убачылі, як тут выбудавана работа з маладымі спецыялістамі. Практыку, якая рэалізавана на прадпрыемстве, мы, як Маладзёжны савет, павінны ўзяць на ўзбраенне. Сёння былі абмеркаваны нашы канкрэтныя справы, і гэта пасыл Прэзідэнта, агучаны на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу».

Па словах Данііла Палянскага, канкрэтныя справы ў першую чаргу павінны быць накіраваны на дапамогу людзям. «Мы бачым, як працуюць дэпутаты ў акругах, як яны рэагуюць на ініцыятывы, чуюць людзей, — прывёў прыклад ён. — І мы стараемся быць побач, вучачыся і аказваючы садзейнічанне пры настаўніцтве нашых дэпутатаў».


Найважнейшай ініцыятывай, агучанай членамі Маладзёжнага савета на пасяджэнні, стала прапанова правесці сёлета рэспубліканскі злёт працоўнай моладзі. Пры гэтым кожная з 8 камісій Маладзёжнага савета рэалізуе свае ініцыятывы і праекты, сярод якіх «Выратуй жыццё», «Мясцовае кіраванне і самакіраванне», «Дзень парламенцкай асветы» і іншыя. Камісія па інфармацыйнай палітыцы ў 2025 годзе займалася «фарміраваннем твару» Маладзёжнага савета, у тым ліку дзякуючы створанаму тэлеграм-каналу.

Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю