У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі ўрадаў пяці дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета — завяршальнае ў бягучым годзе. Традыцыйна былі разгледжаны найбольш важныя пытанні, перш за ўсё звераны гадзіннікі па ходзе выканання зацверджанай кіраўнікамі дзяржаў — удзельніц ЕАЭС дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях».
Пяройдзены важны рубікон развіцця
У Еўразійскім эканамічным саюзе створаны трывалы інтэграцыйны фундамент для пераходу да новага этапу супрацоўніцтва «пяцёркі», заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі. «Гэты год стаў фінальным для рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, выкананне якіх дало магчымасць стварыць трывалы інтэграцыйны фундамент для пераходу да новага этапу еўразійскага супрацоўніцтва, заснаванага на прынцыпах дэкларацыі „Еўразійскі эканамічны шлях“. Лічу гэта важным рубіконам развіцця еўразійскай інтэграцыі, які дазваляе нам з упэўненасцю глядзець у бліжэйшую будучыню Еўразійскага эканамічнага саюза», — сказаў Аляксандр Турчын.
Беларусь у 2025 годзе старшынствавала ў органах ЕАЭС. «У цэнтры нашай увагі пастаянна знаходзілася тэматыка ўстаранення бар’ераў і скарачэнне выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. На пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі на працягу года разгледжана больш як 30 праблемных пытанняў, па пяці знойдзены рашэнні, па васьмі дзяржавамі-членамі вядзецца работа па прыняцці прававых актаў для ўстаранення. Разам з тым пытанні на гэтым трэку яшчэ далёка не зняты. Сістэмныя намаганні па забеспячэнні на еўразійскай прасторы чатырох свабод трэба прадоўжыць», — перакананы кіраўнік урада Беларусі.
Паводле яго слоў, краінам ЕАЭС удалося дасягнуць практычных вынікаў у частцы мытнага адміністравання пры імпарце падаткаёмістых тавараў у мэтах мінімізацыі фіскальных рызык і страт бюджэтаў дзяржаў — членаў саюза. «Дадатковае паступленне ў бюджэты краін у выніку гэтай работы складае каля 75 млн долараў па ўвазной мытнай пошліне і больш як 600 млн долараў па падатку на дабаўленую вартасць, — прывёў аргументы Аляксандр Турчын. — Лічу, што сістэмнае ўзаемадзеянне па уніфікацыі вартасных індыкатараў рызыкі адносна падаткаёмістых тавараў павінна быць прадоўжана». У пазітыўным плане ён таксама адзначыў кансультацыі па ўкараненні ўзаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу для мэт дзяржзакупак, прыняцце арганізацыйных мер для бесперашкоднай работы механізма прызнання банкаўскіх гарантый.
«Па больш як 100 таварных пазіцыях, у тым ліку такіх адчувальных, як медыцынскія вырабы і лекі, краіны дамовіліся аб умовах прызнання тавараў еўразійскімі для мэт дзяржзакупак. Сёлета Еўразійскі рэестр прамысловых тавараў павялічыўся на 50 працэнтаў да ўсяго перыяду свайго існавання з 2020 года і пачаў актыўна выкарыстоўвацца для мэт пацвярджэння краіны паходжання тавараў і для пошуку партнёраў для кааперацыі з ЕАЭС», — дадаў Прэм’ер-міністр.
Значны патэнцыял кааперацыі
Аляксандр Турчын канстатаваў стварэнне добрых перадумоў для фарміравання ўстойлівых кааперацыйных сувязяў у саюзе. «Абноўленае палажэнне аб міждзяржаўных праграмах змяшчае значны патэнцыял стымулявання прамысловага супрацоўніцтва на прасторы ЕАЭС. Еўразійская эканамічная камісія ў рамках прапрацоўкі беларускай ініцыятывы аб сумеснай праграме імпартазамяшчэння падрыхтавала цэлую серыю аглядаў па магчымай кааперацыі ў прамысловасці. Прывяду адну лічбу: пералік замежных вузлоў і агрэгатаў, якія выкарыстоўваюцца толькі расійскімі прадпрыемствамі, складае 6 тысяч пазіцый. А калі паглядзець у кожнай дзяржаве — гэта бязмежныя магчымасці нашага кааперацыйнага супрацоўніцтва», — звярнуў увагу Аляксандр Турчын.
«Разлічваем, што з больш высокай эфектыўнасцю ў наступным годзе пачне працаваць механізм фінансавага садзейнічання сумесным праектам у сферы АПК, за кошт чаго будзе паглыбляцца супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы і ў галіне развіцця агратэхналогій. Неабходна забяспечыць актыўную работу па фарміраванні нарматыўнай асновы, каб без затрымак перайсці да практычных крокаў на гэтым напрамку кааперацыйнага ўзаемадзеяння. Патрабуецца агульнае павышэнне дынамікі разгляду на пляцоўцы камісіі пытанняў гарантавання харчовай бяспекі ў ЕАЭС. Гэта тэма вельмі важная і адчувальная для эканомік усіх краін аб’яднання», — працягнуў Прэм’ер-міністр.
«Сур’ёзная ўвага ўдзелена абароне агульнага рынку ад небяспечнай прадукцыі. Прыняты шэраг важных дакументаў, якія ўтвараюць сістэму ўзаемадзеяння наглядных органаў, мытных органаў і органаў па акрэдытацыі. Неабходна наладзіць работу гэтай міжкраінавай сістэмы, каб барацьба з неабгрунтавана выдадзенымі дакументамі аб ацэнцы адпаведнасці была сапраўды эфектыўнай на рынку ўсяго ЕАЭС», — заклікаў Аляксандр Турчын.
Ёсць куды імкнуцца
Прэм’ер-міністр Беларусі таксама адзначыў праведзеную работу па фарміраванні агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. «Прыняты шэраг дакументаў, накіраваных на забеспячэнне свабоды аперацый з каштоўнымі паперамі, умацаванне гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, абарону правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў фінансавых паслуг. Цяпер галоўнае, каб усе зафіксаваныя дамоўленасці былі рэалізаваны ў поўнай меры. Кожны з гэтых дакументаў прымаўся з задзелам на будучыню і з разлікам на адчувальны эканамічны эфект. Працэс гарманізацыі ў фінансавай сферы неабходна ажыццяўляць на пастаяннай аснове, зыходзячы з дынамікі развіцця нацыянальных заканадаўстваў, міжнародных стандартаў і такой дадзенасці, як лічбавыя фінансавыя актывы, валюты і плацежныя сістэмы», — перакананы Прэм’ер-міністр.
На яго думку, значны рэзерв для пабудовы ўстойлівых эканамічных сувязей у рамках ЕАЭС ёсць на рынку паслуг. «У гэтым кантэксце хацеў бы звярнуць увагу на канцэпцыю развіцця турызму ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і важнасць развіцця сферы гасціннасці і фарміравання адпаведнай інфраструктуры. Гэта сфера эканомікі здольна ўнесці істотны ўклад у рост ВУП дзяржаў-членаў, у вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва, падтрымкі рамёстваў і захавання культурнага кода нашых народаў», — растлумачыў Аляксандр Турчын.
«Асаблівую ўвагу заслугоўвае наша прасоўванне на знешнім контуры. Падпісаны пагадненні аб эканамічным партнёрстве з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і часовае гандлёвае пагадненне з Манголіяй. З мая 2025 года запрацавала паўнафарматнае пагадненне аб свабодным гандлі з Іранам. У бліжэйшы час плануецца падпісанне яшчэ аднаго пагаднення аб свабодным гандлі — з Інданезіяй. Тры дзяржавы — М’янма, Нікарагуа і Венесуэла — падалі свае заяўкі на атрыманне статусу дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС», — сказаў Аляксандр Турчын.
«Цяпер перад саюзам стаіць задача па фарміраванню пераліку новых партнёраў ЕАЭС. Думаю, у гэтай рабоце трэба зрабіць акцэнт на дружалюбных краінах Азіі і Афрыкі, у рынках якіх зацікаўлены вытворцы нашых краін», — дадаў Прэм’ер-міністр Беларусі.
«Мною пералічаны ключавыя рашэнні, якія былі прыняты ў адыходзячым годзе. У той жа час у парадку дня еўразійскай інтэграцыі па-ранейшаму застаецца шэраг не менш важных задач, па якіх яшчэ трэба выйсці на ўзгодненае рашэнне», — акцэнтаваў Прэм’ер-міністр Беларусі.
«Завяршаецца год беларускага старшынства ў органах ЕАЭС. Яго вынікі агучыць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на снежаньскім пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага савета», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Турчын.
- У сваю чаргу яго расійскі калега Міхаіл Мішусцін адзначыў: «Год, які мінае, праводзім з годным папярэднім вынікам па ключавых паказчыках, такіх як валавы ўнутраны прадукт саюза, прамысловая вытворчасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, абарот рознічнага гандлю. Асобна адзначу істотны рост прадпрымальніцкай актыўнасці ў нашых краінах. Інвестыцыі ў асноўны капітал у цэлым па Еўразійскім эканамічным саюзе ў першым паўгоддзі прыбавілі звыш 6 працэнтаў. Мы падтрымліваем імкненне дзелавых колаў працаваць разам, перш за ўсё калі размова ідзе аб запуску высокатэхналагічных прадпрыемстваў».
Таксама расійскі прэм’ер, звяртаючыся да Аляксандра Турчына, падзякаваў беларускаму боку за актыўнае старшынство нашай краіны ў ЕАЭС у бягучым годзе. Актыўнае прасоўванне Беларуссю інтэграцыйнай павесткі ў год старшынства адзначылі таксама прэм’ер-міністры іншых краін еўразійскай «пяцёркі».
Паводле БелТА